top of page

                        «Я ПАЙШОЎ БЫ Ў ПРЭЗІДЭНТЫ…»

       Кожны чалавек нараджаеца дзеля якой-небудзь справы.

      Кожны, хто ходзіць па зямлі, мае свае абавязкі ў жыцці.

                                                                                       Э. Хэмінгуэй

 

    Выбар прафесіі ‒ заўсёды быў складанай задачай. І сённяшнім выпускнікам не пазайзросціш. Сучасны час, які мы называем часам пераходу да рыначных адносін , наклаў свой адбітак на жаданні і мэты моладзі. Выбіраючы будучую прафесію маладыя людзі павінны, як кажуць, з усіх бакоў абдумаць, узважыць: па-першае, каб і самаму падабалася, па-другое, каб грошы добрыя плацілі і, нарэшце, каб была магчымасць працаўладкавацца па выбранай спецыяльнасці пасля завяршэння вучобы.

   На жаль, гэтыя апошнія фактары з нядаўняга часу становяцца ўсё больш і больш важкімі і сваё асабістае жаданне займацца той альбо іншай справай адступае на трэці план.

Так, праведзенае мною невялікае сацыялагічнае апытанне выпускнікоў 11-х класаў Круглянскай сярэдняй школы паказала, што толькі 20 чалавек з 60-ці апытаных выбіраюць сваю будучую прафесію зыходзячы з уласных інтарэсаў і жаданняў. Астатнія ж карыстаюцца ў выбары спецыяльнасці парадамі бацькоў, сяброў, знаёмых. Трое з апытаных лічаць, што грошы ‒ гэта галоўнае ў жыцці, адзін ‒ выбірае сваю будучую прафесію ад безвыходнага становішча.

   На пытанне «Чым вы думаеце займацца адразу пасля заканчэння школы?» ‒ былі такія адказы. 31 чалавек, крыху больш за палавіну апытаных, хацелі б паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, 19 ‒ хочуць прадоўжыць навучанне ў тэхнікумах і прафесіянальна-тэхнічных вучылішчах. Чатыры чалавекі маюць намер пасля заканчэння школы працаваць, адзін хоча заняцца рэкетам, астатнія ‒ наогул не адказалі на дадзенае пытанне. Гэта гаворыць аб тым, што ў асноўным моладзь аптымістычна настроена, хоча вучыцца, працаваць, знайсці сваё месца ў жыцці.

   Якія ж прафесіі карыстаюцца попытам на сённяшні дзень? На першым месцы стаіць прафесія настаўніка, выхавальніка. 15 чалавек з апытаных выпускнікоў марараць менавіта аб гэтай спецыяльнасці. Восем чалавек хочуць набыць прафесію юрыста і шэсць ‒ урача. Пяць не супраць стаць міліцыянерамі, чатыры ‒ згодна з апытаннем ‒ будучыя бізнесмены, два ‒ радыёінжынеры. Астатнія выбралі для сябе прафесіі: агранома, перакладчыка, мастака, шафёра, трактарыста, швачкі, повара, прадаўца, энергетыка. А вось адзін юнак хоча стаць Прэзідэнтам краіны!

   Вядома ж ёсць і такія, хто яшчэ не зрабіў свой канчатковы выбр. Менавіта для іх і для тых, хто сумняваецца ў правільнасці свайго прафесійнага накірунку хачу нагадаць, што існуюць асноўныя тыпы прафесій. Гэтая інфармацыя можа быць для вас карыснай і паслужыць арыенцірам пры вабары будучай спецыяльнасці.

   Першы тып: чалавек ‒ чалавек. Гэта прафесіі, пры якіх непасрэдна адзін чалавек уздзейнічае на другога. Напрыклад, урач, настаўнік, менеджэр. Тут патрэбны такія якасці характару, як спагада, чуласць, уменне кіраваць другімі людзьмі.

   Другі тып: чалавек ‒ тэхніка. Сама назва тыпу паказвае, что чалавек узаемадзейнічае з машынай. Гэта ‒ інжынер, шафёр, лётчык і г.д. Пры выбары гэтых прафесій чалавек павінен мець спецыяльныя тэхнічныя навыкі, хуткую рэакцыю.

   Трэці тып: чалавек ‒ мастацкі вобраз. Я б сказала, што гэта людзі з дорта развітай фантазіяй, музыкальнымі, літаратурнымі, маляўнічымі здольнасцямі.

 Чацвёрты тып: чалавек ‒ знакавая сістэма. Тут узаемадзейнічаюць з аднаго боку чалавек, з другога ‒ знакі, сімвалы, коды. Гэта ‒ бухгалтар, фінансіст, праграміст. Праца патрабуе вялікай дакладнасці і дасканаласці.

   Пяты тып: чалавек ‒ прырода. Сюды адносяцца прафесіі цесна звязаныя з акружаючай прыродай: ляснічы, аграном, эколаг.

   Калі вы ўжо выбралі спецыяльнасць, якая вам падабаецца, то хочацца пажадаць вам дабіцца найвышэйшых паказчыкаў прафесійнага майстэрства, бо няма ў жыцці нічога лепшага, як задавальненне ад умела выкананай справы.

 

    Наталля Ніканчук наш няштатны карэспандэнт

  Круглянская раённая грамадска-палітычная газета «Сельскае жыццё» ад 21 чэрвеня 1995 года.

bottom of page