ВЫХАВАННЕ МАСТАЦТВАМ
Будзьце вы шаўцом, ці прафесарам хіміі, але калі ў вас не адкрыта душа да любога з мастацтваў, ‒ значыць вы калека, такі ж, як быццам бы ў вас няма аднаго вока, альбо вы аглохлі.
Л.В. Луначарскі
Калі нараджаецца дзіця, яго душа падобна на чысты аркуш паперы. Чым ён запоўніцца, якія сімвалы набудуць найбольшую вагу менавіта для гэтага чалавека ‒ гэтыя пытанні павінны хваляваць у першую чаргу бацькоў і настаўнікаў.
Нельга спадзявацца, што дзіця само разбярэцца ў існуючай рэчаіснасці, запоўніць усе прабелы выхавання. У цяперашні час, калі экраны тэлевізараў перапоўнены іншаземнай рэкламай, калі відэапракат прапануе фільмы са зместам «сіла кіруе светам», у гэты складаны момант нельга забываць аб станоўчым уздзеянні культуры на выхаванне дзяцей і моладзі.
Як правіла, маленькі чалавек праяўляе інтарэс да аднаго з відаў мастацтва: ці гэта музыка, ці маляванне, ці танец. Задача бацькоў запрыкмеціць, не пакінуць без увагі тыя невялікія парасткі таленту, якія закладзены ў кожнай асобе. Тады любімы занятак стане асновай усебаковага мастацкага развіцця, ключом да разумення свету прыгажосці.
Нялёгкую адказную задачу эстэтычнага выхавання выконвае ў нашым раёне школа мастацтваў, якой кіруе Васіль Аляксеевіч Патапаў. Тут існуюць тры асноўныя аддяленні: музычнае, харэаграфічнае, мастацкае.
На музычным аддзяленні рыхтуюцца вучні па класе фартэпіяна, баян, акардэон, скрыпка, домра, цымбалы, духавыя інструменты.
Аддзяленне харэаграфіі збірае прыхільнікаў бальнага, класічнага, народнага танцаў.
Выяўленчым мастацтвам, графікай і скульптурай займаюцца дзеці на мастацкім аддзяленні.
Усяго ў школе мастацтваў знайшлі сабе справу па душы 260 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Асабліва хацелася б адзначыць працу выкладчыкаў і настаўнікаў школы. Гэта дружны і згуртаваны калектыў. Нягледзячы на складаныя умовы працы (не хапае месцаў для індывідуальных заняткаў, існуюць цяжкасці з матэрыяльным забяспячэннем), яны з дня ў дзень перадаюць свае веды і натхненне маленькім выхаванцам. Гэта выкладчыкі музыкі: В.К. Верам’ёў, С.В. Бяляцкая, А.П. Іванова, А.А. Зямскова, Н.У.Казлова, Ю.В.Казлова, А.І. Раўская, А.А. Бардашоў, Т.М. Цімошчанка, А.Г. Бараноўскі, Н.А. Палякова. Сваю справу робяць мастакі Г.Н. Лапацентава, С.І. Макарава, А.У. Зайцава. Добрых слоў заслугоўваюць таксама выкладчыкі харэаграфіі Н.П. Кудрэвіч, І.Г. Нікалаева, Т.Г. Радоўская.
І іх намаганні не прападаюць дарэмна. Навучэнцы школы мастацтваў рэгулярна прымаюць удзел у святочных выступленнях, якія праводзяцца ў нашым раённым Доме культуры, і паказваюць нядрэнныя вынікі на конкурсах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.
Як гаворыць Аляксандр Георгіевіч Бараноўскі, кіраўнік дзіцячага ансамбля духавых інструментаў ‒ музыка падобна на наркотык, калі пачынаеш ёю займацца, то хочацца яшчэ і яшчэ больш. Напэўна так яно і ёсць, бо няма межаў у дасягненні дасканаласці.
Наталля Ніканчук
Круглянская раённая грамадска-палітычная газета «Сельскае жыццё» ад 1 лістапада 1995 года