ЛЕБЯДЗІНЫ РЭКВІЕМ
Лебедзь ‒ надзвычай прыгожы птах: пер’е бялюткае, як снег, шыя гнуткая тонка, дзюба чырвоная з невялікаю чорнаю плямкаю на самым яе кончыку. Плыве ‒ крылы распушчаны, прыўзняты, быццам надзьмутыя ветразі… Ці не залюбуешся, ці не ўзрадуецца душа ад такой прыгажосці?!.
Звычайна на чацвёртым годзе жыцця лебедзі ствараюць шлюбныя пары. Уражвае той факт, што сям’я лебедзяў ‒ монагамія. Гэта значыць, выбраўшы сабе спадарожніцу жыця, птах ніколі не здраджвае сваёй абраніцы, захоўвае лебядзіную вернасць.
У першай дэкадзе мая ‒ пачатак яйцакладкі. Наседжванне яек доўжыцца 35 сутак і напачатку лета ў сем’ях лебедзяў на свет з’яўляюцца, як правіла, 5-6 птушанят шэрага колеру. Такімі яны і застаюцца на працягу першага году жыцця і толькі на наступную восень пераўтвараюцца ў белакрылых птахаў.
У пачатку 1970-х гадоў на тэрыторыі Беларусі гнездаваліся толькі адзінкавыя пары лебедзя-шыпуна. Ахоўныя мерапрыемствы і напалову вольнае развядзенне птушак у Заходняй Еўропе прывялі да павелічэння колькасці лебедзяў і іх рассялення ва ўсходнім накірунку. У канцы 70-х лебедзі з’явіліся ў заходніх раёнах Беларусі, а потым паступова рассяліліся і на ўсход.
Не так даўно з’явіліся першыя пары прыгажуноў і ў Круглянскім раёне. Былі выпадкі, калі людзі бачылі белых птушак на рэчцы Друць, на возеры ў самім г.п.Круглае.
А адна лебедзіная пара ўжо некалькі гадоў запар гнездавалася на вадаёме Азёры, што на граніцы Круглянскага і Шклоўскага раёнаў.
І здавалася, нішто не азмрочвала іхняга птушынага шчасця сёлета. Вывеліся птушаняты, падраслі, набраліся сілы ‒ можна і ў вырай збірацца. Але здарылася непрадбачанае…
Недзе з тыдзень таму не стала белакрылых лебедзяў на возеры.
Здаецца, нехта і бачыў, як прыязджала машына з боку горада Шклова. Як быццам бы гэтыя нелюдзі застрэлілі прыгажуноў, кінулі ў багажнік свайго аўтамабіля і павезлі, каб прыгатаваць смачную вячэру. Мясцовыя жыхары бачылі, яны ведаюць аб гэтым выпадку, але маўчаць…
Круглянская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з паляўніцтвазнаўцамі МП «Цяцерына» наведваліся ў вёску Азёры, прасілі дапамогі, шукалі сведак, але безвынікова. Паважаныя чытачы, звяртаемся да Вас, абавязкова трэба знайсці і пакараць злачынцаў.
Гэтага патрабуе наш маральны абавязак, аб гэтым пішчаць пакінутыя без бацькоў маладыя лебедзяняты. Зараз яны не змогуць перазімаваць, паляцець у вырай.
Памятайце словы Ю. Фучыка: «Не бойцеся ворага, ён можа забіць, не боёцеся сябра, ён можа толькі здрадзіць, бойцеся раўнадушных, толькі з іх маўклівай згоды здзяйсняюцца ўсе самыя жорсткія злачынствы».
Не заставайцеся раўнадушнымі, калі вы былі сведкамі, ці што-небудзь ведаеце аб гэтым выпадку. Патэлефануйце ў Круглянскую раённую інспекцыю прыподных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддя па нумары 21-334.
Дапамажыце малодшым братам нашым.
Наталля Ніканчук
Круглянская раённая грамадска-палітычная газета «Сельскае жыццё» ад 19 кастрычніка 1996 года