top of page

                          ГЭТА БЫЛО Ў 1984…

                                                                                           Майму настаўніку...

 

    Вераніка была на сёмым небе ад шчасця і задавальнення – яна студэнтка. Нарэшце закончылася лета ўступных экзаменаў, бяссонных начэй і перажыванняў. І вось яна ўжо першакурсніца, студэнтка эканамічнага факультэта Беларускай Сельскагаспадарчай акадэміі. Тут, у Горках, ёй падабалася ўсё: ўтульны студэнцкі гарадок з вабнымі  вучэбнымі карпусамі, са шматлікімі асфальтаванымі дарожкамі, безліч паркаў, алеі, арыгінальныя квятнікі і нават стары перапоўнены  інтэрнат, дзе  ложкі стаялі ў два ярусы не страшыў яе. Напярэдадні – першага верасня ўсіх студэнтаў-першакурснікаў сабралі перед галоўным акадэмічным корпусам і ў святочнай абстаноўцы ўручылі новыя студэнцкія білеты і заліковыя кніжкі. Яны, гэтыя атрыбуты студэнцтва, былі насычанага барвовага колеру, з выціснутымі лагапыпамі вышэйшай навучальнай установы і пахлі свежай тыпаграфскай фарбай − і гэта таксама вельмі падабалася Вераніцы.

    У панядзелак, прачнуўшыся апалове восьмай дзяўчына хуценька апранулася, каўтнула таннай студэнцкай гарбаты і пабегла на кафедру палітэканоміі, дзе павінны былі праходзіць першыя ў яе студэнцкім жыцці практычныя заняткі.

Неяк прыглушана, па-даросламу, прагучаў званок, дзверы расчыніліся і ў аўдыторыю ўвайшоў малады чалавек у зацямнёных акулярах. Падумалася: «Можа гэта прыпазніўшыся студэнт». Але незнаёмец  падыйшоў да настаўніцкага стала і дастаў з партфеля журнал.

«Вось дык выява, няўжо ў нас будзе такі малады выкладчык палітэканоміі? − Вераніка не магла паверыць сваім вачам. − Звычайны вясковы юнак, сярэдняга росту, хударлявы, валасы цёмныя, твар невыразны, толькі-што паголены... − разважала яна. – Акуляры?! Менавіта яны надаюць яму ўпэўненасці, пазбаўляюць ад залішняй сарамлівасці і юнацкасці».

    Далейшыя назіранні студэнткі паказалі, што усё ж гэта быў не «звычайны студэнт», як падалоя ёй з першага позірку, а больш сталы чалавек. У позірку настаўніка не было той бесклапотнасці жыцця, якая свяцілася ў вачах кожнага навучэнца, што сядзеў насупраць настаўніцкага стала. Вераніка, як заварожаная слухала, як Павел Іванавіч Церах, а менавітв так ён прадставіўся, знаёміўся з групай: Арцюх Марыя,  Алейчык Іна, Баран Ала, Басалай Ірына, Бура Анатоль, Глаз Генадзь... Кожны, каго называў настаўнік павінен быў устаць. Апошняе прозвішча − Шкуцько Вераніка. Яна паднялася са свайго месца, каб прывітацца і на нейкую хвіліну іхнія позіркі  сустрэліся... Было неяк няёмка адчуваць на сабе гэты  пранізлівы, дапытлівы позірк выкладчыка, па спіне дзяўчыны пабеглі колкія мурашкі, а шчокі  сарамліва зачырванеліся.

− Ну вось, мы і пазнаёміліся, − сказаў Павел Іванавіч, і было  зусім не зразумела, каму ён адрасаваў гэтыя словы, усёй групе, ці толькі ёй адной − Вераніцы.

Пачаліся заняткі. Павел Іванавіч, як цярплівы дэрыжор, кіраваў рэпетыцыяй новага, яшчэ нязлажанага аркестра: пытанні, адказы, фармуліроўкі, высновы... І ўсё ў яго атрымлівалася гладка, узважана, грунтоўна. А  на прыканцы заняткаў настаўнік прапанаваў:

    Каб лепш замацаваць пройдзены матэрыял, няхай хто-небудзь з вас падрыхтуе невялікае выступленне на аналагічную тэму. Каму мы гэта даручым? − усе маўчылі. Тады выкладчык зазірнуў у журнал:

 − Я думаю добра справіцца з даручэннем Шкуцько Вераніка

У гэты момант празвінеў званок.

    Увесь астатак дня Вераніка толькі і думала аб практычных занятках па палітэканоміі. «Чаму менавіта мне ён даручыў рыхтаваць выступленне», − задавалася пытаннем дзяўчына і ўсё пракручвала ў памяці закрануўшае душу:«Вось мы і пазнаёміліся».

         Неўпрыкмет праляцеў першы студэнцкі тыдзень. З прыўзнятым настроем ішла Вераніка на наступныя практычныя заняткі па палітэканоміі. Добрасумленна падрыхтаваўшыся, перабраўшы гару разумных фаліянтаў і выпісаўшы ўсе патрэбныя выказванні і азначэнні, яна была гатова рынуцца ў бой. Але калі Павел Іванавіч папрасіў выступаючага заняць сваё месца за трыбунай, Вераніка  разгубілася. Як аказалася ў яе напрач адсутнічалі навыкі публічных выступленняў, і тыя крохі ведаў, што яна сабрала, седзячы ў чытальнай зале, ураз выветрыліся з яе дзявочай галавы. Толькі з адной свядомай думкай: «Хутчэй прачытаць усё напісанае на аркушы паперы і вярнуцца на сваё месца», − яна стала страчыць словамі з даклада ў такім тэмпе, што губляўся ўсялякі сэнс выступлення. І толькі па асобных выразах можна было зразумець, што даклад вядзецца на рускай мове і гаворка ідзе аб нечым эканамічна-палітычным, ці палітычна-эканамічным.    

    Выступленне скончылася гэдак жа раптоўна, як і пачалося. Наступіла поўная цішыня.

− Ну што ж, нам была прадстаўлена досыць цікавая і пазнавальная інфармацыя. Але давайце ўсё ж пакінем гэтыя касмічныя хуткасці і вернемся да зямных паслядоўных пераходаў. Ну скажам так:

− З чаго вы пачынаеце сваё выступленне, Вераніка?..

«Павел Іванавіч, ён усё разумее, ён ведае, што галоўнае і абавязковае, а на што можна наогул не звяртаць увагі. А я – я  нейкая раззявака», − дакарала сябе дзяўчына.  Заняткі працягваліся, а Вераніка ўсё ніяк не магла прыйсці да раўнавагі пасля такога, на яе погляд правальнага выступлення. Супярэчлівыя думкі роіліся ў яе маладой галаве: то ёй хацелася плакаць, то наадварот яна намервалася адпомсціць, даказаць настаўніку, што яна не горш, а нават лепш за яго разбіраецца ў гэтым пытанні.

 

 

    Увечары ў інтэрнаце стала ўсім  вядома, што цэлы месяц заняткаў у ВНУ не будзе. Усе студэнты адпраўляюцца ў калгас на ўборку ўраджая бульбы.  Пачуўшы гэтую навіну Вераніка ўпершыню за ўвесь дзень усміхнулася. Гэта было хоць нейкім ды выйсцем са складанай, неадназначнай сітуацыі.  «Вось і добра, вось і добра! − шаптала яна, − за гэты час усё забудзецца, стане на свае месцы. І Павел Іванавіч на наступны раз нават і не прыпомніць, што я рабіла даклад». З гэтай суцяшальнай думкай прыйшла яна на наступны дзень да вызначанага месца збору студэнтаў.

    Ля новай шматпавярхоўкі ўжо сядзелі і стаялі групкі маладых людзей, гатовых да працоўных подзвігаў. З усіх бакоў чуліся кпіны, здзеўкі, смех. Моладзь была перапоўнена рамантыкай  вандраванняў і прыгод.

− Калі я не памыляюся, гэта група нумар адзін? − раптам пачула Вераніка голас Паўла Іванавіча ў сябе за спіной.

    Ад нечаканасці яна чуць не падскочыла на тым месцы на якім стаяла, а тым часам настаўнік працягваў:

 − Добрай раніцы, я бачу, ўжо ўсе сабраліся, тады можаце займаць свае месцы ў аўтобусе. На некаторы час я буду вашым кіраўніком.

«Зноў ЁН, − збянтэжана думала Вераніка, − няўжо ў акадэміі няма іншых выкладчыкаў? І што мне цяперачы рабіць?..»

    Дарога была нядоўгай. Праз паўгадзіны ўся група сядзела ля калгаснай канторы і працягвала кпіць і весяліцца. Старшыня калгаса,  мажны чалавек сярэдняга ўзросту ў шэрым драпавым паліто, з недаверам акінуў позіркам гурт першакурснікаў, побач я якім праходжваўся зусім малады настаўнік-кіраўнік.  Але, наўздзіў, павучаць нікога не стаў, толькі прамовіў:

− Размяркоўвайцеся па кватэрах. Снеданне, абед і вячэра ў калгаснай сталоўцы, заўтра на працу.

    Алачка са здзеклівым прозвішчам Баран выказала жаданне кватаравацца з Веранікай, а паколькі ніхто нічога супраць не меў, то яны ўдвух адправіліся на пошукі кварэры ў суседні  двухпавярховы будынак. І праз некаторы час знайшлі кватэру: увішная, ружовашчокая брыгадзірша Ліда Смірнова выдзеліла аддзельны пакой студэнткам-памачніцам.

    У сумеснай працы адразу раскрываеца характар чалавека. Праца паказвае, хто на што здатны. Так, з першых дзён сумеснай працы на бульбяным палетку стала зразумела, што, напрыклад, Ірынка Басалай − майстра на ўсе рукі: і да працы здатная, і песню завядзе заслухаешся, а танчыць пойдзе − не ўгонішся. Ёй нават смешную  мянушку далі  «два прыхлопы, тры прытопы».  Толік Бура − стараста групы, вельмі адказны праўдзівы хлопец, з першых дзён прыкіпеў душою да Арцюх Марыі, ганарлівай прыгажуні з залацістымі кудзеркамі і невялічкімі прываблівымі рабацінкамі на твары. Алачка таксама не губляла час дарма, яна хутка перазнаёмілася з усімі больш-менш дастойнымі хлопцамі і цяперачы круціла носам, выбіраючы з кім пайсці на свіданку. Вераніка ж заставалася заўсёды  таямніча-халоднай, аддаленай ад іншых студэнтаў. І нават ахвочая да гаворкі Алачка, не ведала аб чым марыць яе новая сяброўка, чаму часам сумуе.

Павел Іванавіч знаходзіўся заўсёды недзе пабач,  зранку забяспечваў «фронт» работ, сачыў, каб усе прыходзілі на снеданне, потым дапамагаў у працы, па-магчымасці выгружаў вёдры з сабранай бульбай, увечары прыходзіў  у клуб, назіраў за танцамі.

    Настаўнік і вучні былі людзьмі аднаго пакалення, прайшлі аднолькавы шлях, падымаючыся па лесвіцы грамацкага выхавання ад акцябрацкай зорачкі, піянерскага гальштука,  да камсамольскага значка і пайшлі б далей да партыйнага білета, калі б не пачуўся голас новага Генеральнага сакратара: перабудова, галоснасць, паскарэнне...  Ім зайздросцілі: «Шчасліўцы, вы будзеце жыць у іншы час. Вас чакаюць вялікія здзяйсненні...» − казалі людзі.  І яны верылі. А як жа йначай,  у той момант кожны адчуваў на сабе вялікую адказнасць за будучыню сваёй, абуджанай ад камуністычнага сну, Радзімы.

Здавалася, вось атрымаюць яны атэстаты, прыдуць на вытворчасць, увядуць новыя перадавыя тэхналогіі, арганізуюць брыгадны падрад… Заработак у калгаснікаў стане не фіксаваны і не такі мізэрны, як зараз, а напрамую будзе  залежаць ад вынікаў працы. І зажывуць тады ўсе сяляне па-новаму, па-чалавечы.

Так думалася і марылася ў тыя гады, але, як паказаў час, не ўсё спраўдзілася і не ўсё збылося. Кола лёсу было ўжо ўжо запушчана, і ў кожнага гэты лёс быў розны...

Пасля працоўнага дня  моладзь весела бавіла час. Часта збіраліся гуртам у сельскім клубе, глядзелі кіно, таньчылі. Павел Іванавіч таксама прыходзіў у клуб, але ў якасці назіральніка. Ён не прымаў удзел ў агульным вяселлі. Вераніка ж адчувала яго прысутнасць у зале, дзе б ён не знаходзіўся, што б ён не рабіў. Дзяўчыне здавалася, што паміж ім і ёй існуе нейкая нябачная телепатычная сувязь. У прысутнасці выкладчыка яна  рабілася сама не свая: таньчыла, здаецца, толькі дзеля яго, хацела падабацца толькі яму аднаму, смяялася і весялілася з аглядкай, ці глядзіць у яе бок Павел Іванавіч.

Алачка ж не лётала ў аблоках, як яе рамантычная сяброўка. Яе  абраннік − Генадзь, ужо некалькі разоў праводзіў яе да хаты. Верніка не зайздросціла сяброўцы, бо не лічыла гэтыя адносіны нечым сур’ёзным. Генадзь быў улюбёнцам дзявочай паловы групы, хлопец ён быў гаваркі і не скупіўся на абяцанкі, прызнанні ў каханні і ўсё астатняе. Алачцы ж гэтыя заляцанні былі вельмі да спадобы. Пасля спатканняў яна прыходзіла дахаты такая ўзрушаная і шчаслівая:

  • Веранічка, а ты цалавалася з хлопцам? Так, па-сапраўднаму, каб ажно галава ішла кругам  і ўсё наўкола плыло, плыло?

Вераніка маўчала.

− Няўжо цябе ніхто  не цалаваў? − не ўнімалася сяброука. – Гэта ж так прыемна...

 

Сёння, як і звычайна апошнім часам, пасля танцаў Генадзь праводзіў Алачку да хаты. Але, калі яны звярнулі ў знаёмы перавулак і Вераніка сабралася ўжо бегчы да сябе, ён моцна сціснуў яе руку:

− Ну куды спяшаецца наша прынцэса? Сорамна ў такія гады класціся спаць без пацалунка,− прамовіў з кпінам хлопец і прыціснуў да сябе.

Вераніка не магла вырвацца з яго абдымкаў. Ён быў дужэйшы і спрытна справіўся з яе няўдалай дзявочай абаронай. У рэшце-рэшт Генадзь яе пацалаваў. Гэта быў толькі момант, іхнія вусны сутыкнуліся − незнаёмая дасюль гарачая хваля запалу прабегла па ўсім целе, было вельмі сорамна. «Чаму так? Чаму сілай?» − глытаючы слёзы пакрыўджана думала Вераніка.

 

Алачка болей не пасмехалася над сваёй задуменнай суседкай, а злосна маўчала, бо Генадзь больш не захацеў да яе заляцацца.

Невядома каму першаму прыйшла ў галаву ідэя правесці свята пасвячэння ў студэнты. І вось ужо ўся група пераўтварылася ў гурт  загаворшчыкаў. Абдумвалі і абмяркоўвалі план мерапрыемства ўтая, каб Павел Іванавіч не здагадаўся. Увечары, як толькі пачало змяркацца, па чарзе, каб не выклікаць падазрэння і не трапіць на вочы начальству, пачалі збірацца ў прылеску. Потым на паляне знайшлі ўтульнае месца і запалілі касцёр. Усё было таямніча-прыгожа.

Рытуал пасвячэння заключаўся ў тым, што кожны студэнт павінен быў даць клятву вернасці групе, сваім сябрам па вучобе і выпіць прыгатаваны чароўны напой. Вераніка, па сваёй сутнасці вельмі ўражлівая і летуценная натура, здаецца, пераўтварылася на некаторы час у загадкавую лясную фею. Як і ўсе астатнія яна аперазалася белай прасціной, распусціла валасы і, як зачараваная, глядзела на вогненныя языкі, якія вылёталі з кастрышча. Калі падышла яе чарга прымаць прысягу, пранікнёна прачытала клятву, выпіла чароўны напой, які насамрэч аказаўся досыць моцным самагонам. Потым усе разам скакалі праз касцёр, спявалі песні, шукалі кветку шчасця.

Здаецца, толькі на хвілінку Вераніка адышла ад агню, а ўжо цемра ахутала яе з усіх бакоў. Дзяўчына адчула, што нехта ідзе следам, але не спалохалася, у галаве быў салодкі туман:« Гэта нехта свой, з нашых», − падумала яна.

Гэта быў Генадзь. Ён увесь час сачыў за дзяўчынай і пайшоў за ёй следам «шукаць кветку шчасця». Асцярожна, быццам баючыся напалохаць, ён паклаў сваю далонь ёй на плячо. І словы з яго вуснаў паліліся ласкавыя, як быццам салодкія карамелі. Ен гаварыў, што ўсё жыццё марыў сустрэць такую дзяўчыну, як яна – Вераніка. Што яна сапраўдная багіня, сыйшоўшая з нябёсаў, што ён гатоў усё жыцце насіць яе на руках… Словы ўсё ліліся і ліліся − бясконца салодкія і цягучыя, і дзяўчына, быццам муха, прапіўшая ў салодкі сіроп, не магла ўжо супраціўляцца гэтаму прытарна-салодкаму цячэнню. Усё  адбывалася нібыта ў сне: словы, пацалункі, абдымкі...

І раптам яна схамянулася, ёй падалося, што Павел Іванавіч тут побач, стаіць і назірае. Нічога не кажучы Вераніка вырвалася з нялюбых абдымкаў і кінулася наўцёкі.

На наступны дзень быў дождж. Усё неба аблажылі хмары, і не было ніводнага прасвету, ніякай надзеі на лепшае надвор’е. Вераніка з Алачкай не пайшлі на снеданне і на працу,  так і засталіся ляжаць у ложках.

Час ішоў марудна. Кроплі дажджу барабанілі ў шыбы, і сцякалі дробнымі ручаінкамі ўніз. Раптам нехта настойліва пастукаў у дзверы. Вераніка ўстала, апранулася, пабегла адчыняць. Там, за парогам, стаяў Павел Іванавіч. Вераніка раптам адчула, як учарашняе незнаёмае да гэтуль блазлівае пачуццё паглынае ўсю яе дзявочую істоту. Яго, толькі яго − Паўла Іванавіча, хацела яна бачыць побач з сабою цяпер і ўсё астатняе жыццё. У гэты момант больш за ўсё на свеце ёй хацелася падысці да яго, зняць гэтыя зацямнёныя акуляры, якія, нібыта шоры, не давалі іхнім позіркам сустрэцца, паглядзець у каханыя вочы і забыцца аб усім на свеце. Менавіта цяпер яна зразумела, што кахае яго. Яны стаялі адзін супраць аднаго і маўчалі.

  • У вас што небудзь здарылася? − нерашуча прамовіў Павел Іванавіч.

Вераніка хацела крычаць у адказ: «Так, здарылася, здарылася, толькі ты нічога не заўважаеш. Я кахаю цябе!».  Але яна маўчала.

− Я ў вас пытаю, што здарылася? Чаму вы не прыйшлі на снеданне? – парушыў прыгажосць моманту Павел Іванавіч.

− Няма апетыту, − здзекліва прамовіла дзяўчына. Яна помсціла, за непачуты крык душы, за неразуменне яе парыву. І ў той жа момант жорсткія агеньчыкі загарэліся ў зрэнках.

Павел Іванавіч, не чакаючы такога павароту размовы, адступіў:

− Сёння працаваць не будзем, адпачывайце, а заўтра, як заўсёды, збор у восем раніцы.

Ён ужо выйшаў на вуліцу, на яго падалі кроплі дажджу, а яна ўсё стаяла і глядзела ўслед.

  Вераніка плакала моўчкі, па-даросламу,   упершыню адчуўшы, што дзяцінства скончылася і няма побач матулі, якая суцешыць, вытра слёзы, засцеражэ ад усіх нечаканасцей...

 Невядома, колькі б часу ёй прышлося гараваць у адзіноце, але жыццё зноў зрабіла нечаканы паварот, і парушыла планы моладзі. У той жа дзень старшыня калгаса сабраў групу студэнтаў першакурснікаў у  сваім працоўным кабінеце. Павел Іванавіч таксама быў запрошаны.

Калі ўсе больш-менш ўладкаваліся, старшыня калгаса  падняўся са свайго месца і па-мужчынскі зычным голасам пачаў выкладаць наступныя факты:

− Два студэнты вашай групы ўчора ноччу, у нецвярозым стане праніклі на тэрыторыю машыннага двара, узялі без дазволу трактар і, як у далейшым высветлілася, паехалі ў Горкі на дыскатэку.  Пры выяздзе з гаража іх заўважыў стораж, і паставіў у вядомасць мяне. Праўда, уранку тэхніка была вернута на месца самімі ж парушальнікамі. Але факт застаецца фактам. І па шчаслівай выпадковасці ніхто не пацярпеў. – Старшыня цвёрдым свідруючым поглядам акінуў усю групу і спыніўся на асобе Паўла Іванавіча. − Перад тым як прыняць якое небудь рашэнне мне хацелася б пачуць ваша меркаванне накот того, што адбылося.

Усе панура маўчалі апусціўшы галовы.  Павел Іванавіч, сам яшчэ ўчарашні студэнт, прыняў удар на сябе, ён сказаў:

− Вядома, учынак не надае гонару ўсім нам. Не даглядзелі, не ўтрымалі, не перасцераглі... Але хто не робіць памылак у юначыя гады? І хто з нас можа сказаць, што ён ніколі не памыляўся?  А цяпер давайце падумаем, якія наступствы  нас чакаюць, калі справа набудзе шырокую агалоску. Мала таго, што хлопцаў тут-жа турнуць з акадэміі, дык гэта можа негатыўна адбіцца і на паказчыках выхаваўчай работы ВНУ. Ды і калгас не застанеецца без спагнанняў, што гэта за ахова, калі ў вас тут можна, вось так запраста,  узяць тэхніку з машыннага двара і катацца ўсю ноч.  Я не здымаю з сябе ніякай адказнасці, але ў той жа момат заклікаю да цвярозамыслення і спагады. Падумайце, у гэты момант мы можам загубіць будучыню гэтых маладых людзей, але ж яны толькі пачынаюць жыць і яшчэ не ўсталі на крыло.

Далей былі іншыя выступленні, нехта спачуваў хлопцам, нехта ганіў, але асноўная лінія паводзін ужо была вызначана, і цяперачы кожны спрабаваў па-свойму сказаць, якія добрыя хлопцы і як дрэнна зрабілі.

Пасля гэтага здарэння жыццё ў групе, як быццам, пайшло сваім звычайным ходам, але чамусці кожны адчуваў, што ўжо няма ў адносінах былой святочнасці і ўрачыстасці, няма чысціні адносін. Быццам на чыстым небасхіле жыцця з’явілася невялічкая чорная кропка няпраўды. Яна была непрыкметнай для пабочнага назіральніка, здаецца, ўсё было як і раней, але гэтая невялічкая брудная кропка непакіола, яна была дрэнным знакам і магла пераўтварыцца праз час ў нешта вялікае і разрушальнае.

«Ці можна пакідаць зло непакараным? Ці можна быць абыякаваым, калі парушаюцца законы грамацтва?» – кожны з прысутных задаваўся гэтымі пытаннямі і кожны не знаходзіў на іх адказу.

 

Неўпрыкмет праляцелі яшчэ два тыдні, і прыйшоў час вяртацца на вучобу. Надвор’е з кожным днём псавалася ўсё больш і больш. Адразу зачасцілі дажды, а тасля захаладала, пачало падмарожваць і сняжыць.

На пачатку зімы, прыбегшы, як заўсёды ў панядзелак, на першую пару, студэнты весела балабонілі, кпілі і жартавалі. Прыглушана і нават неяк трывожна празвінеў званок, запрашаючы студэнтаў на заняткі па палітэканоміі. Але настаўнік чамусці не прыходзіў.

Нейкі невядомы да гэтуль камяк падступіў да горла Веранікі, яна яшчэ не разумела, чаму так сцялася сэрца, чаму так невымоўна-жудасна на душы. Як быццам яна толькі-што заўважыла, што тая невялікая чорная кропка, пастаўленая злачынным учынкам яе аднагрупнікаў на сельскагаспадарчых працах у калгасе,  пачынае расці. «Павел Іванавіч не прыйшоў на заняткі, − думала Вераніка, − не прыйшоў замест яго і другі выкладчык...» Кожная хвіліна прыбаўляла напружанасці.  І раптам дзяўчына пачула:«Заняткаў не будзе. Загінуў выкладчык кафедры палітэканоміі, Павел Іванавіч Церах». Разбуральная чорная сіла, нібы віхура падхапіла Вераніку. Усё заскакала, закруцілася перад вачамі. То з аднаго, то з другога боку чулася: «Галалёд..., займаўся бегам..., п’яны трактарыст..., гусеніца..., яго не маглі распазнаць...» Смерч уварваўся ў маладое жыццё, перавярнуў і знішчыў чалавечы лёс, загубіў такі кволы і безабаронны расточак надзеі на каханне. Вераніка згубіла прытомнасць.

Прыйшла да памяці яна на бальнічным ложку і глядзела на свет вялікімі блакінымі вачамі, на свет у якім ужо не было ЯГО.

Лія Родная 1998 год

Апавяданне друкавалася ў літаратурным  часопісе «Першацвет»

 

 

bottom of page