ЗГУБЛЕНЫ ГУЗІЧАК
Гузічак сядзеў на старым зашмальцаваным
паліто і незадаволена пыхкаў:
― Што за жыццё ў мяне, кожны дзень адное і тое ж: то зашпільваюць, то расшпільваюць. Надакучыла! Не хачу сядзець на адным месцы!
Гузічак сярдаваў, круціўся туды-сюды, ірвучыся на волю.
І вось аднойчы, нітка якая звязвала незадаволены гузічак з паліто перацерлася і парвалася.
― Ха! ― адскочыў гузічак убок і пакаціўся пад шафу. ― Я свабодны! Я магу рабіць усё, што захачу! Я буду гуляць, я пайду ў госці...
Гузічак задаволена падскочыў, закруціўся і… пляснуўся долу.
Пад шафай было пыльна і няўтульна. Гузічак паспрабаваў падняцца, але паскаўзнуўся і заблытаўся ў павуцінні. Ён хацеў таньчыць, радавацца і весяліцца, а замест гэтага прыліп да бруднай падлогі і не мог скрануцца з месца. Гузічку было прыкра і агідна ад усведамленння сваёй нязграбнасці бездапаможнасці:
― Як я не разумеў раней, што тое месца, дзе я сядзеў ― самае лепшае месца ў свеце. Я зашпільваў паліто і быў патрэбнай рэччу. А сённячы дзяўчынка пайшла ў дзіцячы садок незашпіленай, яна можа прастудзіцца.
Гузічку было сорамна за свае нядаўнія пагардлівыя думкі.
«Цапер я нікому не патрэбны», ― думаў гузічак і горка плакаў.
Увечары, калі дзяўчынка прыйшла дахаты, яна не забылася на свой гузічак.
― Мама, я ведаю дзе ён. Я бачыла як гузічак пакаціўся пад шафу.
Дзяўчынка ўзяла венік і выцяглула гузічак з павуціння.
― Вось ён, мой даражэнькі, ― прамовіла малая і пагладзіла гузічак па тварыку.
Ад такіх слоў гузічак засвяціўся, заблішчаў, весела пазіраючы на дзяўчынку сваімі вочкамі-дзірачкамі.
― Мама, глядзі, ён нават папрыгажэў і, здаеццца, ўсміхаецца мне. Які прыгожы гузік.
Гузічак зноў усеўся на сваё знаёмае месца на паліто, працяты моцнай баваўнянай ніткай, і ўжо ніколі не скардзіўся на свой лёс.
«Галоўнае ў жыцці − быць на сваім месцы і прыносіць карысць людзям», ― думаў ён штодня.