top of page

                 БУРШТЫНАВЫЯ  ВАЛАСЫ

 

                                                                            «Так да свеціць свет ваш перад людзьмі,

                                                                             каб яны бачылі вашыя добрыя справы 

                                                                             і праслаўлялі Айца вашага Нябеснага.»

                                                                                                                          Матф 5:16

 

 

 

     Яўген Сідаравіч Аленёў даставаўся на працу на асабістым аўтамабілі. Папыхваючы дарагой цыгарэтай ён задаволена ўсміхаўся і нешта мармытаў сабе пад нос. Рухавік спраўна працаваў і машына паслухмяна набірала абароты. Кожную раніцу Яуген Сідаравіч сам абціраў і паліраваў яе пунсовыя бакі, і таму машына выглядала дагледжанай і ўтульнай. Аленёў любіў, каб яго акружалі дарагія прыгожыя рэчы. І жыў ён, як кажуць, на шырокую ногу.

  Па тым, як ён старанна прыгладжваў свае зухаўскія, умеру доўгія вусы, пазіраў у люстэрка, і пры гэтым не мог стрымаць усмешку, можна было зразумець, што Яуген Сідаравіч задаволены:

− Ну што, спадары прысяжныя, засяданне працягваецца, − голасна прамовіў вадзіла і працягваў напяваць.

Нейкая легкадумная сучасная песенька, пачутая за ранішнім чаем, прычапілася, бы тая назойлівая муха, і Яўген Сідаравіч ужо між волі паўтараў: «Ты адмовіла два разы, не хачу сказала ты… а я хлопец хоць куды».

   Дарога зрабіла яшчэ адзін паварот і аўтамашына, нібы цацка, абагнуўшы дугу, зноў спрытна паляцела наперад. Тыя  пятнаццаць кіламетраў, якія штодня прыходзілася пераадольваць дырэктару школы, каб дабрацца да сваіх апартаментаў ён ведаў як свае пяць пальцаў.

   Яўген Сідаравіч любіў сваю працу, школу, сабраную, як ён выказваўся, сваімі ўласнымі рукамі: па цагельцы, па достачцы, па каменьчыку. Тут усё было зроблена як мае быць: з густам і з размахам. Ні ў раёне, ні нават у вобласці не было такой шыкоўнай школы.

  Кожны працоўны дзень у дырэктара пачынаўся з турбот па школьнай гаспадарцы, і якія  толькі пытанні не прыходзілася вырашаць: фінансавыя, гаспадарчыя, выхаваўчыя, прыродаахоўныя і нават дэмаграфічныя. Праўда, поле дзеяння  Аленёва было занадта завужаным – усяго адна вясковая школа.  Напэўна, з яго энтузіязмам і напорам ён бы мог справіцца і з дзесяцьцю такімі ўстановамі навучання. Але сёння накірунак думак гаспадарлівага настаўніка быў зусім іншым. Ён увесь час мроіў аб маладой выкладчыцы − Святлане Віктараўне Маславай, якая тыдзень таму прыступіла да выканання сваіх працоўных абавязкаў.

   Спачатку ён прыпомніў, як яна прыйшла ўладкоўвацца на працу: пераступіла парог дырэктарскага кабінета і нібыта разгубілася. Ды і было чаго разгубіцца, кабінет быў увасабленнем усіх пыхлівых мар дырэктара: шпалеры, мэбля, дываны − усё было загранічнае, сучаснае, стыльнае. І сам Яўген Сідаравіч, як яму думалася, у сваім новым цёмна-зялёным касцюме выглядаў не менш шыкоўна. Нягледзячы на тое, што апошнім часам дырэктар пачаў паўнець і нават з’явіўся невялікі акруглены жывоцік, ён заставаўся ўсе такім жа маладцаватым, рухавым і абыходлівым. Нібыта кінастужку пракручваў ён у сваёй памяці, прыпамінаючы той першы момант сустрэчы зноў і зноў:

− Праходзьце, калі ласка, прысаджвайцеся, − і ягоны позірк міжволі спыняецца на зграбнай жаночай фігуры з вузкай таліяй і значнымі выпукласцямі грудзей.

− Я па накіраванню РайАНА, да вас на працу, − неяк няўпэўнена пачынае яна, і дадае, − настаўніцай пачатковых класаў.

 − Добра,  вельмі добра, − цяпер ён з непрыхаванай прыязнасцю ўзіраецца ў чысты адкрыты твар, на якім ружовай плямкай свецяцца па-дзіцячаму прыпухлыя вусны. «Прыгажуня», − думае дырэктар у гэты момант. А яна як быццам здагадваецца, аб чым ён блазнуе: вялікія шэрыя вочы маладой настаўніцы пыхліва ўспыхваюць, зрэнкі, шукаючы паратунку, таропка бегаюць з боку ў бок, жанчына губляецца і чырванее быццам школьніца.

   «Як гэта  важна, атрымаць псіхалагічную перамогу пры першым знаёмстве», − робіць выснову дырэктар.

Яўген Сідаравіч ужо даўно засвоіў, што чалавечая натура нічым не адрозніваецца ад жывёльнай.

− Калі я не ўкушу − мяне ўкусяць, − казаў сабе настаўнік.

 Адны людзі адразу ж здаюцца − на бяры мяне, еш і лапкі ўгору. Іншыя ж яшчэ пабрыкаюцца для парадку, не ведаючы законаў прыроды. А ўсё ў нашым жыці даўно прадвырашана і залежыць ад таго хто мацнейшы. Ізноў успаміны плывуць, нібыта птахі ў паднябессі:

− Ну як вам наша школа? − працягвае размову дырэктар і пры гэтым задаволена пацірае далоні.

− Школа падабаецца, нават вельмі, − празнаецца яна. – Па-праўдзе кажучы,  я і не марыла працаваць у такой школе. Вочы маладой настаўніцы свецяцца непадробным захапленнем. − І класы абсталяваны, і  спартыўныя залы, і пакоі для адпачынку − усё як мае быць, − кажучы гэта Святлана Віктараўна прывычным рухам папраўляе  прычоску.

    «Валасы, − прыпамінае дырэктар, − у Святланы Віктараўны  цудоўныя, колеру спелай пшаніцы валасы. Яна іх нічым не сколвае і не збірае ў пучок, а свабодна пускае па плячах. І калі на іх трапляюць сонечныя праменні, валасы зіхцяць і пераліваюцца каштоўным бурштынам». Аленёў ажно вочы прыплюшчыў, як быццам той бляск пранікаў і сюды, у салон аўтамабіля.

− Дурненькае дзіця, яна нават і не ведае, якім скарбам валодае, − з замілаваннем вымаўляе дыректар.

  Потым яму прыйшло на памяць, як учора ён выпадкова сустрэўся са Святланай Віктараўнай на школьным калідоры, і як яна адразу сарамліва апусціла вочы.

−  Не, я гэтага так не пакіну. − Яўген Сідаравіч яшчэ раз рашуча глянуў у люстэрка і прыгладзіў вусы.

     Святлана Віктараўна, альбо проста Светачка, нават і не здагадвалася, што стала аб’ектам назойлівых думак дырэктара школы. Увесь гэты час яна пырхала па школе, бы матылёк з аднаго пакоя ў другі, і ўсё ніяк не магла надзівіцца, ніяк не магла нацешыцца свайму працаўладкаванню.

   − Няўжо гэта мне так пашэнціла, няўжо гэта ўсё са мной адбываюцца, − казала яна ў захапленні. −  Дзіўная рэч наша жыццё.

  З дзяцінства яна марыла быць настаўніцай, і калі прыйшла пара выбіраць будучую прафесію,  Святлана не перамяніла сваіх поглядаў. Хоць і казалі  сяброўкі, што прэстыж настаўніцкай працы падае, што заробкі нікудышныя, што дзеці − неслухі, а матэрыльная база школ жадае быць лепшаю. Не, яна іх не слухала, яна жыла мараю.

Неўзабаве настане дзень, калі я пераступлю парог класнага пакоя і скажу: «Добры дзень, дзеці! Я ваша першая настаўніца, − і абавязкова запытаю. – Паважаныя вучні, хто з вас любіць падарожнічаць? А ці ведаеце вы, як называецца той будынак у які вы сёння прыйшлі на заняткі? – Школа! – адкажуць першакласнікі. − А давайце з вамі крышачку пафантазіруем і ўявім сабе, што школа − гэта такі вялізны карабель, і мы разам з вамі адпраўляемся ў забаўляльную вандроўку ў краіну ведаў. І чакаюць нас на гэтым шляху: астравы складанасцей, цячэнні незразумеласцей, буры невывучаных урокаў, рыфы ўстойлівых памылак… Але будуць сустракацца ў нашай вандроўцы і гавані добрых адзнак, і вяршыні поспехаў і цудоўныя пераутварэнні: калі з неразумных адзінокіх літарак будуць атрымлівацца сказы, вершы, апавяданні. Лічбы будуць строіцца ў рады, падраздяленні і арміі, каб прыйсці нам на дапамогу. Чакаюць нас у вандроўцы і пакуль невядомыя хімічныя і фізічныя з’явы.  Хто хоча адправіцца ў такое падарожжа? – Я, я, мы ўсе! − гуртам адкажуць вучні. − Тады я, як капітан карабля, набіраю каманду, а вы − матросы, павінны слухацца і выконваць мае загады...»

 Святлана Віктараўна была летуценніцай і, як сапраўдны капітан,  не пакідала сваёй мары выйсці ў адкрыты акіян ведаў. Ні ў інстытуце, ні на  педагагічнай практыцы яна не здрадзіла сваёй мэце. Вядома, многае перамянілася з таго часу, калі яна прынімала рашэнне прысвяціць сваё жыцце выхаванню дзяцей. Апалі ружовыя акуляры юнацкасці, апусціліся парусы дзіцячай няўрымслівасці і апантанасці. Але вецер у галаве маладой настаўніцы дуў у патрэбным накірунку і яна імкнулася трапіць у сваю летуценную краіну.

    І вось гэты дзень настаў. Яе накіравалі на працу: настауніцай пачатковых класаў у звычайную вясковую школу. Трэба сказаць, што даставалася яна са сталіцы да места прызначэння са значнымі цяжкасцямі: спачатку поездам, потым аўтобусам, астатнюю частку дарогі прыйшлося пераадольваць на папутках. Нават ненарокам падумала, што, магчыма, праўду казалі сяброўкі, калі не раілі лезці ў гэтую вясковую дзірку. Але ж якое было яе здзіўленне, калі машына прыпынілася ля прыгожага белакаменнага будынка, акружанага асфальтаванымі сцежачкамі, зграбнымі даглежанымі кветнікамі і спецыяльнымі пляцоўкамі  для  вывучэння  правіл дарожнага руху. Яна была настолькі ўражана, што нават перапытала ў  мясцовага шафёра, які яе падвозіў:

− Гэта школа?!

− Ды, школа гэта, школа. Не здзіўляйцеся, ў нас дырэктар ведаеце які, о-го-го. Пабачыце яшчэ, што за сценамі…

 І апасля, калі пераспупіла парог установы навучання,  яна ніяк не магла асвоіцца. Пазірала − і дзіву давалася. Сучасны, двухпавярховы будынак, з прасторным вестыбюлем, дарагімі крышталёвымі люстрамі, вялізнымі нават па гарадскіх мерках акварыўмамі − усюды чысціня і парадак. Адчуваецца рука клапатлівага гаспадара.  А калі трапіла да дырэктара ў кабінет, дык наогул разгубілася і адчула сябе ніякавата пад прамым, настойлівым поглядам незнаёмага мужчыны.

«Мне б хутчэй на працу, да дзяцей, сустрэць іхнія зацікаўленыя, гарэзлівыя позіркі, – думала яна штодня. − Якая разніца вялікая школа,  малая − дзеці ўсюды  аднолькавыя». Святлана ўяўляла, як заўтра − першага верасня, запоўняцца класы і школа напоўніцца  маладым  звонкім шматгалоссем.

 

 Лінейка.  Святлана Маслава ішла на працу ў добрым святочным настроі. Яна яшчэ загадзя  адпрасавала свой святочны цёмна-сіні касцюм, апранула пад яго белую шаўковую блузу і туфлі на невялічкім зручным абцасіку і цяпер выглядала сапрауднай настаўніцай. Была яна, як усе настаўнікі першага верасня, строгай і крышку ўсхваляванай.

Яшчэ здаля Святлана Віктараўна заўважыла, што ля параднага ўваходу  ўжо сабралася невялікая група навучэнцаў. Усе загарэлыя, з кірпатымі, пакрытымі дробным рабаціннем насамі, ў нязвычных белых кашулях і з незамыславатымі букетамі свойскіх кветак. Яны весела ўсміхаліся і дзяліліся ўражаннямі аб праведзеным адпачынку.

− А  ведаеце, як там  смачна кормяць? − распавядаў нейкі белабрысы хлапчук. − Спагецці са смятанай, спагецці з шампіньёнамі, спагецці па Міланскі…

− Слухай, вас што там, у Італіі, аднымі макаронамі кармілі? − смяяліся астатнія, з зайздрасцю паглядваючы на адметныя замежныя абноўкі ў адзенні хлапчука.

  Святлана Віктараўна таксама ўсміхнулася разам з усімі. Ёй было добра і радасна на душы.

 Як заўсёды крышачку нечакана прагучаў званок − усе на пастраенне. Вучні выцягнулія ў доўгі рознакаляровы шнурок ля будынка школы.

  − Ну што ж вы, Святлана Віктарауна, першакласнікаў не прымаеце, перапыніла яе завуч школы Яцук Станіслава Вацлаваўна. − Вось сюды, калі ласка, тут месца пастраення першага класа.

   − Адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем. А дзе ж астатнія? − здзіўлена запытвае маладая настаўніца.

  − А болей няма, усе тут.

− А як жа школа, класы, спортзалы... − і радасная ўсмешка чамусці пакідаеяе малады акрылены твар.

− І гэта ўсе вучні? – усе яшчэ не верыць Святлана Віктараўна. Тут нейкае непаразуменне, не можа быць, каб у ТАКОЙ школе было ўсяго сем першакласнікаў. Але аглядзеўшы астатнія, не надта шчыльныя рады вучняў, янаакунулася ў рэчаіснасць.

   Лінейка ўжо ішла поўным ходам, выступаў дырэктар, віншаваў са святам ведаў настаўнікаў і вучняў. Жадаў як заўсёды поспехаў у вучобе:

 − Каб у сценах гэтага будынка не было месца гультаям і двоечнікам! Наша задача выхоўваць падрастаючае пакаленне высокаадукаваных, усебакова развітых людзей з высокімі маральными прынцыпамі, якім жыць і працаваць у будучым тысячагоддзі, − дырэктар завяршыў сваё выступленне, пачуліся  рэдкія апладысменты, і ўсе пачалі разыходзіцца па класах.

    Святлана Віктараўна, рассадзіла свой небагаты набытак за парты і яшчэ нейкі час моўчкі разглядвала вучняў: «Звычайныя вясковы хлопчыкі і дзяўчынкі, святочна прыбраныя, занадта коратка падстрыжаныя і ўсхваляваныя.  А вочы ў іх і сапраўды свецяцца радасцю і захапленнем…», − падумала яна, потым, усміхнуўшыся і забыўшыся на загадзя падрыхтаваную рэч, проста сказала:

− Ну што, дзеці, будзем вучыцца?

 «Тры дзяўчынкі, чатыры хлопчыкі, −  разважала яна ідучы да хаты, − гэта не так ужо і мала. Вось у Кембрыджы  на кожнага студэнта − асабісты настаўнік, а чаму нашы дзеці павінны быць горшымі. Але гэтыя довады слаба яе суцяшалі. У сталічных школах, дзе бывае па сем, восем першых класаў, дзе заняткі праводзяцца ў дзве змены нават сантэхніка не вытрымлівае нагрузкі, не кажучы аб іншых выгодах. Хіба можна гаварыць аб Кембрыджы, калі ў краіне агульны заняпад устаноў адукацыі, калі зарплаты ў настаўнікаў нізкія, а пенсіі зусім нікудышныя. Калі акрамя хлеба і чаю некаторыя шматдзетныя сем’і не могуць дазволіць сабе нічога купіць. І адкуль узялася гэтая першакласная школьная ўстанова тут, дзе і дзяцей зусім няма, ды й не будзе ніколі. На вёсцы адны старыя, да райцэнтра не блізкі шлях. Я яшчэ здзіўляюся, адкуль тут гэтыя шасцігодкі ўзяліся».

 

 

   На наступны дзень Яўген Сідаравіч, як толькі пераступіў парог сваіх апартаментаў, скамандаваў:

           − Святлану Віктараўну да мяне ў кабінет.

 І як па ўзмаху чароўнай палачкі яна тут жа і з’явілася перад вачамі:

− Вызывалі?

    − Праходзьце, Святлана Віктараўна, прысаджвайцеся, раскажыце як уладкаваліся, як плануеце арганізоўваць выхаваўчы працэс? − пачаў гутарку дырэктар, як бы здаля.

− Уладкавалася я ў інтэрнаце, пакой не дрэнны, кухня агульная. Ну што яшчэ, − яна, як і ў першы свой візіт, не адчувала патрэбнай упэуненасці побач з гэтым чалавекам, але не пасаромелася і сказала тое, што думала:

− Усё добра, Яўген Сідаравіч, толькі аднаго не стае, вучняў у мяне мала.

− Ну, што ж зробіш, калі ніхто ражаць не хоча, − жартам адказаўгаспадар кабінета. − Я ўжо і так, і гэдак, кажу жанчынкі, любыя, дапамажыце − школа пусцее. Нават графік адыходу ў дэкрэтныя адпускі склаў. Вось вы, дарэчы, калі маеце намер завесці дзіця?

 Святлана Віктараўна ўражана паглядзела на яго не разумеючы жарт гэта, ці насамрэч тут так запраста ставяцца да рашэння гэтай праблемы:

 − Я, я не ведаю. Я не замужам, − паспрабавалая яна неяк выйсці з непрыемнага становішча. – Я не думала над гэтым пытаннем.

   − А дарма, вы падумайце і мне даложыце, у якім годзе планіраваць ваш дэкрэтны водпуск. Я люблю дысцыпліну і парадак у кожнай справе. Годзік-другі, а там глядзі..., − ён многазначна ўсміхнуўся і падышоў бліжэй, узяўся за поручы крэсла на якім сядзела наведвальніца. Вельмі ж ужо яму карцела хоць мімаходзь дакрануцца да гэтых прыгожых залацістых валасоў. Але ён разумеў, што яшчэ рана, яшчэ не настаў той пэўны момант, калі можна было б пайсці ў наступленне. «Але гэты момант абавазкова настане, − падумаў дырэктар, − і тады... » Праз хвіліну ён ужо справіўся з апанаваўшымі яго пачуццямі і працягваў:

  − Вы, Святлана Віктараўна, не саромейцеся, калі што не зразумела, альбо чаго-небудзь не стае звяртайцеся прама да мяне. На тое я і дырэктар, каб вырашаць усе школьныя пытанні. Мы павінны жыць як адна дружная сям`я.

   Святлана Віктараўна пайшла, а ён зноў і зноў  успамінаў яе ладную жаночую постаць і ажно крактаў ад задавальнення:

− Гэта ж трэба. Хоць ты бяры таму РайАНАўдзячнасць вынось за такую знаходку.

 

 

 Вярнуўшыся да сябе ў клас Светачка ўсё яшчэ не магла ўцяміць, зразумець, як гэта можна планаваць нараджальнасць такім чынам:

«І навошта я завяла размову на гэтую тэму, а калі ён  не жартуе? Дзіця. Вядома кожная жанчына марыць стаць маці, але ж дзіцяці патрэбен бацька. А сённячы такі час, што маладыя людзі як агню баяцца жаніцьбы. Не знайшлося  мне пары ў інстытуце, ці ж знойдзецца тут, у гэтай забытай богам вёсачцы».

   На перапынку яна вырашыла зайсці ў настаўніцкую, пазнаёміцца бліжэй з калегамі па працы. І зноў жа была прыемна ўражана  ўнутраным афармленнем пакоя: вэлюравыя канапы, дываны, відыёапаратура − усё гаварыла абнебедным існаванні.

 − А, Святлана Віктараўна, заходзьце, заходзьце, – прыветна запрасіла яе Станіслава Вацлаваўна − завуч школы. Была яна ўжо немаладая, занадта доўгая і худая кабета, валасы фарбавала ў светлы блонд, насіла акуляры  і заўсёды трымала ў руках такую сучасную рэч, як ручка-указка. З яе дапамогай жанчына магла запаўняць журнал, і ўказваць вучням на дошку, ці асабістыя памылкі. − Падзяліцеся сваімі першымі ўражаннямі, Святлана Віктараўна, − папрасіла Станіслава Вацлаваўна. – Вядома, у нас не Багамскія астравы, але тое-сёе маем  і на жыццё-быццё, так сказаць,  не жалімся.

− Дык я і хацела запытаць, адкуль ўсё гэта багацце? – кажучы гэта Святлана Віктараўна паказала рукой на абсталяванне настаўніцкай.

   − Багацце? Так павінна быць у кожнай школе, − нібыта жартуючы, нібыта не, з загадкавай усмешкай на твары прамовіла завуч. − А выдаткі ёсць канешне, не з неба ж усё гэта звалілася − дырэктар рупіцца. Адразу чарнобыльскія грошы ішлі, мы ж тут амаль усе перасяленцы: Нароўля, Брагін, Слаўгарад. Прыязджалі сем’ямі, будаваліся, каму дзяржава дапамагала, а хто і сам. Школу вядома ж за дзяржаўны кошт будавалі, але і мясцовыя ўлады шмат у чым дапамаглі. Праўленне калгаса, напрыклад, выдзеліла грошы на набыццё  абсталявання лінгафоннага кабінета, камп’ютэрны клас − таксама іх заслуга. Але я ўсё ж такі лічу, і гэта чыстая праўда, што школа мае такі прыглядны выгляд дзякуючы нашаму  Яугену Сідаравічу, − запэўніла завуч. − Яго нефармальны падыход да справы іграе тут галоўную ролю.

   − Але ж дяцей у школе амаль няма? − ужо не з той упэуненасцю і напорам, але з горыччу ў голасе, прамовіла Святлана Віктараўна. − А пройдзе яшчэ некаторы час, і класы  зусім апусцеюць.

   − На наш век хопіць, не хвалюйцеся. Яшчэ дякуйце богу, што дзяцей мала. Мне, напрыклад, як настауніцы, прасцей працаваць з невялікай аўдыторыяй. Трымаеш пад кантролем кожнага вучня, меней шуму, нервы на месцы. Адным словам, выключаюцца амаль усе адмоўныя моманты працы настаўніка. Не турбуйцеся, мілачка, ваша задача вучыць − дык вучыце, а колькі іх дваццаць, ці сем,  якая вам да гэтага справа.

   Светачка ўсёж лічыла інакш, і для яе было прынцыпова важна, колькі вучняў ў класе. Але паслухаўшы сталае меркаванне вопытнай выкладчыцы яна крышачку супакоілася: «Вядома ж, гэта грошы не крадзеныя, а законна выдзеленыя дзяржавай. Але калі паставіць пытанне па-другому: адкуль у дзяржаве грошы? А грошы ў бюджэце дзяржавы з нашых кішэняў, з тых падаткаў якія плацяць грамадзяне і арганізацыі − дзяржава акумулюе розныя віды падаткаў, пошлін, акцызы. Вось і атрымліваецца, што  кідаючы дзяржаўныя грошы на вецер мы, як быццам, рабуем саміх сябе.

«Вось была б у мяне чароўная палачка, − думала дзяўчына, загадала б я жаданне: каб перанеслася гэта цуда-школа ў які- небудзь вялікі горад. Каб запоўніліся гэтыя занадта прасторныя калідоры смехам і звонам, каб было шумна і мітусліва, як і павінна быць у сапраўднай дзейнічаючай установе адукацыі. Але такой  цуда-палачкі ў мяне, на жаль, няма і будзе будынак  школы стаяць на гэтым жа месцы, у глыбінцы Магілёўскай вобласці і радаваць ганарлівых начальнікаў ды членаў шматлікіх дэлегацый. Музейны экспанат ды і толькі. Гэта школа падобна на рэч,  якую набываюць не дзеля выкарыстання па назначэнню, а каб пусціць пыл у вочы.  Маўляў, глядзіце і зайздросце, што ў мяне ёсць. А выкарыстоўваць па прамому прызначэнню гэтую дарагую рэч зусім не абавязкова, не дай бог сапсуецца ненарокам». 

 

 Псіхолагі сцвярджаюць, што калі ў пакой заходзіць чалавек не зусім упэўнены ў сваёй чалавечай годнасці, дык на яго прысутнасць іншыя не зважаюць увагі. Ён як быццам зліваецца з мэбляю і робіцца непрыкметным, бы хамелеон. І наадварот, калі ў пакой заходзіць валявая, ўпэўненая ў сабе асоба, то ў той жа момант у памяшканні становіцца цесна. Як быццам гэты валявы чалавек выціскае і выгінае ў дугу саму прастору. Яўген Сідаравіч Аленёў быў менавіта такім валявым чалавека, прысутнасць якога не заўважыць было проста не магчыма. Дзе б ён не прысутнічаў: на паседжанні РайАНА, у райвыканкаме, альбо на абласной канферэнцыі, ён ніколі не губляўся. Заўсёды мог выказаць сваю думку, сваё меркаванне па любому пытанню. А калі справа датычылася грошай, дык умеў прывесці такія аргументы, намаляваць такія планы, што з лёгкасцю пераконваў усіх прысутных у тым, што, насамрэч, гэтаму чалавеку патрэбна фінансава падтрымка. Шматлікія праверкі, дэлегацыі, не палохалі дырэктара. Наадварот, ён асабіста браў на сябе ролю экскурсавода і праводзіў збянтэжаных наведвальнікаў па прасторных калідорах, па кабінетах, абсталяваных па паследняму слову тэхнікі. Спартыўныя залы, музыкальная студыя, сталоўка −  усё пад адным дахам. Затым  запрашаў наведвальнікаў да сябе ў кабінет на кубачак кавы. І калі госці былі «патрэбнымі людзьмі», у тым плане, што маглі паспрыяць грашыма, ці нейкім іншымі выгодамі, у такіх выпадках Яўген Сідаравіч пачынаў дзяліцца сваімі планамі на будучае:

   − Мяркую на наступны год стварэнне заалагічнага музея і дэндрапарка,  − казаў ён утрапёна, − я ўжо наладзіў сувязі з вучонымі БСГА. Дапамогуць і сажанцы набыць і саставіць план пасадкі. Ну, каб не здарылася так, што адно дрэва другога цярпець не можа, а мы іх побач уторкнем. Ва ўсім павінен быць навуковы падыход. Грошы? Шукаем спонсараў, калгас дапаможа, экалогічны камітэт тое-сёе падкіне, ды і вы, я думаю, ў баку не застаняцеся.

  І калі ўжо падчапіў дырэктар каго-небудзь на такі фінансавы кручок,  і пачуў станоўчае абяцанне, то ўжо будзьце ўпэунены не пакіне, не злезе з гэтага чалавека, пакуль свайго не даб’ецца.

  Адразу гэта прыносіла яму – Аленёву − вялікае задавальненне, цешыла самалюбства. Другія, маўляў, не могуць, а мне ўсё па-плячу.  Кожны дасягнуты поспех выклікаў эйфарыю і пачуццё асабістай значнасці. З цягам часу Яўген Сідаравіч стаў заўважаць, што гэтыя, як бы мовіць, станоўчыя якасці кіраўніка-гаспадарніка, пачынаюць перарастаць у злоякасныя новаўтварэнні. Ну што, скажыце, дрэннага ў тым, што чалавек дбае пра будучыню, умацоўвае матэрыяльнае становішча школы.  Ды не ўсё так проста,  манія абагачэння (нават і не асабістага) выйшла з-пад кантролю і завалодала свядомасцю дырэктара настолькі, што пачала палохаць не толькі акружаючых, але і яго самаго. Дзе б ён не быў, што б не рабіў, ён увесь час думаў: «А што з гэтага можна мець». Дайшло да таго, што ён не мінаў ніводнай магчымасці, каб папрасіць: хоць грошай, хоць мэблі, хоць, на худы канец, аркуш паперы. Ад яго нельга было адчапіцца, яму цяжка было адмовіць. А ўзнікаючыя складанасці толькі распальвалі ў ім своеасаблівы спартыўны інтарэс. Такая рыса характару, як сціпласць напрач адсутнічала ў яго натуры. Ён ішоў напралом, як афрыканскі буйвал, ён не прасіў, а патрабаваў, у яго была пазіцыя пераможцы пры любым раскладе. Бывалі выпадкі, што ён выклікаў моцнае пачуццё вінаватасці ў тых людзей, якія яму абяцалі грошы і па нейкіх, вельмі важкіх прычынах, не змаглі выканаць сваё абяцанне.

   Але, нягледзячы на ўсе гэтыя звышчалавечыя дасягненні па ўпарадкаванню школы, пачуццё ўнутранай незадаволенасці ўсё часцей і часцей перапаўняла нутро дырэктара. «Вы яшчэ не ведаеце маіх магчымасцей, – думаў ён у такія хвіліны. - Я яшчэ і не на такое здатны». «Хвароба» з кожным днём прагрэсіравала і каб задаволіць сваю непамерна распухшую ганарыстасць, яму патрэбны былі ўсё новыя і новыя перамогі.

 

 

− Няма ў сэрцах дабрыні,

Спагады там няма таксама,

А я шукаю дні пры дні,

Хоць кроплю неутаймавана…

 Дэкламавала Святлана Віктараўна, верш маладой, мала каму вядомай паэткі. Вось ужо тыдзень, як яе трапяткое сэрца сціскалася ў камячок і, здаецца, зусім прыпыняла сваю дзейнаць, ад усведамлення бездапаможнасці.

− Спагады там няма таксама. Няўжо мне ніхто не працяне руку дапамогі, не паспрыяе? − гэта пытанне не пакідала яе ужо каторы дзень. З тыдзень таму, вярнуўшыся з заняткаў яна знайшла ў сваёй паштовай скрыні перапэцканы і скамячаны канвэрт. Прыгледзяўшыся ўважлівей яна пазнала бацькаў, не надта акуратны почарк. З нейкім нядобрым прадчуваннем  маладая настаўніца распячатала паштавнне і пачала чытаць:

«Добры дзень, дарагая дачушка. Не хацелася цябе турбаваць, але нашай маме зусім дрэнна. Урачы рэкамендуюць  зрабіць аперацыю, пакуль не позна. Прыязджай. Твой  тата».

  Святлана была адзінай дачкой у сваіх зусім небагатых бацькоў-калгаснікаў, адзінай уцехай і апірышчам. Колькі яна сябе памятала, маці заўсёды хварэла. Магчыма, гэта было вынікам тых  шматразовых і безвыніковых цяжарнасцей. Яны з бацькам усё жыццё марылі мець дзяцей і кожны раз, калі з’яўлялася надзея на гэта, казалі: «Дасць Бог, на гэты раз усё абыдзецца, усе будзе добра». І нарэшце на старасці год Бог пачуў іхнія малітвы і паслаў ім жывую істоту − дачку Святланку. Яна і сапраўды была светам у іхнім жыцці. І пакуль гучаў яе безтурботны дзіцячы смех, у іхняй хаце ўсё было добра. Потым маці ўсё часцей і часцей пачала звяртацца да дактароў, а цяпер бацька піша, што патрэбна аперацыя.

   «Што рабіць? Да каго звяртацца за дапамогай? − думала Святлана Віктараўна. − Па-першае, трэба знайсці грошы на паездку, адпрасіцца з працы, уладкаваць маці ў бальніцу, а потым, што рабіць потым? Бацька стары, за ім самім патрэбен дагляд. Маці пасля аперацыі, пакуль стане на свае ногі... Каб я мела магчымасць узяць бацькоў да сябе – была б зусім іншая справа».

   Упершыню яна з зайздрасцю паглядзела на ланцужок бялюткіх чарнобыльскіх катэджаў, што стаялі абапал шляху.

− Выцягнуліся, − хмыкнула дзяўчына. − А чым мы горшыя за вас? Калі атруту атамную, дык усім нюхаць, а як школы ды катэджы бесплатныя − дык адно чарнобыльцам.

  На самой справе яна не мела нічога супраць тых людзей, якія жылі ў гэтых белакаменных прыгажунах. Проста ёй было крыўдна. Як жа так, мая маці хварэе той самай страшнай хваробай, якую выклікае радыяцыя. Але чамусці ніхто, ні грамадства, ні дзяржава ёй не дапамагаюць і гэта толькі таму, што яе родная вёсачка не трапіла ў зону адсялення.

 

 

− Дазвольце зайсці!

− Калі ласка, Святлана Віктараўна, вельмі прыемна, заходзьце! –  прыязна пачаў Яўген Сідаравіч.

   Дырэктар адразу заўважыў незвычайную бледнасць твару і разгубленасць маладой настаўніцы. Светачка збянтэжана стаяла пасярод шыкоўнага дырэктарскага кабінета і нават не падымала вачэй.

  − Яуген Сідаравіч, мне трэба тэрмінова ехаць дахаты. У мяне мама хворая, − пры гэтых словах голас у яе па-здрадніцку задрыжэў і як быццам бы згубіў гучнасць.

− Не хвалюйцеся, Святлана Віктараўна. Маці хворая? Нічога, усё абыдзеца, усё будзе добра. – пачаў суцяшаць дырэктар дзяўчыну. − І мама ваша паправіцца,  і ўсё астатняе складзецца як мага лепш, − упэўнена  казаў дырэктар, а сам тым часам наліў вады з графіна, прапанаваў маладой настаўніцы. − Прысядзьце, вось сюды, на канапу, супакойцеся, выпіце вадзічкі вам лягчэй стане.

 Ёй і сапраўды стала лепш, ад таго, што знайшоўся нехта, каму стала яе шкада. Яна нават іншымі вачамі паглядзела на Яўгена Сідаравіча. «І не такі ўжо ён агідны, як мне падалося наперш», − падумала Святлана. А потым словы пацяклі з яе  вуснаў неяк міжволі, як быццам прарвала плаціну з усяго набалелага, і праз хвілю яна ўжо расказвала дырэктару, як даўно хварэе яе маці, якія цяпер дарагія лекі, як не хапае грошай нават на самае неабходнае і як складана ёй са свайго жабрацкага настаўніцкага заробку выкройваць нейкую частку, каб адсылаць бацькам.

  Яўген Сідаравіч уважліва слухаў настаўніцу, спагадліва пагладжваючы яе па руцэ, выказваючы тым самым сваё спачуванне, і ў той жа момант выпрацоўваў свой план дзеяння.

− Святлана Віктараўна, а што калі вы забераце бацькоў да сябе. Наколькі я разумею за імі патрэбен дагляд.

 Настаўніца нават разгубілася:

− Куды ж я іх забяру? У мяне ўсяго адзін пакой у інтэрнаце.

− Ну вядома ж, я не прапаноўваю вам забіраць іх у інтэрнат. Мы выдзелім вам катэдж. На сённяшні дзень мы маем такую магчымасць. У нас ёсць свабодныя плошчы, замацаваныя за школай. І ў гэтым я не бачу ніякай праблемы. − Ён глянуў на разгубленую дзяўчыну і рашуча дадаў:

− Праблема ў іншым...

Зацягнулася  неакрэсленая паўза і дзяўчына не вытрымала запытала:

− Дык у чым жа праблема?

Да гэтага часу Яўген Сідаравіч трымаў у тайне свае неўтаймаваныя жаданні і пачуцці. Пра сябе ён падумаў:  «Праблема ў тым, што я жанаты, немалады ўжо чалавек закахаўся ў нейкае  неразумнае дзяўчо. Праблема ў тым, што  я не магу ні спаць, ні есці, ні атрымліваць былой асалоды ад сваёй працы, бо ўвесь час думаю аб табе, аб тваіх чароўных бурштынавых валасах, аб гэтых па-дзіцячаму прыпухлых вуснах, і тугіх  дзявочых бёдрах».

 Па тым утрапёным позірку, якім глядзеў на яе дырэктар у гэты момант, яна здагадалася, якая праблема маецца на ўвазе. У той жамомант яе твар успыхнуў, бы ружа.

− Прабачце, але мне сапраўды трэба ехаць, я прынесла заяву, − паспрабавала выйсці са складанага становішча дзяўчына.

− Дык вы  ж мне, Святлана Віктараўна, не далі адказ?

− А вы ў мяне ні аб чым  і не запытвалі.

− Няўжо? Няўжо аб гэтым трэба яшчэ запытваць. У якім стагоддзі вы жывяце, даражэнькая? У наш час, гэта нават смешна. Хто без граха, няхай першы кіне ў мяне камень. Светачка, мілая, − кажучы гэта ён падышоў ззаду, паклаў рукі ёй на плечы і, як малое дзіця, цешыўся яе залацістымі валасамі. − Багацце ты маё, ды я для цябе зраблю ўсё, аб чым толькі ты папросіш. Ды ты будзеш жыць як каралеўна. Толькі аб аднам прашу − кропельку ласкі з твайго боку.

 

 Святлана Віктараўна выскачыла з дырэктарскага кабінета, бы ашпараны рак, і не памятала як дабегла да інтэрната.

− Усё, хопіць, мала таго што ён усіх гіпнатызуе сваёй школай, дык ён захацеў загіпнатызаваць і мяне сваімі распуснымі прапановамі. «Па-праўдзе кажучы ён сапраўды ўмее пераконваць. Быў момант, што я яму паверыла…»

 Прабягаючы па вясковай вуліцы ў бок астаноўкі яна ўсё ж не стрымалася, глянула ў бок катэджаў: «Цікава, які з іх пустуе, магчыма, вось той, што бліжай да вясковай лаўкі, там няма ні бялізны, ні фіранак на вокнах. А як было б прыемна быць гаспадыняй такога асабняка. Тата, мама і я, як ў былыя часы − ўсе разам. Але ж гэта не так, не дарэмна,  за гэта трэба плаціць і плаціць не грашыма, а зусім іншым чынам, − разважала дяўчына. − Мне ўжо двацца два гады, а ў мяне ніколі не было мужчыны. Цікава, як гэта мае быць? У кніжках я чытала, што бываюць выпадкі, што і ў самую першую ноч жанчына атрымлівае задавальненне. Так, калі кахае, а я ці кахаю я Яўгена Сідаравіча? Смешна. Ды ці можа ісці рэч наогул аб каханні ў такім выпадку. Проста перацярпець адзін раз і ўсё. Не, агідна, прыкра, лепей не думаць».

  Электрычка падхапіла яе і панясла ўдалеч. І чым большай станавілася адлегласць паміж удушлівым дырэктарскім кабінетам і ёй, тым лягчэй станавілася на душы і на сэрцы. Паступова яе думкі пераключыліся на ўспаміны дзяцінства, на матулю. Яна прыпомніла, як летам кожны дзень яна бегала басанож па пыльных вясковых вуліцах, як пільнавала на градзе першы гурок, і калі ён падрастаў, рабіўся акруглым і прадаўгаватым, адрывала колкі зелянец і ела з салам, якое выцягвала з драўлянага кубельца. Абавязкова першы гурок трэба было з’есці на вуліцы, седзячы на лаўцы каля сваёй незамыславатай хаціны. У юначым узросце яна ведала ўсе сунічныя палянкі ў лесе і збірала самыя першыя, самыя пахучыя і салодкія ягады. Святлана заўсёды прыносіла іх матулі, каб тая іх ела з малаком і папраўлялася. Увечары, калі сонца схілялася да захаду, і мошкі з камарамі пачыналі «таўчы мак», яны разам з мамай выходзілі на вясковую вуліцу сустракаць карову Дуняшу. А яна, карова, нібыта назнарок, ішла  з пашы паважна, бы тая знатная паненка. Жывёла , як быццам адчувала важнасць сваёй персоны і ўсім сваім выглядам гаварыла: «З пашы іду, малако вам нясу, ні кроплі не растрасу». Діўныя былі гэтыя ўспаміны: пранізаныя сонцам, матулінай ласкай і пяшчотай і яшчэ нечым вельмі моцным і незабывальным. І чым больш яна ўглядалася ў мінулае, тым больш жахлівай ёй здавалася рэчаіснасць,  прапанова дырэктара.

− Госпадзі, дапамажы маёй матулі перанесці гэтую складаную аперацыю, дапамажы ёй, Госпадзі, паправіцца.

Яна не ведала ніякіх завучаных малітваў і прасіла Бога па-прастому, сваімі словамі. – Дапамажы, Госпадзі, мне знайсці сілы і мужнасць перанесці ўсё гэта! − яна не была веруючым чалавекам і малілася хутчэй па звычцы, чым асэнсавана.  Сённячы ёй чамусці хацелася верыць у тое, што Бог ёсць і што Ён дапаможа і ёй і яе матулі. «Ну пачуў жа Ён малітвы  маіх бацькоў, паслаў, хоць і на старасці год, дзіця, чаму ж Ён не можа дапамагчы цяпер, калі мая мама такая нямоглая», − разважала дзяўчына.

− Так-так, так-так, так, так, − барабанілі ў адказ ёй колы электрапоезда.

 

 

 

Мама ляжала на ложку і была вельмі схуднелая, і нейкая прасветленая:

− Светачка, любая дачушка, прыехала. А я ўжо думала, што не дажыву, − загарэліся ціхай радасцю вочы матулі.

− Мама, як жа так. Тата пісаў, што  аперацыю будуць рабіць, а ты ўжо… − Света запнулася, не ведаючы як мякчэй выказаць сваю думку. Слова «смерць» яна не магла ўжываць у дачыненні да сваёй матулі.

− Не бойся, дачушка, гавары як ёсць. Смерць не страшная, калі маеш Бога ў сэрцы.

− Аб чым ты мама?

− Аб тым, дарагуся, што кожнаму прыдзецца праз гэта прайсці, але ні кожны падрыхтаваны да сустрэчы з Госпадам.

− Мама, а ты сапраўды верыш у Яго існаванне? − ужо з нейкай цікаўнасцю запытала дачка.

− Веру, − упэўнена адказала хворая, і па ўсім было відаць, што яна і сапраўды ні на кроплю не сумняваецца.

− У мяне ўжо не засталося часу на сумненні, Светачка. Усё жыццё сумнявалася, а цяпер веру. І ад гэтага ў мяне так лёгка і хораша на душы. Я як быццам адчуваю, што мой  час надышоў і  мая душа ўжо просіцца туды, на нябёсы. Аднаго мне не ставала, прасіла старога напішы донечцы, няхай прыедзе апошні раз пабачыцца.

 Света ўжо не дзівілася яе настрою, яе ўзнёслай гаворцы, проста глядзела ў такі знаёмы і блізкі з дзяцінства твар, дзе кожная рысачка, кожная складка была вынікам цяжкай сялянскай працы, жаночай хваробы, бацькоўскіх перажыванняў. Яна дзівілася той мужнасці з якой маці сустракала смерць. Ні шкадавання, ні нараканняў на няўдалы лёс − ціхая пакора. «Дзіва ды і толькі. Я знала яе ўсё сваё свядомае жыццё і нават раней, калі я была немаўляцем, яна была поруч. Але сеннячы  яна зусім іншая…».

− Мама, скажы мне самае галоўнае, навучы жыць! − прашаптала Святлана.

Матуля паглядзела на дачку з вялікай пяшчотай, ласкай і спагадай:

  − Няхай цябе Бог навучыць, руплівіца мая, − кажучы гэта яна працянула дачцэ кніжку, на якой вялікімі літарамі было напісана «ЕВАНГЕЛІЕ».

  − Дачушка, пойдзем, ёй цяжка размаўляць, няхай адпачне, − прапанаваў бацька. − Гэта ўжо цянецца не першы дзень, яна вельмі слабая.

  Света не чакала такое ўбачыць у бацькоўскай хаце і ўсе тыя колішнія перажыванні: наконт працаўладкавання, дырэктара, свайго жытла − здаваліся ёй  цяпер такімі дробязнымі, такімі нязначнымі ў параўнанні з  убачаным. «Смерць. Як вужака падпаўзае яна каб украсці ў нас самых блізкіх, самых дарагіх людзей. Смерць − заўсёды нечаканасць. Пражыў ты доўгае насычанае падзеямі жыццё, ці гэта недарэчная выпадковасць − смерць заўсёды аднолькавая − бязлітасная, неадваротная, − думала Святлана. −  Але чаму ж тады маці не баіцца смерці? Як быццам жадае яе. Як гэта яна сказала: «Веру», а потым: «Мая душа просіцца на нябёсы», − дзіўна ўсё гэта».

 

 

 Увечары, перад сном Святлана расчыніла кніжку падараваную матуляй: «Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста». Адразу чытанне да прыносіла ніякага задавальнення. Чорныя  думкі і роспач засцілі вочы, слёзы не давалі чытаць. «Ну што мне да таго, што недзе ў Вефліеме, амаль дзве тысячы год таму, нарадзілася немаўля, − думала яна, − вось у мяне мама памірае, і я не магу з гэтым нічога зрабіць». Але паступова яе пачалі кранаць словы са Святога пісання: «Блажэнны нішчыя духам, бо іх ёсць Царства Нябеснае. Блажэнны плачучыя, бо яны суцешацца. Блажэнны пакорлівыя, бо яны ўнаследуюць землю».

− Як добра тут сказана: «Блажэнны чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць». Кожнае новае прачытанае слова ўжо было для яе сапраўдным адкрыццём, лекавым элексірам.

− Як я аб гэтым раней не задумвалася, а гэта ж і сапрауды так: «Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон ці прарокаў, не парушыць прыйшоў Я, а выканаць. І  я кажу вам, што ўсякі гневаючыся на  брата свайго дарэмна, належыць суду. − І далей. − Усякі, хто глядзіць на жанчыну з пажадлівасцю, ужо пралюбадзейнічаў з ёю ў сэрцы сваім... Любіце ворагаў вашых, благаслаўляйце праклінаючых вас, дабрачыніце  ненавідзячым вас і маліцеся за крыўдуючых вас і выганяючых вас. І вучыў ён , як уладу маючы, а не як кніжнікі і фарысеі».

«А калі і сапраўды Бог мае ўладу над усімі намі? Дык чаму ж тады людзі пакутуюць на гэтай зямлі? Чаму застаюцца смерць, хваробы? Чаму нарэшце Бог дазваляе жыць такім вось Яугенам Сідаравічам, і жыць не дрэнна. Ён мае ўсё і пачувае сябе бажком на сваёй тэрыторыі, яму ўсе падпарадкуюцца, − разважала дзяўчына. − Але ж есць і такія паняцці, якія не падуладны людзям: даць жыццё і адабраць жыццё – гэта прэрагатыва Бога», − разважаючы такім чынам Святлана акунулася ў цяжкі, трывожны сон.

 Адразу ёй снілася, што яна блукае ў цемры і ніяк не можа знайсці выхад з душнага, нібы дырэктарскі кабінет, месца. Чапляецца нагамі за пухнатыя дываны, падае, яе абвіваюць па нагах і руках стужкі дарагіх замежных шпалер, фіранкі нібы таямнічыя начныя птахі лётаюць над галавой − і ўсё гэта так невымоўна жахліва, што нельга скрануцца з месца. А вось і ён − гаспадар кабінета − пераўвасобіўся ў чорны шыкоўны стол, што стаіць пасярэдзіне пакоя і кіруе сваімі служкамі, здзекуецца з яе бездапаможнай. Але што гэта, раптам ёй падалося, што дзверы кабінета прыадчыніліся і адтуль, звонку падае святло. Такое роўнае насычанае святло: «Чаму раней я яго не заўважала?» − думае ў сне дзяўчына і прагна цянецца да святла, працягвае свае здранцвелыя рукі і, здаецца,  не хапае ўжо сіл дапаўсці, бездапаможна падае… І тут чуецца голас: «Прасіце, і дадзена будзе вам; шукайце і знойдзеце, стукайце і адчыняць вам».

«Божа дапамажы, дапамажы Госпадзі, дай надзею на выратаванне», − шэпча дзяўчына. І раптам дзверы расчыняюцца і святло запаўняе ўвесь пакой і бачыць яна ў гэтым святле сваю маці, яна ўжо не пакутуе, не плача, не церпіць боль. Яна ўсміхаецца, падыходзіць да дачкі і кажа: «Я ўжо свой шлях прайшла, а твой толькі пачынаецца...»

  У гэты момант Святлана прачынаецца і яшчэ нейкі момант ляжыць нерухома: «Што гэта было, сон, ці ява? Мама!» − з нейкай неакрэсленай трывогай дзяўчына падхопліваецца і бяжыць да ложка хворай матулі, але асірацелае цела, ў якім яшчэ хвілю назад было жыццё, ляжыць нерухома:

  • Мама, мамачка! – апантана зрываецца выкрык з яе вуснаў.  − Я так цябе люблю, не пакідай мяне!

 

 

 

  У школе быў бум. Дырэктар загадаў за пяць дзён адрамантаваць пустуючы настаўніцкі катэдж, пераклеіць шпалеры і пакрасіць вокны.

− Навошта такая хуткасць? − няўцямна пажымала плячамі Станіслава Вацлаваўна. – Што за тэрміновасць, што можа здарыцца за пяць дзён? Настаўнікамі школа забяспечана, усе прыстроены як мае быцць. Каму інтэрнат далі, хто раней абзавёўся жыллём. Для каго ж тады мы будзем рыхтаваць гэты катэдж. Чаму сам дырэктар асабіста падбірае шпалеры і рупіцца пра мэблю?

  Па школе папаўзлі самыя неверагодныя слухі. Хто казаў, што гэты катэдж дырэктар рыхтуе для сябе, што ён пасварыўся з жонкай і будзе разводзіцца і жыць у весцы. Самыя дасвечаныя па сакрэту шапталі, што ў катэджы будзе жыць ягоная каханка і называлі нават магчымых кандыдатур, пакуль не спынілі свой выбар на Святлане Віктараўне Маславай, адсутнасць на працы якой для многіх была загадкаю.

− Без году нядзеля, як уладкавалася на працу, а ўжо катэдж падавай. Во моладзь пайшла, дарма часу не губляе. Мала таго, што сцены атрымае, дык ёй яшчэ і фіранкі павесь. І што нас далей чакае, калі ўжо цяперачы з настаўнікаў так здекуюцца, − пляткарылі вымушаныя штукатуры ды муляры. Але ніводзін не адмовіўся выконваць загад дырэктара, ніводзін не сказаў яму ў вочы тое, што думаў.

   А сам Яўген Сідаравіч хадзіў індыкам і задаволена пагладжваў па-новаму завітыя і шыкоўна ўкладзеныя вусы. Пасля той апошняй размовы ў дырэктарскім кабінеце, ён ужо не сумняваўся, што Святлана Віктараўна будзе ягонай палюбоўніцай. «Я ж заўсёды казаў, што спешка ў такой справе не ідзе на лад. Трэба ўмець выбраць момант. Само цялятка прыдзе да маткі», − цешыў сваю ганарлівасць дырэктар. «Прыедзе Святлана Віктараўна, а тут ёй такі падарунак. Ну якая, скажыце, жанчына адмовіцца ад такога». Сям’я? Яго менш за ўсё турбавала пытанне, як да гэтага будзе ставіцца яго жонка. Нават нейкі гонар браў часам, будуць раўнаваць, будуць дабівацца яго ажно дзве жанчыны. «Ну ведама ж,  сям’ю я не кіну, буду дапамагаць і матэрыяльна, і, калі не надта будзе дапякаць сваімі папрокамі, як мужчына са сваімі абавязкамі спраўлюся і там і тут. Галоўнае не гэта, галоўнае, каб наша маладая дурніца чаго-небудь не выкінула. Заўпарціцца з якой-небудзь нагоды і тады застануся ў дурнях. Эх, як бы не злузалася часам такая апетытная нажыўка».

 

 

 Церушыў дробны восеньскі дожджык. Святлана, пасля смерці матулі, зусім іншымі вачамі глядзела на свет. За лічаныя гадзіны свайго жыцця яна ўнутрана перамянілася настолькі, што дзівілася сабе той, учарашняй. Невялікая жалобная працэсія паволі прасоўвалася па вясковай вуліцы. Людзі выходзілі са сваіх дамоў, праводзілі позіркамі нерухомае цела нябожчыцы, перашэптваліся:

− Адмучылася, гаротніца, столькі цярпела, − казалі яны.

− Аб адным толькі мроіла апошнім часам: «Дасць Бог, пабачу сваю донечку і памру».

− Вунь і дачка ідзе. Настаўніца.

 − Не паспела парог бацькоўскі пераступіць, а тут такое гора.

 Святлана, не плакала, вядома, яна пакутавала ад таго, што маці − самы дарагі і блізкі чалавек − пакінула яе, пайшла ў небыццё. Але пасля таго прарочага сну, яна зразумела: «Мама не памерла, не знікла зусім, як думаюць гэтыя людзі. Не, яна і цяпер глядзіць на мяне з нябёсаў. Яна  знайшла дарогу да святла і мне прапаноўвае ісці тым жа шляхам».

− Мы яшчэ сустрэнемся, родная мая, − з упэўненасцю паўтарала дзяўчына.

Святлане ў гэты момант здавалася, што тое нябеснае святло, якое ішло з расчыненых Богам дзвярэй, перапаўняе яе душу, і што яна ўжо сама, як запалены свяцільнік, гатова ісці і несці гэты свет іншым людзям.

− Дзякуй табе, мама, за ўсё, за ўсё, вялікі табе дзякуй, − шапталі яе смяглыя вусны.

 Калі вярталіся з могілак, яе нагнаў бацька:

  − Света, дачка, пачакай я павінен табе нешта сказаць. − Па ўсім было відаць, што ён вельмі ўзрушаны. − Ведаеш, сёння,  калі я глядзеў на цябе, калі ты стаяла там на могілках, каля гэтага свежага насыпу… Мне на хвіліну падалося, што ты − гэта яна. Некалі, много год таму, калі мы сустрэліся з тваёй матуляй, яна была такой жа прыгожай і ладнай, як ты цяперачы. Ты я ж вочы, прыпухлыя вусны, тыя ж бурштынавыя валасы... Здаецца, гэта было толькі ўчора, а сёння − сёння яе ўжо не стала… − кажучы гэта бацька неспадзеўна заплакаў.

Святлана ніколі раней не бачыла свайго бацьку плачучым. А сеннячы яго скупыя, мужчынскія  слезы расой асядалі на ўзараным жыццём састарэлым твары.

 − Мы пражылі сваё жыццё, дачушка, а ў цябе ўсё наперадзе, памятай, што яна − твая маці, і я яе вельмі кахаў, вельмі…

− Не трэба, тата, пойдзем дахаты. Нам з табою яшчэ шмат чаму трэба ў яе навучыцца. Яна нам дала прыклад, як трэба жыць, − і, затрымаўшы выдых, дадала, − і як трэба паміраць.

 

 

−  Святлана Віктараіна, з наваселлем вас! − з уедлівай насмешкай сустрэла маладую настаўніцу Станіслава Вацлаваўна.

«Што б гэта магло азначаць? Не, толькі не гэта, − спахмурнеў твар дзяўчыны. − Усё што заўгодна, толькі не гэта. Яна гатова была крычаць на ўсю школу, што гэты іхні хвалёны дырэктар − нахабнік, вымагацель і крывадушны чалавек. Што яна ніколі не будзе яго палюбоўніцай. Ніколі! Вы чуеце, людзі, ніколі! Мне не патрэбны ні вашы катэджы, ні ваша школа. Як я раней не заўважала ў якім брудзе мы жывём? Аб чым думаем, да чаго імкнёмся? Чым ганарымся? Не, я не хачу вяртацца туды адкуль прыйшла. Мяне выратаваў Бог. Вырваў з вашых аслізлых чорных лап. Што ж мне рабіць? Кінуць усё, пайсці куды вочы глядзяць», − было першым жаданнем маладой настаўніцы. Але потым,  крыху супакоіўшыся, зразумела: «Не, я павінна застацца. Я павінна дапамагаць бацьку, у мяне тут праца, забяру яго да сябе ў інтэрнат − буду разам з ім жыць, даглядаць яго старасць».

  Яна адчувала, што адной ёй будзе вельмі цяжка і складана пабароць адладжаную дырэктарам машыну парабачэння чалавечых душ і таму прасіла дапамогі  ў Бога. Але цяперачы гэта ўжо былі не проста словы, а маленне, напоўненае верай і ўпэуненасцю:

− Госпадзі абарані мяне ад гэтай нечысці, дай мне сілы выстаяць, стрываць гэтыя выпрабаванні. Даруй мне Бог Святы грахі мае, мае неразумныя дзеянні і думкі. Даруй Госпадзі маё ранейшае неверанне. Прыдзі ў маё сэрца, стань Госпадам майго жыцця...

   Званок прагучаў досыць рэзка і нечакана. Як жа я магла забыцца пра іх − маіх маленькіх  неўтаймаваных  шасцігодак. Яны ж мяне чакаюць, я ж павінна навучыць іх пісаць і чытаць. Данесці да іх свядомасці той скарб, якім валодаю, даць ім часцінку таго непатухаючага агню, які гарыць у маім сэрцы. І Святлана Віктараўна, акрыленая надзеяй на лепшае, як упершыню ў жыцці пераступіла парог класнага пакоя:

− Добры дзень, дзеці!

− Добры дзень, Святлана Віктараўна!

 − Скажыце, а хто з вас любіць падарожнічаць?

− А давайце мы з вамі крышачку пафантазіруем і ўявім сабе, што школа − гэта такі агромністы карабель і мы разам з вамі адпраўляемся ў забаўляльную вандроўку ў краіну ведаў...

Лія Родная 1998 г.

 

Апавяданне публікавалася ў часопісе «Маладосць»

 

 

bottom of page