top of page

              АДЗІН ДЗЕНЬ З ЖЫЦЦЯ НАРКАМАНА 

                                                                                                         Группа крови на рукове,

                                                                                                         Мой порядковый номер

                                                                                                                                       на рукове,

                                                                                                         Пожелай мне удачи в бою,

                                                                                                         Пожелай мне…

                                                                                                                                  Виктор Цой

 

    Арсень падхапіўся са сну ад ўсведамлення нечага пачварна-непрыемнага, як быццам чорная гадзюка запаўзла ў душу i звiла там кубло. І ўвесь астатак ночы думаў, прыпамiнаў былое:«Першы раз я закурыў анашу ў чатырнаццаць. Кампанiя хлапчукоў бавiлася наркатой – прапанавалi і мне, пасаромеўся адмовiцца, адбiцца ад гурту. Памятаю, тады пасля некалькіх зацяжак усё паплыло перад вачамi, зрабiлася лёгка да бязважкасцi, здаецца адштухнiся i паляцiш… У той момант я не збiраўся быць наркаманам, проста лавiў кайф. Мне здавалася, што чалавек у сваiм жыццi павiнен усё паспытаць. Потым вучоба ў школе мастацтваў, жывапiс…» – Арсень прыкрыў павекі і ўсміхнуўся.

– Мае першыя поспехi….

    «У гэтага хлопчыка неардынарны пагляд на рэчаіснасць – талент заўважаць адметнае, яго чакае вялікая будучыня», ‒ казалі настаўнікі.

    «У той жа час пачаліся першыя складанасцi: цяжка захварэла мацi, не хапала грошай на лекi, на мяса, на малако, на хлеб. Пастаянная напружанасць, адказнасць за жыццё другога чалавека. Бывалi днi, што я не спаў i не еў, а мары аб поспеху адыходзiлi на другi і нават на трэці план. Гэта цягнулася доўга, невыносна доўга. І аднойчы, у адзiн такі крытычны момант, мне захацелася забыцца, расслабiцца, вярнуцца назад у дзяцiнства. Я знайшоў «траўку» ў былых сябрукоў і зацягнуўся… І тады я не лiчыў сябе наркаманам, i нават калi ўпершыню ўкалоўся, я думаў, што ў любы момант магу спынiцца.

     Усведамленне бяды прыйшло неяк зранку, як і цяперачы, памятаю, пачало трасцi i выкручваць. Сваё асабістае цела зрабiлася ворагам, якi прыносiў нясцерпны боль i пакуты. Мая асоба як быццам раздваiлася, розумам я ўсведамляў, што нельга паддавацца, што трэба змагацца, але цела ўжо не слухалася розуму, кожная клетачка хворага арганізма патрабавала сваёй звыклай дозы. Розум здаўся, я «падсеў на iголку». Тады я працягваў пiсаць карцiны, i нават пачаў заўважаць, што пад уздзеяннем наркотыка карцiны атрымлiвалiся лепшымi, больш разняволенымі і нават сюррэалістычнымі. Прыпамiнаў Ван Гога i хацеў быць падобным на яго… Тады я ўжо звыкся з думкай, што я наркаман, i заўсёды меў пра запас чэк наркаты.

Беата?! Яна таксама наркаманка. Адкуль яна прыехала ў наш горад, i цi доўга тут затрымаецца ‒ я не ведаю. Проста нам добра ўдвух. Яна прыгожая».

    Арсень ласкава пагладзiў белыя пафарбаваныя валасы сваёй сяброўкi, устаў з ложка i пайшоў на кухню.

    Усё было як заўсёды, але ўсведамленне бяды чамусцi не пакiдала. Арганiзм падказваў, што акрамя звыклай неабходнасцi ў наркатычным сродку, з’явiлася нешта новае, шчымлiва-небяспечнае. «СНІД»,– маланкай пранеслася ў разгарачоным мазгу. І адразу халодныя мурашкi пабеглi па спiне: «СМЕРЦЬ».

Арсень адчынiў халадзiльнiк, там на талерцы адiнока ляжаў салёны гурок. Яму раптам так моцна захацелася есцi, пiць, маляваць карцiны, кахаць дзяўчат, дыхаць свежым паветрам ‒ адным словам ЖЫЦЬ, што ажно пацямнела ў вачах.

«Я праверуся, сёння ж здам аналiзы, i калi ў мяне ўсё ў парадку, то больш нiколi нават не гляну ў бок наркотыкаў, ‒ паабяцаў ён некаму усёбачачаму. ‒ Мы будзем жыць, Беата народзiць хлопчыка, альбо дзяўчынку, якая разнiца, i гэта будзе самае прыгожае, саме жаданае дзiця на свеце. Потым ён, альбо яна, пойдзе ў школу, будзе займацца музыкай, маляваннем… Божа, дай маiм марам спраўдзiцца!»

    Хлопец апрануўся, нярвова паглядваючы на будзiльнiк. Стрэлкi як быццам прыраслi i не краналiся з месца. Прайшла здаецца вечнасць, пакуль пачуўся гул першага гарацкога аўтобуса.

– Ты куды? – сонна запыталася Беата.

– Я хутка вярнуся. Спi, любая, – ён пацалавау дзяўчыну ў лоб, адчуваючы асаблiвы, салодкi смак яе скуры. – Спi, хутка ўсё пераменiцца.

    Арсень стаяў ля дзвярэй пункта ананiмнага абследавання на СНІД i шаптаў як заклiнанне:«Усё будзе добра, усё будзе добра». І ў той момант, калi будынак напоўнiўся электрычным святлом i зусім маладзенькая сястрычка ў белым падкрухманеным халацiку сказала: «Вам прыдзецца пачакаць», – ён паўтараў толькi адно: « Усё будзе добра».

     Потым дзверы расчынiлiся.

– Добры дзень, сядайце калi ласка, – пачуў Арсень нiбы-та праз сон. – Я ваш лечачы ўрач Мячыслаў Фёдаравiч, перад тым, як вы здасце аналiзы, раскажыце, калi ласка, што вас прымусiла думаць, што ў вас СНІД?

– Я наркаман, – коратка адказаў хлопец .

– Так, наркаманы адносяцца да так называемай групы рызыкi. Даўно вы ўжываеце наркотыкi?

– Упершыню ўкалоўся тры гады таму, – Арсень пазбягаў прамога погляду ўрача. Яму было прыкра сазнавацца ў сваiх парочных паводзінах. – Я хацеў бы пачаць жыццё спачатку, з чыстага аркуша, ажанiцца.

– Так, добра, – урач нешта пазначыў у сваiх паперах i па-сяброўску запытаў:

– Ты не знаходзiш, што неяк няёмка размаўляць, калi я нават не ведаю, як цябе завуць?

– Арсень.

– Значыцца так, Арсень, ты зараз пойдзеш у лабараторыю i здасi аналiзы крывi. Незалежна ад таго, якi вынiк цябе чакае, ты застанешся цвяроза-думаючым чалавекам. Дамовiлiся?

    Арсень згодна матнуў галавой, у гэты моман ён ўсё яшчэ працягваў паўтараць: « Усё будзе добра, толькi трэба крышачку пацяпрець».

 

    Калi Арсень зайшоў у кабiнет урача паўторна, ён ужо не апускаў панура галаву, не хаваў вочы, а наадварот з асаблiвай уважлiвасцю ўглядваўся ў твар Мячыслава Фёдаравiча. Як быццам хацеў па бляску вачэй, па накірунку мімічных маршчынак, па колеру твару і вуснаў счытаць вынікі абследавання, дазнацца, што той скажа праз хвілю. Доктар жа, як быццам знарок, не падымаў вачэй і нават не ўсміхаўся.

– Арсень, праходзь, сядай калi ласка, – пачуў хлопец занадта роўны, прафесiйна пастаўлены голас.

Але чамусцi гэта не суцяшала, у кожным пачутым слове маладому наркаману мроiлася пагроза. Яму здавалася нясцерпна доўгай працэдура вiтання-прысаджвання: «Цягне час, значыцца баiцца напалохаць», – падумаў пра сябе хлопец.

– Калі памятаеш, пры папярэдняй размове я настройваў цябе як на станоўчы так i на адмоўны вынiк, – пачаў здалеку урач. – Ты апавінен разумець, што час бяжыць, усё змяняецца. Новыя дасягненні навукі даюць нам надзею, што праз некаторы час і гэта хвароба стане вылечнай, –  кажучы гэта ён, падышоў да акна, крыху пастаяў мошчкі, углядваючыся ў далячынь. – Што датычыцца сеняшняга твайго абследавання. Нажаль аналiз на наяўнасць антыцел да ВІЧ iнфекцыi ў тваёй крыві станоўчы. Магчыма, гэта ўсёж-такі выпадковасць, таму праз тры тыднi ты павiнен прайсцi паўторнае абследаванне, ‒ прамовіў ён, робячы невылікія прыпынкі пося кожнага завершанага сказу, як быццам ставячы кропкі.

    Толькi пасля гэтага ўрач адвярнуўся ад акна і зiрнуў у бок пацыента, аналізуючы рэакцыю на пачутае.

– Не хачу вас запалохваць, – рэзка працягваў ён, – але з гэтага дня вам спатрэбяцца ўсе вашы душэўныя i фiзiчныя сiлы, каб змiрыцца i пачаць барацьбу з хваробай. І яшчэ вы павiнны падпiсаць абавязацельства, каб пазбегнуць наўмыснага заражэння другіх людзей.

     Арсень, нібы заварожаны злым духам, глядзеў навокал утрапёным позiркам. Ён нiчога не разумеў i не чуў, акрамя слоў «станоўчы вынiк». Значыцца СНІД ужо ў ва мне, як воўк у авечай скуры ён неўпрыкмет залез у мой арганiзм i там наводзiць свае парадкi, разбурае iмунную сiстэму. Вось ён ужо прыладзiўся да спадчыннага апарату i будуе варыёны на свой лад – фабрыка смерцi ўжо запушчана. Застаецца толькi гадаць, колькi часу ёй спатрэбiцца, каб вывесцi са строю ўсе органы.

     Хлопец, быццам п’яны, выйшаў на вулiцу, сеў у першы папаўшыся аўтобус, стаў углядацца ў твары: «Вось гэтыя людзi едуць поруч са мной i не ведаюць, што таксама могуць захварэць. Напрыклад, гэты малады чалавек, нечым падобны на мяне, такая ж артыстычная, завостраная бародка, валасы звязаныя ў пучок, капялюш… Чым заняты яго думкi? Мабыць марыць аб удалым адпачынку са сваёй каханкай на далекім замежным пабярэжжы. А вунь тая маладая мацi, з дзяўчынкай на руках, нечым напамiнае Беату. Такая ж кволая, хударлявая з разгубленым позiркам. І раптам знiшчальная думка пранізала свядомасць: «Беата таксама хворая!». Мы памром разам. І нiколi не будзе яна лашчыць i тулiць да грудзей дзiця. І нiколi яно не пойдзе ў школу, не будзе гучаць музыка ў нашай кватэры, не будзе…. Божа! за што мне гэтая кара?!»

    Арсень даехаў да ўскраiны горада, выйшаў на ўзлеску. Бяздумна пачаў блукаць сярод дрэў. Вiльготнае восеньскае паветра прыемна казытала твар, наталяла смяглыя вусны, дробнымі кроплямі асядала на адзненні. Усюды адчувалася сырасць, нейкая таямнічая засцярожанасць… Нібыта прырода прытаiлася ў прадчуваннi першых халадоў. Дрэвы ўжо згубілі сваё звыклае лісцевае адзенне і стаялі зусім глыя. Нiводзiн лiсточак не стрываў, не выстаяў пад напорам восеньскіх вятроў і бур, нiводзiн не ўтрымаўся на галінцы. Цiха i панура мяклі яны пад падэшвамі, колiшнiя змагары за святло i вiльгаць.

    Раптам на абочыне лясной дарогi Арсень заўважыў незвычайны для гэтай пары святочны колер. «Што гэта, няўжо яшчэ можа нешта цвiсці?». Дзiкая шыпшына, не звяртаючы ўвагi на агульныя перад’зімовыя перамены, выпусцiла малады парастак, якi i падарыў свету кветку дзiўнай прыгажосцi. Далiкатна-ружовыя пялёсткi, нiбыта пальчыкi немаўляцi, асцярожна ахiналі залацiстае вочка асяродка. Арсень заварожана глядзеў на кветку: «Пялёсткамі тваімі стану, на дзiды сэрца накалю», – прыпомніў ён даўно пачуты верш ахвярніка-паэта. «Накалоў сваё сэрца, сваё жыццё, сваю любоў на дзіду пагубнай звычкі,– горка ўсвядоміў ён.– Гэта я сам сабе вынес смяротны прыгавор, калi ўпершыню ўзяў у рукi наркотыкi, калi цешыў сваю ганарыстасць, iмкнуўся маляваць не сваёй рукой, а рукой д’ябла. Атрымлiваў асалоду ад усведамлення сваёй неардынарнасці, непадобнасці на іншых… Ды i ў каханнi не быў пераборлiвым, колькі дзяўчат прайшло праз мой ложак, пакуль не сустрэў яе – Беату… Бог усё бачыць i карае. Няма ў мяне будучынi, як няма яе ў гэтай запозненай кветкі шыпшыны».

    Не звяртаючы ўвагi на небяспечныя калюкi, Арсень зламаў кволы парастак дзiкай ружы, i адчуў, што з пранiзаных пальцаў капае кроў…

Лiя Родная,  2002 го

bottom of page