top of page

                               З ВЕРАЙ У БОГА…

  Як вы лічыце, колькі грошай трэба чалавеку? Адзін пагадзіцца на тысяч 300-400 у месяц, другому падавай мільёны і ўсё роўна будзе мала.

  А вось у вёсцы Крывуліна Круглянскага раёна жывуць дзве жанчыны, якія ставяцца да грашэй зусім абыякава, калі не сказаць варожа.

  Сёстры Барабанавы ‒ Еўдакія Мацвееўна 1913 года і Кацярына Мацвееўна 1917 года нараджэння ‒ вядуць вельмі своеасаблівы лад жыцця. Яны адмаўляюцца не толькі ад сацыяльнай пенсіі, але і ад атрымання разавых дапамог. «Нам не патрэбны грошы, ‒ упэўнены бабулькі, ‒ у нас усяго хапае, а лішняга браць не будзем».

   Пры дарозе стаіць невялікая хатка, абгарожаная вельмі старым нетрывалым плотам. Заходзім у хату. У сенцах акрамя некалькіх свежанапілаваных абрэзкаў дроў нічога няма. Нічога лішняга і ў жылым памяшканні, толькі самае неабходнае: ложак, стол, некалькі старых стулляў, ікона.

   Каля печы тупаюць гаспадыні:

   ‒ Дзень добры ў хату, як жыццё-быццё?

   ‒ Ды дзякуй Богу, жывём.

   Хударлявыя, жвавыя бабулькі займаюцца сваёй гаспадаркай:

  ‒ Вось толькі-толькі ў хату зайшла. Дровы пілавала, ‒ кажа Кацярына Мацвееўна.

   ‒ А я ў пограб за бульбай сабіралася лезці, ‒ тлумачыць Еўдакія Мацвееўна. ‒ Гаспадаркі вялікай у нас няма. Раней была карова, авечкі, курэй трымалі, а цяперачы засталіся двое: кот-мурлыка ды курачка-нясушка. Але гэта не бяда. Галоўнае на Бога не забывацца…

   Пад’еў, не забудзь Богу падзяку выказаць за тое, што ёсць у цябе на стале.

   А на стале ў Барабанавых вараная бульба (Бог даў урадзіла ў гэтым годзе), агуркі, капуста. Магазінныя прысмакі трапляюць зрэдку ад суседзяў і іншых добрых людзей. Гэдакая ж рэдкасць на стале малако і мяса.

   ‒ Цяпер што? Людзі хочуць смачна пад’есці і паляжаць. А чалавеку трэба працаваць, у поце свой хлеб здабываць. Лянота, калі завалодае чалавекам, горш любой хваробы. У нас яшчэ хапае сіл, каб ускапаць свой агарод, пасадзіць бульбу, нарыхтаваць дроў, прынесці вады.

   У хатцы няма ні электрычнага святла, ні радыё. Уся павага да іконы.

   ‒ Чалавек без малення, што рыба без вады, ‒ кажуць сёстры. ‒ Спаць кладзёмся з малітвай і падымаемся з хвалой Госпада. На гэтым і свет белы трымаецца, на веры і на працы.

   ‒ А грошы нам не патрэбны. Нельга адначасова служыць і Богу, і Мамоне.

   Да дактароў звяртацца сёстрам няма патрэбы. Абмінаюць іхняе хліпкае жытло хваробы і іншыя непрыемнасці.

Калі ўдумацца, то яно толькі на карысць: жыць у згодзе з сабой, са сваім сумленнем, не перагружаць арганізм рознымі канцэнтратамі і харчовымі паўфабрыкатамі, працаваць на зямлі, на свежым паветры.

 

   Углядаешся ў гэтыя вочы, поўныя непахіснай веры і ўдзячнасці Ўсявышнему і думаш: «Чаго нам не хапае, людзі? Грошай, ці святасці?..»

 

    Наталля Ніканчук

   Круглянская раённая грамадска-палітычная газета «Сельскае жыццё» ад 17 студзеня 1996 года

bottom of page