ЖЫТА ‒ АД СЛОВА ЖЫЦЬ
Не забыта ў народзе паданне, што недзе за сінімі морамі, высокімі гарамі ды дрымучымі лясамі жыве чароўная птушка ‒ птушка шчасця. Дапамагае яна людзям у бядзе, ад холаду і голаду засцерагае. А той чалавек, які ўбачыць цуда-птушку, самым шчаслівым, самым удалым на свеце будзе. Дзіва ды і толькі.
А прыйшло на памяць мне гэтае паданне ў час наведвання нашага краязнаўчага музея, дзе не так даўно пачала працаваць выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Чаго толькі тут не ўбачыш: сурвэткі, рушнікі, абрусы, разьба по дрэве. Але ўсё ж галоўнае месца аддадзена вырабам з саломкі. Вось прыгажуні-птушачкі: хвосцікі завіваныя, пёркі распушаныя, дзюбкі навастрылі. Здаецца, вось-вось узмахнуць крыламі і паляцяць.
Менавіта такой, зробленай з залацістай жытнёвай саломы, уяўляецца мне птушка шчасця нашага жыцця. А стварае гэтую прыгажосць Ганна Лявонаўна Саланенка, народная майстрыца нашага раёна.
‒ Хто вас навучыў плесці саламяныя вырабы? ‒ запытваюся я ў гаспадыні.
Жанчына прызадумалася, крыху апусціла галаву, сказала, нібы разважаючы:
‒ Мая маці была майстрыхай на ўсе рукі: і прасці, і ткаць, і вышываць умела, а дзецям дзеля забавы рабіла птушачак: з гліны, з саломы, нават са снегу. Тата таксама майстраваў: лапці плесці ўмеў, добра шыў. Да яго людзі звярталіся, калі была такая патрэба.
Колькі сябе памятаю жыццё наша было звязана з зямлёй, з жытам, з саломай. Матухна-зямля і карміла, і адзявала. Дах саломай накрывалі, замест фіранак на вокны плятні з саломы рабілі, спалі ж таксама на саматканых саламяных матрацах. З тае пары я і сябрую з гэтым рамяством. Дапамагае яно мне, не дае сумаваць ды і ў хату нейкі прыбытак прыносіць.
Зробіш, бывала, кветачку, ці тую ж птушку ‒ і на душы весялей, свята ў хаце. А потым узялі мае вырабы ў музей, зацікавіліся людзі. З’явілася нейкае творчае натхненне, пачала працаваць мэтанакіравана.
Вось, напрыклад, кампазіцыя «Ехаў дзедка на кірмаш, з ім на возе баба» атрымала вельмі высокую ацэнку. Цяпер я працую над увасабленнем у саломку персанажаў казак А.С. Пушкіна. Пасля завяршэння працы атрымаецца кампазіцыя пад назвай «У лукоморья дуб зеленый…»
Я з цікавасцю разглядаю ўсе дэталі незавершанай кампазіцыі. Праца, як кажуць, у самым разгары: хатка на курыных ножках ужо зроблена, ступа для бабы-Ягі таксама, блізкая да завяршэння і цямніца для прыгажуні-царэўны. Далей па плану будзе выконваца волат-дуб, вакол якога будзе хадзіць «кот вучоны».
Усё настолькі прывабна і цікава, што нават вачам сваім не верыш, няўжо ўвесь гэты цуд ствараецца са звычайнай саломы?!
Але рукі гаспадыні, што пераплятаюць тонкія сцяблінкі, не звычайныя. Гэта рукі сапраўднай ўмеліцы, рукі натхнёнага чалавека, рукі якія ўмеюць пераўтвараць звычайную салому ў твор прыкладнога мастацтва.
Ганна Лявонаўна вядзе гутарку са мной, а рукі працягваюць працаваць. Ні на хвіліну не прыпыняецца работа. Яна кажа:
‒ Усяго ў жыцці хапіла. Памятаю ў 1951 годе вярнулася ў родную вёсачку Сіманавічы Круглянскага раёна пасля заканчэння педвучылішча, а бацька і не рады. Чаго прыехала, кажа? Голад быў тады, што і казаць. Вайна скончылася, а ў калгасе: ні трактароў, ні коней не засталося. На другі ж дзень пайшла ў райана, знайшла работу. Бацькам дапамагаць стала.
Увесь свой век шчыра адпрацавала, ды ніяк не магу зразумець, што цяпер са светам зрабілася. Людзі з голаду паміраюць, а каўбаса ў магазіне ляжыць ‒ нельга купіць. Вось і думаю, што ў грамадстве, як і ў прыродзе, усё ўзаемазвязана. Парушылі адну нейкую сувязь ‒ парушыўся баланс узаемаадносін, гінуць людзі.
‒А можа гэта і ёсць тая чароўная сувязь ‒ сувязь чалавека з зямлёй?
«Жыць», «жыта» ‒ два словы, якія маюць адзін корань. Калі будзе жыта ‒ будзе і жыццё: будзе духмяны акраец на стале, хлебны квас у збане, саламяны матрац на ложку, птушка шчасця над дзіцячай калыскай…
Наталля Ніканчук наш няштатны карэспандэнт.
Круглянская раённая грамадска-палітычная газета «Сельскае жыццё» ад 7 лютага 1996 года.