Лія Родная
Любоў -
крылатая істота
Зборнік вершаў
Мой любы дружа, калі табе сёння цяжка,
няма ўпэўненасці ў заўтрашнім дні і
бурліць у жываце − не адчайвайся,
не губляй надзею, не падыходзь
да апошняй рысы, памятай −
з намі Бог.
Я не зайздрошчу, я проста жыву
І кожны ўздых адчуваю,
У працы натхнёнай гублю галаву,
Шчаслівую долю гукаю.
Я не зайздрошчу, я смагу талю,
Да родных вытокаў хачу прытуліцца.
Я праўду жыццёвую з прагнасцю п’ю
І не магу, не магу наталіцца.
Я не зайздрошчу, я сею раллю,
У глебу на покрыў зярняты кідаю
І кожны расточак да сонца вяду,
Пяшчотаю слоў атуляю.
Я не зайздрошчу, дарогу свячу −
Ад грэшнага кровапраліцця
Да шчасця зямнога я заклік вяду,
Прашу я людзей памаліцца.
Я не зайздрошчу - люблю цішыню,
Што сонца ўсход сустракае,
І бусла палёт я забыць не магу,
Што нітку жыцця спавівае.
Я не зайздрошчу, зямлёй даражу,
Прад полем жытнёвым я шапку здымаю.
Табе, Беларусь мая, дзякуй кажу,
Блакітнавокаму роднаму краю.
1996г.
Белая Русь
Белая Русь, белая −
Лілеямі на вадзе,
Белая Русь, белая −
Буслікам на гняздзе.
Белая Русь, белая −
Бярозавым ручайком
Белая Русь, белая −
Хмурынкавым дыванком.
Белая Русь, белая −
Рамонкаваю парой,
Белая Русь, белая −
Ранішняю зарой.
Белая Русь, белая −
Пушынкамі тапалёў,
Белая Русь, белая −
Коўдрамі туманоў.
Белая Русь, белая −
Яблыкам наліўным,
Белая Русь, белая −
Ходнікам ільняным.
Белая Русь, белая −
Бульбай і пірагом,
Белая Русь, белая −
Медам і малаком.
Белая Русь, белая −
Песняю ледзь чутной,
Белая Русь, белая −
Ціхай дзявочай красой.
1996г.
Родная мова
1
Яна ўсю мудрасць нашых
Продкаў увабрала,
Карміла, песціла
І забаўляла.
Ад ворагаў, нястачы
Ратавала,
На подзвіг не аднойчы
Акрыляла.
Дык як жа мы
Ад маці адракліся,
Сваё імя
Мы вымавіць баімся?
2
Мы будзм жыць,
Пакуль гучыць жывая,
Святлом працятая,
Ласкавая, зямная,
Гаворка беларуская.
Навала
Нас абміне,
Абыдзе стараною,
Калі для нас
Не будзе навіною
Гаворка беларуская.
Трывала
Мы будзем
Пачувацца ў свеце,
Калі на роднай мове
Дзеці,
Зацвердзяць, што
краін нямала:
«А беларусам быць
прыстала !»
1996г.
Жніво
А над палямi ў ясным небе,
Як быццам песнямi аб хлебе,
Якi даручан гэтай глебе,
Зальюцца жаваранкi хорам…
Якуб Колас «Новая зямля»
Стаю на ростанях жыця
І ў Коласа пытаюся,
Цi надышла пара жнiва,
Цi толькi пачынаецца?
Ускармiла матухна-зямля
Сыноў-жняцоў заўзятых.
Руном пакрылася ралля,
Уверх растуць зярняты.
Звiняць шапочуць каласы −
Мiльён сыноў i дочак,
Што словам родным ускармiў
Пясняр, па ніве крочаць...
Ля коласаўскiх нiў хаду
Пачцiва запаволю,
Крынiчку ўбачу на лугу
І елку з хваiною.
Куточак той, дзе рос пясняр,
Паўстане прада мною:
Хацiна, хлеў, палёў абшар…
Адчую ўсёй душою
Я Коласа: яго прастор,
Яго карэннi, моцу,
Што ад зямлi iдзе да зор,
Яго далоняў працу...
Растуць мужнеюць званары
Якубавага слова,
Збiраюць ураджай жняцы,
Гучыць, не знiкла мова!
2001г.
Азарэнне
Адкуль расло ўсведамленне,
Што я жыву і гонар маю?
Адкуль спусцілася празрэнне,
Што мову матчыну губляю?
І як з нябёсаў азарэнне −
Свайго не адцурайся твару,
Знайдзі сябе і прызначэнне
Не кінь будзённасці ў ахвяру.
1996г.
Маё сэрца перапоўнена каханнем,
Той нястрыманай любоўю да людзей,
Што спяваю я і ўвечары і зрання,
Усміхаюся я шчырай і часцей.
Ад чаго ўсведамленне шчасця?
Ад чаго з’яўляецца яно?
Божы дар – дзівоснае прычасце −
На мяне маланкаю сышло.
Сярод бруду і людскога гора,
Я аднойчы напаткала след,
Што пакінуў Сын Святога Бога,
Калі міласцю сваёй крануў сусвет.
Гэты вобраз шчыры і пакорны
З той хвіліны ў душы жыве,
Не схацеў Ён велічнай кароны,
Ратаваў цябе Ён і мяне.
І калі са здзекам укрыжаваны,
Ён прасіў Усявышняга Айца
Дараваць нанесеныя раны,
Ведаў, што і я прыму Хрыста.
Маё сэрца перапоўнена каханнем,
Той нястрыманай любоўю да людзей,
Цёмнай ноччу, самым светлым раннем,
Не губляю я ў лепшае надзей.
1998г.
Малітва
Дапамажы нам, Бог Святы,
дапамажы!
Знайсці свой шлях і свет ўначы,
дапамажы!
Народам, што глытаюць слёзаў
соль,
Прыйсці да згоды і любві
дазволь!
Радзіма, матухна мая,
Зямля,
Цяпер зусім занемагла,
злягла.
Не перажыць ёй жудаснага
дня,
Калі адлік вядзецца да
нуля.
Хто перамог у Босніі,
Чачні?
Адказаў тут няма − пытанні тут
адны.
Ці маюць права людзі
вырашаць,
Хто тут павінен жыць,
хто паміраць?
Дапамажы нам, Бог святы,
дапамажы ...
1995г.
Хрыстос, я адчуваю Твае раны,
Хрыстос, я адчуваю гэты боль,
Калі ганебна ўкрыжаваны,
Ты разарваў нябёсаў столь.
Струменьчыкам цякла жывая
З далоняў пранізаных кроў,
Зямля збаўленне прынімала
Ад прашаптаных небу слоў:
«О Божа Мой! Айцец Усявышні!
Прымі ахвяру навякі,
Каб дараваць Ты мог народам
За ўсе смяротныя грахі».
Хрыстос − Ты наша вызваленне
Ад бруду плоцкага, граху.
Ужо ўзыйшло Тваё насенне
І свет пранік у маю душу.
Мы просім міласці ў Бога,
Мы верым ў праведнасць Хрыста.
Дарог на свеце вельмі многа,
А праўда ўсё ж такі адна.
1998г.
Жывая я.
Сон мне прыніўся аднойчы,
Як быццам іду я скрозь цемру ўночы.
Слязьмі перапоўнена сэрца і вочы
Ад крыўды, пагарды. І сорам дзявочы
Мяне напаўняе, што гэта вось я
Іду басанож між людскога жытла.
Між позіркаў жорсткіх, абраз і насмешак,
Вядуць мяне стражы распяць і павесіць.
І ногі мае ўсе ў брудзе, гразёю
Іду я павольнай, важкою ступою.
Каб вочы падняць, не стае ўжо моцы,
І чуецца крык:«Сарамніца, забойца!»
− Каго я забіла? Скажыце, о людзі!
А побач ўжо кат, і не твары, а суддзі.
І голас замоўк трапяткое душы,
Вяроўкай звязалі мне ногі мужы.
Да крыжа ганебнага прыкатавана
І крываточыць балючая рана.
Натоўп улюлюкае, гучна крычыць,
А сэрца трапеча: «Не жыць мне, не жыць!»
Няма болей сілы цярпець гнеў, праклён,
Ды нехта мне кажа: «Спыніся, пастой!
Цябе я гукаю, цябе палячу!»
І вуснамі смяглымі ціха шапчу:
«О Божа Усявышні, даруй жа Ты мне».
Звяртаюся ў слёзнай, гарачай мальбе:
«Даруй, што ішла я не тою дарогай
І не звярталася за дапамогай.
Даруй мяне, Любячы, радзі Хрыста!»−
Прашу ўсім сэрцам, душой крычу я.
І што гэта: дзіва, святло скрозь туман,
І бачу, што светам кіруе падман.
Злачынствы, ганьба, пустаслоўе, хвальба
Звязалі людзей, і граху ім няма.
Нажыва і грошы ім засцілі вочы,
І п’янствам, распустай запоўнены ночы.
А праўда адна − на нябёсах яна,
У Боскім святле стаіць прўды сцяна.
І неба расчынена перада мной,
Хрыстос усміхаецца: «Шчасце з табой».
Аковы здымае са ступняў і рук,
І кажа: «Жывая ты − годзе ўжо катаў і мук.
Сваю загубіць не паспела душу.
Жывая ідзі, ідзі без граху».
І я паўтараю скрозь сон, як магу:
-
- О, дзякую, Божа, жыву я, жыву!
1998г.
Прашу ў Бога я цярпення,
Каб несці крыж свой і штодня
Мне сеяць Божае насенне,
Гаціць дарогу да святла.
Прашу надзеі, прасвятлення
І слоў удзячнасці прашу,
Праводзіць час больш у маленні,
Свяціць свавольніцу-душу.
Прашу любові, што, як мора,
Мяне агорне, зберажэ
Ад слёз і ад зямнога гора,
Усе няўзгоды адвядзе.
Цяпла, удачы, Божай ласкі
І крышачку натхнення ў кроў,
Каб твары ў людзей – не маскі,
І кожны меў і хлеб, і схоў.
Прашу Ўсявышняга спантана
І верую – таму і быць:
Каб адчуваць удзячнасць Богу,
Нам трэба верыць, трэба жыць.
1999г.
Вось ўжо і ліпы адцвілі...
Вось ўжо і ліпы адцвілі,
Аддухмяніні, адзалацілі...
Зноў звіняць жалобныя званы,
Быццам напамінак:«Нешта вы забылі».
«Бом» і «бом», − ідзе перагалос,
Сумна і нацяжна б’юць званіцы.
Я спыняюся: няўжо пара і мне
Усвядоміць нешта... Да капліцы
Паварочваю, а ногі не ідуць:
Груз пражытых дзён не ў ладзе з Богам −
Так і цісце, хочацца звярнуць
(Не чакаюць нас за тым парогам).
Пра каханне, пра жыццё і свет
Можна разважаць бясконца, смела,
Ды ад дум пакутных не ўцячэш,
Ад сябе не ўтоіш іх. Няўмела
Налажыла крыж ... і зноўку
Я пайшла да ліпаў, да людзей.
Я гатова з Богам завясці гаворку
І маліцца за сваіх дзяцей.
Ну няхай я ў нечым саграшыла,
Не ішла дарогаю прамой,
Некалі хлусіла ці гнявіла,
І ў храм з някрытай галавой
Я заходзіла, у каляды варажыла...
Ды ўсё ж я ведаю, мяне
Ты пачуеш, Усемагутны Ойча!
Зберажы іх, і калі ў храм
Ім захочацца прыйсці аднойчы,
Давяраю я Тваім рукам.
Падтрамай, усцеш і Божай ласкай
Надзялі. Няхай цвітуць сады...
Нам жа не квяціць ружовай краскай,
Ліпень адышоў, і ўжо ляцяць лісты.
15.08.2003г.
Я складзена са шкла,
Каменьчыкаў і аксамітаў.
Я свой узор жыцця знайшла
Без грозных маналітаў.
Малюнак радасці быцця
Паклала ў аснову,
Калі была яшчэ дзіця
І бегала ў школу.
З тае пары я берагу
Маленькія крупіцы:
Граніты ведаў, слёз слюду,
Даверу малахіты.
Шліфую ў працы і бялю
Будзёныя графіты,
Бо ведаю, што аздаблю
І будзе мой крышталь адкрыты.
І моманту не знікне цень
На сэрцы запрыкмечу,
Што мне прыносіць кожны дзень
І новыя сустрэчы.
Няхай трашчыць ужо шкала
Ліхіх гадзін і лёсаў −
Мая мазаіка са шкла
Стаіць без перакосаў.
1996г.
Юнацтва
Калі нябёсы ноч кранае,
То час спатканняў наступае...
Дзяўчаткі, хлопцы маладыя
Бягуць, ляцяць, як пташкі тыя,
На сваю першую свіданку,
Да сэрца туляць мілаванку.
А час ляціць, бягуць хвіліны −
Знайдзі хутчэй мяне, адзіны,
Каб разам крочыць па жыцці,
З прамой дарогі не сысці.
Той дзень настаў: цябе спаткала
І ў той жа момант пакахала.
Твой позірк моцна душу раніў
Маланкай па грудзях ударыў...
Не мала ўжо прайшло гадоў
З тае пары спатканняў, сноў,
Ды толькі сэрца замірае,
Калі юнацтва ўспамінае.
Калі на землю ноч ступае,
То час кахання наступае...
1995г.
Першае каханне
Першае каханне −
Першыя спатканні.
Не забыць ніколі,
Што было са мною:
За спіною крылы,
Калі побач мілы.
З неба свецяць зоркі −
Няма ў нас гаворкі.
Час бяжыць імкліва,
Як адна хвіліна
Праляціць гадзіна,
Калі побач мілы.
У тваіх далонях
Моцных, незнаёмых
Усё цяпло сусвету.
Няма ў тым сакрэту,
Што дваяцца сілы,
Калі побач мілы.
Позірк твой ласкавы −
Прабягаюць хвалі,
Паланеюць шчочкі,
Ды іскрацца вочкі.
Уся краса дзяўчыны,
Калі поруч мілы.
Галубок мой белы,
Пацалуй нясмела,
Не пакінь ніколі.
Я твая заўсёды
Буду вернай жонкай,
Надзейнай сяброўкай...
Замяла завея
Гэтыя напевы.
Я цябе кахала
І ў мароз чакала,
Ды вясна настала,
А цяпла не стала.
1995г.
Да мяне завітала надзея
З летуценняў дзявочых і мар,
Млын пачуццяў усё меле і меле,
І кладзецца ўсмешка на твар.
Да мяне завітала надзея,
Бы сінічка махнула крылом,
І не страшыць мяне ўжо завея,
І не шкодзіць чужы буралом.
Да мяне завітала надзея
У юнацтва з дзяцінства паром,
Маё сэрца ад шчасця хмялее,
Быццам сплю фіялетавым сном.
Да мяне завітала надзея,
Невялічкім кляновым лістком,
Мае сэрца ад дум палымнее
І ў далеч ляціць жаўруком.
1998г.
Душа пяе...
Душа пяе ад шчасця існавання
І ад таго, што весь Сусвет
Напоўніўся тваім каханнем,
Шчымлівай радасцю сустрэч.
Душа пяе, і сэрца адчувае,
Што жыць лягчэй і думаць весялей,
Калі мой любы мне дапамагае
У гэты час няспраўджаных надзей.
Душа пяе, а побач з намі дзеці,
Яны спрабуюць моц адважных крыл,
Каб доўжыць тое добрае на свеце,
На што ў нас з табой ужо не стане сіл.
Душа пяе і гэта бударажыць
І не дае спакойна жыць.
Хачу ўсім я радасці адважыць,
Хачу ўсіх шчаслівымі зрабіць.
1997г.
Жоначка мая ласкавая,
Сэрцу майму любая,
Хуткакрылая ластавачка,
Ненаглядная мая, мілая.
Улюблёны ў кожную рысачку
І ўсмешку тваю шчырую,
Далікатная ты пралесачка,
Ненаглядная мая, мілая.
Засмяешся − і звонкім гоманам
Уся прастора наўкол залітая.
Прылячу да цябе белым голубам,
Ненаглядная мая, мілая.
Валасоў тваіх светлым кужалем
Нашы лёсы даўно апавітыя.
Называеш мяне ты суджаным,
Нанаглядная мая, мілая.
2001г.
Любоў - крылатая істота
Глянь, птушкі лётаюць у вышыні
І маюць ўсе па два крылы.
Так і сям’я − крылатая істота,
І добра мець ёй крылы для палёту.
Адно крыло − жанчына, люба, маці,
І гаспадыня ў цёплай ўтульнай хаце.
Другое − моцнае крыло мужчыны −
Імкнецца ў гару, што мае сілы.
Ды толькі памятай, што ў палавіны
Не столькі моцы лётаць безупынна.
Дапамажы, каб быў палёт удалы,
Каб птушка да нябёс пырхала.
Дапамажы, і падтрымай умела
Жанчыну любую, каб за табой паспела.
Любі яе і скрушна, й апантанна,
Любі яе і ў вечары, і з рання.
Любі жанчыну − і яна ўскрыляе
Тваім жыццём напоўніцца да краю,
І не збаіцца перазвонаў ветру −
Каханнем вашым будзе ўсе паветра.
1998г.
Дыялог
Ты спытаеш мяне:
-
Ці ж гэта жыццё?
Адкажу я табе:
-
Шчасцю быць − пачуццё.
Ты спытаеш мяне:
-
Узыходзіць зара?
Адкажу я табе:
-
Прайшла смутку пара.
Ты спытаеш мяне:
-
Можа гэта вясна?
Адкажу я табе:
-
Заспявала душа.
Ты спытаеш мяне:
-
Адкуль жа святло?
Адкажу я табе:
-
Расчыніў ты акно.
Ты спытаеш мяне:
-
Няўжо гэта любоў?
Адкажу я табе:
-
Ты прыйшоў з маіх сноў.
Ты спытаеш мяне:
-
Гэта слоў хараство?
Адкажу я табе:
-
Не, каханне прыйшло.
1996г.
Я чакала цябе
Столькі вёснаў і зім,
Не пакінуў мяне
Светлых мар успамін.
Я шукала цябе
Скрозь туман, шэры дым,
Не знайшла я цябе
Ля аблогаў і ніў.
Я спаткала цябе
На скрыжалях дарог
І не ў сілах цяпер
Адысці за парог.
«Пакахала цябе», −
Ціха так гавару,
І ад шчырасці слоў
Я гублю галаву.
1996г.
Не шкадуй ты мяне,
не шкадуй,
Зацалуй ты мяне,
замілуй.
Я твая, я твая −
памятай,
Ні на кога мяне
не змяняй.
Не кары ты сябе,
не мані.
Лепей моцна мяне
абдымі.
Што было, то прайшло,
назаўжды
Пераплецены нашы
сляды.
Паглядзі ж на мяне,
паглядзі,
Твае вочы гараць,
як агні.
Я цябе зразумею
без слоў,
Бо каханне ня мае
акоў.
1996г.
Я кахаю цябе!
Словы − нібы набат,
Падхапілі мяне,
Паняслі ў далягляд.
Я жыву для цябе!
Гэдак будзе заўжды,
Як уранку зара,
Як вясною дажджы.
Не магу без цябе
Я пражыць ані дня,
Паўтараю скрозь сон:
«Я твая, я твая».
Ты мяне пацалуй−
Адкажу я ўслед,
Бо без ласкі тваёй
Не патрэбен мне свет.
1996г.
Агонь кахання
У маёй душы,
Агонь кахання
Ты не патушы
Халодным позіркам,
Ці словам неласкавым.
Я буду лодачкай −
Ты будзь маім прычалам.
Кахання крылы
Нас нясуць няхай
Праз дзён смугу
У той цудоўны край
Пяшчоты і
Даверлівых адносін,
Што не кранае
Жоўтым лісцем восень.
Цябе люблю,
Тваёю быць жадаю −
І лепшых слоў у сваце
Я не знаю.
Няхай закружыць
Шчасця карнавал,
Уздыме да нябёс
Дзявяты вал.
1997г.
Я адчула расточак жыцця−
Гэта іскра твайго пачуцця
У ва мне не прапала дарма,
Не патухла, не знікла датла.
Гэта наша любоў ажыла,
Што з нябёсаў на сушу сышла.
Не спытала дазволу яна
І аблічча дзіцяці ўзяла.
Не згубі, не разруш, не забі −
Тую кроплю жыцця назаві
Любай дочкай ці сынам сваім −
Усявышняга дарам святым.
Гэту ношу да сэрца вазьмі,
Палюбі ты яе, усхвалі
Дай зрабіць яму першы ўздых,
Ды ўзняцца на крылах сваіх.
Прыгалуб, прыласкай, абдымі
У ахвяру сябе прынясі.
Усё добра, калі на Зямлі
Нараджаюць зярняты палі.
Праз гады і вякоў віражы
Немаўля да грудзей прылажы −
Ты жанчына і маці жыцця,
Не губі гэту кроплю-дзіця!
1995г.
Спаткання чакаю,
хвіліны лічу,
на крылах пачуццяў
насустрач лячу.
Цябе я кахаю
пражыць не магу,
без гэтай усмешкі,
што грэе душу.
Без слоў асалоды
на вуснах тваіх,
вачэй цёмна-карых −
праменняў жывых.
Ад дотыку пальцаў
гублю галаву,
пра ўсё забываю,
наяве трызню.
Лаўлю кожны подых
і кожны твой рух −
любоўнай арбіты
звужаецца круг.
Забыцца ў прытоме
прашу я агню −
істоту жадання
табе аддаю.
1997г.
Каханая, мая адзіная,
Мне сніцца зноў і зноў
Твая ўсмешка дзіўная
І водбліск валасоў.
За таямнічы позірк
Хаваецца туга.
І ведаю: я носьбіт,
Тваёй тугі слуга.
Плыве твой вобраз любы
Паміж аблок і зор,
Са мною ты ўсюды
Жыццю наперакор.
А вецер, той свавольнік,
Абняў цябе за стан.
І я ўжо нявольнік,
Я трапіў у падман.
Здымаю я пакровы
З тваіх грудзей і плеч,
І ведаю: я воін,
Я твой і шчыт, і меч.
О Божа, я − бязбожнік!
Ці ў тым мая віна,
Што за каханы позірк
Хаваецца туга?
1997г.
Не адолець мне смагі кахання,
Колькі б я сябе думкай не цешыў,
Я люблю − і гэта насланне,
Як патрапіў Амур − не прыкмеціў.
Ад твайго прыцяжэння касмічнага
Не ў сілах ужо адарвацца,
Не знахожу спакою я звычнага,
Твае вочы штоночы мне сняцца.
Спапяляюць мне душу і сэрца
І не вырваць карэнні жывучыя,
Я хачу да цябе дакрануцца −
Астудзіць журавіны пякучыя.
Я хачу табой наталіцца
І ў стоме ляцець да нябёсаў.
Для мяне ты жывая крыніца,
Што дарована Богам і лёсам.
1997г.
Ты чуеш, як смяецца вецер,
як скачуць промні
і расце трава ?
А я твае цалую скроні,
і кружыцца ад шчасця галава.
Ты чуеш, як звініць паветра,
як носіць мёд
руплівая пчала?
І палыновы пах прыемна-цёрпкі,
як невымоўная дзявочая туга.
Ты чуеш, як плывуць аблокі,
як паскарае свой
разбег Зямля ?
А я твае кранаю рукі
І цешуся, нібыта немаўля.
Ты чуеш, як тульсуе Космас,
і кожная малекулаьмая
табой адной напоўнена да краю…
Мы толькі ўдвох у свеце:
ты і я.
1997г.
Аб адным я прашу,
Аб адным я малю,
Не пакінь у хвіліну
Адчаю адну.
Калі кіне зіма
На зямлю белы пух,
Не хавай ад мяне
Цеплыні сваіх рук.
І на ранішнім золку,
У студзёнай імжы
Сваім сэрцам вялікім
Мяне абхіні.
Аб адным я прашу,
Аб адным я малю,
Не згубі чысціню
Майго слова «ЛЮБЛЮ».
1996г.
У голасе тваім
ёсць подых ветру,
і шум лясны,
і гоман ручая,
бяздоннае
блакітнае паветра,
і нітачка да
шчасця забыцця.
Твой голас −
і надзея, і пакуты,
і смак крынічнай
чыстае вады,
і снег чысцютка-белы
некрануты,
і думак-летуценніц
туманы.
1998г.
Узнёслых слоў шукаць не буду,
Я толькі ціхенька скажу:
«Кахаю Вас!» − а там… што будзе,
Я больш употай не магу.
Згубіла веру я ў цуды,
Што лечаць хворую душу,
Бальзам ад гэтае «прастуды»
З аптэкі я не прынясу.
На шалі роздуму не кіну,
І са сцяжынкі не сыду.
Скажу так проста, нібы згіну:
«Я Вас кахаю, Вас люблю».
1998г.
Табе так хочацца
прызнання дачакацца,
Дабіцца любасці
ў сэрца ўварвацца:
Заваражыць, прылашчыць,
устрывожыць,
Сваё жыццё каханнем
упрыгожыць.
А мне не хочацца
адкрыцца і прызнацца,
Што не з табой, а з іншым
цалавацца
Я буду сёння. Заўтра ж
невядома:
Прыду сюды я можа
несвядома.
1998г.
Спыніся, час!
Прастора, будзь уяўнай!..
Мяне няма −
і свет не існуе.
І толькі думка
існасцю падманнай,
Сваім цяплом
ахутала мяне:
-
Я не памру!
Я буду жыць табою!»
І мне так лёгка
гэта ўявіць.
Я буду жыць,
каб радасці слязою
твайго кахання
смагу наталіць.
1997г.
Адзіноты і цішыні
просіць розум мой:
«Адпачні!»
Я часцінка сусвету − Зямля
мне свядомасць пачуццяў
дала.
Звон крынічны і шэпат травы-
Гэта мы, гэта я, гэта ты.
Растварыцца ў промнях зары
І на сушу з вады ўзысці.
Падымацца, кружыцца, як птах
І агонь выклікаць у вачах.
Хмаркай вольнай
і жоўтым пяском,
Спелым жытам
і кветкай лясной
Адчуваю сябе я сястрой
Ветру вольнага і цішыні,
Што звініць у вушах. На мяжы
Двух стагоддзяў і светастварэнняў
Я шукаю сябе ў абдымках натхнення.
1997г.
Балада пра Магілёў
Як ноч наступала,
І цемра густая
Ахутвала лесу абшары,
Лілася з пагорка
На край Прыдняпроўскі
Машэкава песня, і сэрца кранала:
«Не маю спакою, Прадслава,
Я мрою табою, Прадслава,
Мой вокліч высокі, Прадслава,
Ляціць за аблокі, Прадслава!»
І слёзы глыталі
Дняпроўскія хвалі,
Балела душа велікана,
А лютасць сляпая
Свой меч уздымала,
Крушыла і біла, і жах наганяла.
«Я розум губляю, Прадслава,
Цябе заклінаю, Прадслава,
З’явіся на вочы, Прадслава,
У дзень і ўночы, Прадслава!»
Праходзілі вёсны,
І зімы міналі −
Машэкава песня гучала.
Хвіліна спаткання
Урэшце настала:
Прад грозным Машэкам
Прадслава паўстала.
«Табе давяраю, Прадслава,
Я злосці не маю, Прадслава…»
У моцных абдымках, Прадслава,
Нібыта пушынка, Прадслава.
Шчаслівей Машэкі
Няма чалавека,
Збылася вялікая мара.
Паненка ж сціскала
Дзяржанне кінжала −
У момант апошні рука задрыжала.
«Ты слова давала, Прадслава,
Мяне ты кахала, Прадслава,
Жыццё разлучыла, Прадслава,
З’яднае магіла, Прадслава...»
1997г.
Галінка
У мацi
Адзiная дочка была.
− Галiнка,− казала матуля,
-
Былiнка мая.
Блакiтныя вочы
І тоненькi стан
Хлусiць не ўмелi,
І ўсякi падман
За кволае сэрца дзяўчынку
Кранаў.
Была паслухмянай
Дачушкай яна,
Руплiвай, стараннай,
-
Ну цуда-дзiця,− казалi суседзi.
А ў школу пайшла
І стала запытваць матулю яна:
−Скажы мне, матуля,
Хто гэты сусвет
Стварыў такiм мiлым,
І цемру, i свет,
І зоры, што ўверсе
Над галавой,
І вецер рахманы,
І хвалi, прыбой?
Скажы мне, матуля,
Няўжо ўсё мiне,
Не будзе Марынкi,
Цябе i мяне?
Не ведала мацi адказу,
Бо грэх
Засцiў яе душу,
Як цвёрды арэх
Зрабiлася сэрца
Ад крыўд i бяздушша.
І толькi дачка −
Белакрылая птушка
Сваiм шчабятаннем
Яе забаўляла,
І сэрца халоднага
Лёд растапляла.
Галiнка расла,
Ды ўсмешка дзiцяцi
Была крыху сумнай,
Не ведала мацi
Дачку чым суцешыць.
− Скажы мне, матуля,
А гэты Ісус −
Ён столькi сцярпеў
І пакут, i спакус.
Навошта ж мучэннi
Ён перанёс?
Навошта спаткаў яго
Гэдакi лёс?
Маўчала матуля
Яна, як гранiт,
Занямела,
Бо веры ў Бога ня мела:
-
Няма, дзетка, Бога
І ўсё, не пярэч.
Багацце кiруе
І зайздрасцi меч
Ссякае бязвiнныя
Голавы з плеч.
Няўжо, калi б Бог
Паглядзеў на Зямлю
Не мог прыпынiць Ён
Хваробы, вайну?
Заплакала Галя,
Заныла душа,
-
Ну як жа,
Ну як жа Ісуса няма?
Ён пабач,
Ён поруч
Да скончыны дзён,
Ён − свет наш,
Ён − радасць,
Ён − наша любоў.
У кволенькiм целе
Ледзь тлее жыццё.
Трапечацца сэрца,
Як ластаўка б’ецца
У шыбiну ў буру:
Грукоча, грукоча
І раптам няма…
-
Няўжо ўсё скончана...
Радасць мая?!
І доктар прыехаў
Ды позна...
Прайшла
Здаецца ўжо вечнасць…
І чуе здаля:
-
Прасiце ў Бога
Вярнуць вам дзiця.
-
Не, − крык вырываецца
Моцны, гартанны.
І падае нiц, на каленi,
Спантанна.
-
Даруй Ты мне, Госпадзi,
За недавер,
Аддай мне дачушку маю
І павер:
Не тымi вачыма
Я буду глядзець,
Альбо няхай лепей
Мяне возьме смерць.
Дачушку сваю
Я без меры люблю −
Аддай, Божа, мне
Маю радасць, душу.
І раптам з нябёсаў,
Як быццам здаля,
Пачула Усявышняга
Голас яна:
-
І сына свайго
Я любiў i бярог,
Пакуль не пакiнуў
Бацькоўскi парог.
На землю ж зiрнуўшы
І ўбачыўшы грэх,
Паслаў я адзiнага −
Плату за ўсiх.
Крывёю сваёю
Чужыя грахi
Абмыў Ён.
І з тое пары
Любая душа,
Што прызнае Хрыста,
У мiласцi ў Бога,
У пашане яна.
-
О, Божа, даруй,
Бо не ведала я,
Што ў Бога таксама
Бацькоўска душа.
І плача жанчына,
І молiць Хрыста,
Каб донечка любая
З ёю была.
Урач зазначае:
-
Пульс роўны, дыханне
Спакойнае,
Сэрца працуе нармальна.
Дачушка жывая
І доўга ёй жыць,
Ды сэрца ўжо
Ў матулі дрыжыць.
-
О, Госпадзi, дзякуй.
О дзякуй, Ісус,
Ты − шчасця вытокi,
Ты − мiласцi ключ.
Вялiкая радасць,
Дачушка, у нас,
Да нас завiтаўся
Хрыстос наш i Спас.
Я ведаю, доня,
Галiнка мая,
У мiласцi Божай
Цяпер уся зямля.
Дзяўчынка ўсмiхнулася:
-
Мама мая,
Я ведала, любая,
Прыдзе пара
І ты будзеш славiць
Ісуса Хрыста.
У радасцi неба,
Спявае зямля
«Вечная слава!
Ісусу хвала!»
1999г.
Музыка
Гучала музыка, мелодыя лілася
Бурліла перазвонам крышталя,
І хвалямі па сэрцы прабягала
Яе чароўная шырокая рака.
Гучала музыка, у вышыню ўздымала
Да зор, пульсуючых агнямі маяка,
І гэта музыка свядомасць акрыляла −
Бязважкаю рабілася душа.
Гучала музыка і квеценню буяла
Непазнавальнаю рабілася Зямля,
Чароўны лес паветрам напаўняла,
Музычных слоў, што з крыльцаў матыля.
Гучала музыка, пачуцці абуджала
Каханне, шчырасць, асалоду мне нясла,
І заварожвала сляпым адчаем
Тых гукаў прыгажосць і вышыня.
Гучала музыка і нот прастора,
Як быццам у рэальнасць заплыла,
Згубіла я і сёння, і ўчора −
Адна хвіліна вечнасцю была.
1997г.
Краіна мудрасці жыцця
Паміж дзяцінствам і нямогай
Ёсць непаўторная пара...
Юнацтва, першы пацалунак,
Цнатлівы пошчак салаўя,
І зорных россыпаў малюнак,
І неруш лёсу, чысціня...
Да перамог сумленне кліча,
І перашкоды − не бяда,
Калі каханнем свецяць вочы
І ў руцэ ляжыць рука.
І ў даросласці таксама
Свой каларыт, свая цана.
Калі ў грудзях агонь не тлее,
А зыркім полымем гарыць,
І кожны дзень, бы яблык спелы,
Што так і хочацца ўкусіць.
Калі растуць, мужнеюць дзеці:
Твая любоў і ярына,
І ў штодзённай кругаверці
Знаходзіш сэнс свайго жыцця.
Паміж дзяцінствам і нямогай
Прадвосень летняга званца.
Глыбінь вачэй і спелы колас,
Руплівай працы збажына…
Жыццё бяжыць, сівее волас,
А ў сэрца просіцца журба.
Мільгаюць дні, сыходзяць вёсны,
Ды ўсё ж не ведае душа
Спакою там, дзе ткуцца кросны
Любові, шчырасці, дабра.
Паміж дзяцінствам і нямогай −
Краіна мудрасці жыцця.
1997г.
Цяпла няма, на досвітку
яшчэ дрыжыць Зямля,
Ды ўсё ж такі ў роспачы
губляецца Зіма.
Чаму на бок схіліўся
старэнькі снегавік,
Як быццам бы стаміўся
і галавою знік?
Чаму стракоча звонка
сарока ля сяла,
З далёкага пагорка
цурчыць ужо вада?
Паветра палягчэла,
а сонца нібы мяч,
Падскочыла ў неба
і плача ўжо лядзяш?
А рэкам і запрудам
не церпіцца ўзняць,
Свае напоўніць грудзі
і крыгаход пачаць.
Зіма не разумее,
што гэта за мана:
На вуліцы завея,
а ўжо прыйшла Вясна !
1997г.
Я зноў жыву...
Я зноў жыву
вясною − вершамі,
Я зноў як гонкая
страла
Лячу насустрач
промню першаму,
Вітаю вольнага
бусла.
Ізноў у жылах
кроў струменіцца,
А сэрца, нібы
птушаня,
Трапеча крыльцамі
не спыніцца:
Прыйшла вясна,
прыйшла вясна!
Усё наноў,
усё нязвычнае:
Пялёсткі белыя
з галля,
І небасхілу сінь
крынічная,
Усю прастору
заліла.
А кропелька −
дажджынка ветлая,
Як быццам бы
мая сястра,
Сваёй лагодаю
ўсцешыла,
Мне смак вясновы
прынясла.
Я зноў жыву
вясновай ласкаю
І шэпат бэзу
ля вакна
Здаецца мне
дзівоснай казкаю:
Прыйшла вясна!
Прыйшла вясна!
1997г.
Восень
Восень − ганарлiвая мастачка.
Пэндзаль яркай фарбы не шкадуе,
Пазалоцiць, чырванню пакрые
Вулiцы, сады.
Шыкуе
Фанабэрлiва паненка.
Верабiнам ускiнула каралi,
Стракацяць пярэсцяцца сукенкi
У бяроз i клёнаў.
Сталi
Яблыкi нiбы з бурштыну,
І стагi i копны залатыя.
Не пазнаць пунсовую калiну
Вусны заiрдзеліся,
Застылi.
У чаканнi любага, спаткання.
Сцеле восень павуцiны кужаль,
З туманоў i траў узор саткала
Коўдры тоўстай.
Ружай
Белай застывае на ўсходзе поўня.
І апошнi выкрык утварае жораў,
Над ляском пажоўклым, пожняй,
Каб ляцець у вырай.
Жолуд
Дуб магутны кiдае да месца,
Каб спачыць да цеплыні пачэсна.
Замiрае восенню прырода,
Нібы перад выданнем нявеста.
2003г.
Каралеўна Зіма
Каралеўна-Зiма ў святочным уборы
Спраўназмеценых шуб, крышталёвых апраў.
Я ў санках з табой пракаціўся б у боры,
Я цябе, далi Бог, сёння б зранку ўкраў.
Каралеўна Зiма ў хусцiнцы з туману,
У блакiце нябёсаў i ў снежнай iмжы,
Закаханы ў цябе я хажу сёння зрання,
І звiняць, нiбы струны жыцця, капяжы.
Я ў халодны твой позiрк нi кроплi не веру,
Веру ў цёплую iскру сняжыстай душы.
Лёд растане, зацiхнуць вятры і завеi −
Затрапечацца сэрца лядышкi-Зiмы.
2003г.
Ліст да матулі
Маці, матуля мая,
Я адзіная ў свеце дачка,
Паляцела далёка я з дому
У чужую людскую прастору.
Шмат я новага ў свеце знайшла,
Ды не знаю, ці ўсё я змагла
Так рабіць, як ты настаўляла,
Калі дзетак сваіх бласлаўляла.
Ты вучыла дабру і любові,
Не губляць свайго «Я» аніколі.
Ты вучыла Радзіму любіць,
Продкаў помніць, зямлёй даражыць.
Ты хацела, каб мы пасталелі,
Людзям хлусіць, маўчаць не ўмелі.
Ты вучыла нас працу цаніць,
Хлебасольнымі, шчырымі быць,
Каб магла ты за нас ганарыцца,
Калі прыдзе часіна спыніцца.
Маці, матуля мая,
Ты заўжды ў маім сэрцы жыла.
Усё тое, што я пачынала,
Ты душою сваёй адабрала.
Калі ж цяжка парою бывала,
Ты пра справы свае забывала
І прыходзіла мне на падмогу,
Раўнавала маю ты дарогу.
Падбірала каменне і смецце
І не думала пра доўгалецце.
Ды гады праплылі чарадою,
Іх нямала ўжо за спіною.
Як балюча мне ўсведамляць,
Што мінула табе шэсцьдзесят…
Мама, матуля мая,
Хоць далека, а ўсё ж я твая
«ненаглядная».
Хто палюбіць мацней за цябе,
непаўторная,
Той адданай любоўю,
якая жыве
Толькі ў матчыным сэрцы,
ці, можа, у сне?
Чым жа мне памагчы,
Як мне боль твой суняць?
Можа, кропляй душы
Гэты ліст адаслаць?
Можа, сонца пачуццяў маіх
Душу полымем абагрэе?
Можа, вецер думак жывых
Хвор і смутак навекі развее?
Няхай птушкай ляцяць пажаданні
І сустрэнуць цябе ўжо ўранні
Гэтай восеньскаю парою:
Шчасце, радасць і сілы гарою.
Каб заўсёды была ты такою −
Мілай, мамай маёй дарагою.
1998г.
Вагон майго дзяцінства
Час бяжыць за хвілінай хвіліна,
Мой цягнік набірае разгон,
Ды ў думках лячу я імкліва
У дзяцінства свайго вагон...
Дзе стаяць у спякоце слівы,
І дзе млеюць пад сонцам палі:
«Не стае ўжо болей сілы,
Напаі нас дажджом, напаі».
І тады падымаецца хмара,
Узыходзіць нібы на трон,
Шамаціць спадніцаю пава
І займае ўвесь заслон.
Затрапечацца ветрык рахманы
Прабяжыцца туды і сюды,
Прыціскаючы долу травы
Бы гуллівы канёк малады.
Заструменіцца дождж навальнічны
На палеткі, курганы, сады,
Паглынаючы водар сунічны,
Ён напоўніць азонам лясы.
Прыхарошаць чупрыны рамонкі,
Чысцінёю заззяюць кусты,
У дуброве, ля хіленькай хвойкі,
Свае шапкі ўздымуць грыбы.
Не забыцца ніколі, ніколі
Непаўторнай дажджовай пары:
Дзетварою кіпіць наваколле,
Піск і пырскі вышэй галавы.
І мясілі малымі нагамі
Тыя лужы і раўчукі,
Што звінелі і хутка імчалі,
Каб ўліцца ў лона ракі.
Усміхаліся ўслед старыя,
Успамінаючы тую пару,
Калі самі былі такімі
І лавілі з дажджу змяю.
Залівалася смехам сонца,
Што глядзела праз прызму хмар,
Бо зайздросціла нам бясконца,
Непаседлівым камарам.
Уздымаліся ўслед вясёлкі,
Перакідвалі цуда-масты.
Мы ж хацелі з квяцістых пагоркаў,
Як на санках, зляцець з гары.
Час бяжыць − прамільгнула хвіліна,
А за ёю імчыць наўздагон
Год і два, і ўжо палавіна…
Праляцела жыццё, нібы сон.
1995г.
Хто ты? Чаму вучылася і дзе?
Ці гэтыя пытанні маюць вагу,
Матуля я − і гэтага стае,
У гэтым маю перад кімсці перавагу.
Матуля! Бы крынічанька бруіцца,
Цячэ чысцюткая, гаючая вада
Тае любові, што нічога не баіцца,
Што не пакіне нават і сляда
Ад цэглы злосці, смецця недаверу,
І горычы будзённага жыцця.
Матуля я, і свята ў тое веру,
Што свет трымае Прыгажосць і
Дабрыня.
І першая ўсмешка немаўляці,
І першая дзіцячая сляза,
Змяшчаецца ў гэтым слове «МАЦІ»,
Што свеціцца ў вачах, як біруза.
Матуляй быць − наканавана Богам,
Мне дадзена любіць, любоў дарыць
І кожнай песняй, выказаным словам,
Дабро ў сэрцах сеяць і расціць.
1998г
Я не магу не ўсміхацца,
Калі насустрач крочыць май,
І сыпле квеценню пралесак.
Ты так і ведай, так і знай.
Я не магу не засмучацца,
Калі нахабства топча храм,
І коні глуму ўшыркі рвуцца.
Ты так і ведай, так і знай.
Я не магу не ўзвышацца
Над мітуснёй будзёных спраў.
Хачу ў каханні ўсім прызнацца.
Ты так і ведай, так і знай.
Я не магу не падабацца,
Бо б’юць пачуцці цераз край.
І я не ў сілах развітацца.
Ты так і ведай, так і знай.
Я не магу паэткай звацца
І промні ўдзячнасці дарыць,
Калі не буду сустракацца,
Сяброўскіх позіркаў лавіць.
1998г.
Я не магу не ўсміхацца,
Калі насустрач крочыць май,
І сыпле квеценню пралесак.
Ты так і ведай, так і знай.
Я не магу не падабацца,
Бо б’юць пачуцці цераз край.
Жадаю ў шчырасці купацца.
Ты так і ведай, так і знай.
Я не магу не засмучацца,
Калі нахабства лезе ў рай,
І коні глуму ўшыркі рвуцца.
Ты так і ведай, так і знай.
Я не магу не ўзвышацца
Над мітуснёй будзёных спраў.
Хачу ў каханні ўсім прызнацца.
Ты так і ведай, так і знай.