ВАМ СЛОВА, ДОКТАР РАМАНАЎ
Уладзімір Васільевіч Раманаў вядомы на Кругляншчыне чалавек. Спецыяльнасць ‒ урач гінеколаг. А пачынаўся яго працоўны шлях у 1971 годе, калі пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута прыехаў у наш горадскі пасёлак. Затым працягваў вочобу ў клінічнай ардынатуры, займаўся навуковай працай. Працяглы час займаў пасаду галоўнага ўрача Круглянскай раённай бальніцы. Справу сваю любіць і паважае, аб чым сведчыць гэта інтэрв’ю.
‒ Уладзімір Васільевіч, як здарылася, што Вы абралі прафесію ўрача-гінекогага?
‒ Калі я быў студэнтам-медыкам, то мне здавалася, што ўрач-гінеколаг прыносіць людзям толькі дабро, дапамагае з’яўляцца на свет новым людзям. Праўда, нават пры цяперашнім узроўні развіцця навукі ўсё яшчэ прымяняюца аборты, як сродак рэгулявання нараджальнасці. І гэта ўжо, адмоўны бок маёй спецыяльнасці.
‒ Вы напэўна ведаеце, што ў нашай краіне апошнім часам смяротнасць перавышае нараджальнасць. І наш Круглянскі раён у гэтым плане таксама не выключэнне. Чаму нашы жанчыны не хочуць раджаць?
‒ На першы погляд здаецца, што ва ўсім вінавата наша матэрыяльнае становішча, але гэта не заўсёды так. Наадварот, у слабаразвітых краінах назіраецца высокі ўзровень нараджальнасці, а ў моцных, эканамічна-развітых краінах, такіх як Францыя, Фінляндыя,Нарвегія, натуральны прырост насельніцтва адсутнічае. Я думаю справа ў іншым. На працягу многіх гадоў, мы адвучвалі жанчын ад іх хатніх абавязкаў, прымушалі працаваць на вытворчасці нароўні з мужчынамі. У выніку знізілася нараджальнасць. Вельмі хутка жанчыны зразумелі, што хатнія справы гэта руціна, якой не цікава займацца. Далей, дзяржава пачала адчыняць шматлікія дзіцячыя садкі. А каму ад гэтага лепш? Каму заўгодна, толькі не дзіцяці. Навукай устаноўлена, што паміж маці і дзіцем да трох год захоўваецца адзінае біяполе, а да сямі гадоў гэтая сувязь захоўваецца напалову. Мы ж, разбураючы гэтую тонкую духоўную сувязь матулі і дзіцяці, калечым у першую чаргу дзіця.
‒ Скажыце, за апошні час павялічылася ці зменшылася колькасць абортаў?
‒ Па статыстыцы колькасць абортаў знізілася, але мы ўвялі новы від гінекалагічных паслуг ‒ міні-аборты, якія праводзяцца да пяці тыдняў цяжарнасці, яны не ўлічваюцца афіцыяльнай статыстыкай як аборты.
‒ А як ставіцца да гэтай праблемы грамадскасць? Ці, існуе, напрыклад, закон, які забараняе рабіць аборты пасля12-ці тыднёвага тэрміну цяжарнасці?
‒ Такі закон ёсць. Да ўказанага тэрміну жанчына мае права сама вырашаць: нараджаць ёй дзіця, альбо не. Далей ужо дзейнічае законадаўства, згодна з якім аборт можна рабіць толькі ў выпадку развіцця плоду з адхіленнямі, а таксама ў выпадку перанесенага жанынай інфекцыйнага захворвання (сіфіліс, краснуха) і па іншых уважлівых прычынах. Але гэта толькі да 22-х тыднёвага тэрміну развіцця эмбрыёна, пасля якога рабіць аборты забараняецца.
‒ Кажуць, што наш век ‒ век акселерацыі. Узрост будучых матуль усё зніжаецца. Як вы лічыце, у якім узросце жанчына павінна раджаць першае дзіця?
‒ Я лічу, што жанчына павінна «выспець», і гэты ўзрост прыблізна 18-21 год.
‒ А што рабіць тым, у каго цяжарнасць наступіла ў 16-17 год і нават раней?
‒ У такім узросце цяжарнасць вельмі рэдка працякае без ускладненняў. Хаця бываюць і выключэнні. Усё залежыць ад развіцца жанчыны і яе фізічнага здароўя. Я параўноўваю гэтых маладых дзяўчат-залётчыц з кволымі дрэўцамі, якія яшчэ не паспелі як след акрэпнуць, а мы ўжо хочам атрымаць ад іх плады…
‒ Ці былі выпадкі ў нашым гарадскім пасёлку, калі маці адмаўляліся ад сваіх дзяцей адразу пасля іх нараджэння?
‒ Апошнім часам не было.
‒ Вы, напэўна, са мною пагадзіцеся, што здароў’е дзяцей напрамую звязана са здароўем матуль. Ці часта Вам даводзіцца выяўляць захворванні жанчын пры прафілактычных аглядах?
‒ Часта. Цяпер цяжка знайсці абсалютна здаровага чалавека. У кожнага, як гаворыцца, свой «букет» хвароб. А калі гаварыць аб мацярынстве, то не трэба ў першую чаргу рабіць націск на генікалагічныя захворванні. Часта жанчыны не здольны нараджаць дзяцей зусім па іншых прычынах: гэта захворваніі сардэчна-сасудзістай сістэмы, мочапалавой, нярвовай.
‒ Ці існуе рэальная пагроза ўзнікнення СНІДу ў Круглым?
‒ Як вядома СНІД у асноўным распаўсюджваецца трыма шляхамі: палавым; ад маці да дзіцяці пры родах; інфекцыя трапляе ў арганізм пры пашкоджанні цэласнасці скуры і слізістых пакрыццяў.
Пакуль што СНІД у нашай краіне не атрымаў шырокага распаўсюджвання. Пры з’яўленні першага заражонага ў г.п.Круглае, а гэта можа адбыцца ў любы час, паўстане рэальная пагроза заражэння гэтым захворваннем.
‒ Цяперашні час асабліва складаны для дюджэтных устаноў. Ці сказваецца гэта на матэрыяльным становішчы лячэбнай установы, на якасці лячэння?
‒ Чым далей ‒ тым горш. Скарачаецца колькасць ложкаў, не хапае ўсяго: перавязачных матэрыялаў, лекавых сродкаў, бялізны… Бальніца мае доўг перад аптэкай, аптэка перад лекавым складам і г.д. Застаецца толькі ўспамінаць былы даперабудовачны дастатак і фінансаванне.
‒ Ці часта ў сваёй практыцы Вы ўжываеце нетрадыцыйныя метады лячэння?
‒ Ва ўсялякім разе мне гэта не пярэчыць. Добра вядомая выснова: трэба лячыць хворага, а не хваробу. І далей: лечыць урач, а не лекі. Я лічу, што трэба раіць прымаць пацыенту тое, што сам бы прымаў у такім выпадку. Галоўнае ‒ станоўчы вінік.
‒ Урач, на думку хворых, лечыць не толькі лекамі, але і словамі. Дарэчы, кажуць, што вы часам размаўляеце з пацыентамі па-беларуску?
‒ Так, не заўсёды гэта атрымліваецца, але размаўляю. Можна сказаць, што я валодаю беларускай мовай на бытавым узроўні, а калі справа даходзіць да скаданых медыцынскіх тэрмінаў, то тады пераходжу на рускую мову, раблю гэта каб не памыліцца і каб мяне правільна зразумелі.
‒ Ваша жыццёвае крэда, доктар Раманаў?
‒ Рабіць людзям дабро і ніколі не спыняцца ў сваім развіцці і самаадукацыі. Калі пражыў дзень і нічога новага не даведаўся, то гэты дзень пражыты дарэмна.
‒ Што б вы хацелі пажадаць чытачам раённай газеты?
‒ Наш век ‒ век адмоўных эмоцый, калі гнеў, зайздрасць, злосць разбураюць чалавека і грамадства. І мне хочацца пажадаць больш чуласці, спагады, узаемавыручкі і добразычлівасці ў адносінах адзін да аднаго. Не забывайцеся, што чалавек заўсёды павінен заставацца чалавекам.
Інтэрв’ю ўзяла Наталля Ніканчук наш няштатны карэспандэнт
Круглянская раённая грамадска-палітычная газета «Сельскае жыццё» ад 5 ліпеня 1995 года.