Мары
Аб чым мараць дзеці
На ўсёй планеце?
Мараць дзеці ўсёй Зямлі,
Што нідзе няма вайны,
Жывуць людзі ўсе ў згодзе
І не думаюць аб шкодзе.
Садзяць, сеюць, убіраюць,
І ва ўсім парадак знаюць.
Добрым словам прывітаюць
І дабранач пажадаюць.
Ладна дзеткам там жывецца,
Дзе рачулка ласка льецца.
Марыць хлопчык і дзяўчынка,
Мараць кожную хвілінку,
Каб у кожнага былі
Паважаныя бацькі.
«Тата з мамай сябраваў,
Нас у крыўду не даваў,
А яшчэ хачу таксама,
Каб мая нарэшце мама,
Мне сястрычку падарыла,
Альбо браціка купіла»,−
Кажа хлопчык невялічкі
Апусціўшы вочы нічкі.
Мараць дзеці на планеце,
Каб прамчацца на ракеце,
Праляцець на самалёце,
І адчуць сябе ў палёце.
На вялізным караблі
Абысці ўвесь шар зямны.
-
Што гэта за Афрыка,
Не спужаеш марака,
Ці жыве тут Бармалей,
Які есць малых дзяцей?
-
А ці праўда, што ў кіта
Трыццаць метраў даўжыня?
Папытаю ў Антарктыдзе,
Калі лайнер наш падыдзе:
-
І чаму гэта пінгвіны,
Не ляцяць, хоць маюць крылы?
Да Аўстраліі звярну
І спытаю, як змагу:
-
Куды скача кенгуру,
Мае ён сваю нару?
Шмат пытанняў ёсць у нас
Паспрабуйце даць адказ.
Мараць дзеці на Зямлі,
Бо маленькія яны.
-
Каб дарослым хутчэй стаць,
Многа грошай зарабляць,
Цацак цэлую гару,
Я тады купіць змагу.
А яшчэ хачу цукерак,
Розных гумак і паперак,
Каб дазволу не пытаць
І на вуліцы гуляць.
І каб мама перад сном
Пачытала казку зноў,
Пра разумнага катка ,
Ці зладзея-павука,
Ці яшчэ аб чым-нібудзь,
Каб лягчэй было заснуць.
-
Мы з дзядулем дружбакі,
Будзем ездзіць на кані.
Будзем мчацца цераз поле,
Пераскакваць цераз горы,
Аж да мора Чорнага −
Гэта мара кожнага.
А калі ўжо на золку,
Гэта скончыцца вандроўка,
Каб бабуля на сняданак,
Напякла такіх аладак
З макам, з мёдам і з варэннем,
Што сакочуць на патэльні.
І так хочуць у рот папасці −
Паспявай туды іх класці,
Каб наеўся пуз-гарбуз,
І падужаў карапуз.
Мараць дзеці
Ва ўсім свеце,
Каб у кожнага былі
Свае лепшыя сябры.
Калі з Машай мы гуляем,
То аб часе забываем.
Разам ладзім, выдумляем,
Ці карцінкі выразаем.
Калі ў госці прыдзе Жэня,
То ў машыне мы паедзем,
Будзем грузы мы вазіць,
Калі трэба тармазіць.
Завітаецца Аленка,
Ну зусім яна паненка,
У зялёным сарафане
Лялькай сядзе на дыване.
Лепшы сябар мой − Андрэйка,
У яго была наклейка,
-
На вазьмі яе, дружбак,
Мне не шкода аніяк.
Вось дык Саша, вось дзівак,
У руцэ яго пятак
Хоча ён купіць адразу
Усім хлопцам па КамАЗу
І дзяўчунак не забыць,
Ляльку кожнай падарыць.
Марыць Каця-Кацярынка,
Вельмі добрая дзяўчынка,
Каб дазволілі бацькі
Кацянятка прынясці:
-
Будзем разам мы гуляць,
Есці, мыцца, нават спаць,
Толькі будзьце так ласкавы
Не выкідвайце маляву!
Калі добра прыглядзецца,
То відаць куды імкнецца
Непаўторная душа
Непаседы-малыша
І дарослы чалавек
Летуценняў носіць мех,
Ды не хоча ў тым прызнацца,
Кабысь не расчаравацца.
1996г.