top of page

          ПАКУЛЬ ГАРЫЦЬ МАЯ ЗАРА…

  Ці можа чалавек прадбачыць сваю будучыню? Ці можам мы з дакладнасцю ведаць, як складзецца ў далейшым наша жыццё, праз якія цяжкасці прыйдзецца нам прайсці?

  Наўрад ці хоць адзін астролаг у далёкім 1918 годзе мог прадказаць нованароджанай дзяўчынцы Алене Кунцэвіч такое доўгае і складанае жыццё, у якім змясціліся: і цяжкая да поту работа, і вучоба, маладосць, каханне і крывавае зарыва вайны, смерць любага, барацьба з фашыстамі і напружаныя пасляваенныя гады.

Нельга заглянуць у будучыню, але можна жыць з высока паднятай галавою, мужна пераадольваць нягоды і з гонарам прайсці праз усе выпрабаванні, якія рыхтуе нам лёс.

  …Спелае жыта ўздымалася сотнямі тысяч каласоў, якія цягнулі свае налітыя галоўкі бліжэй да сонца. А ўмелыя рукі дзяўчыны збіралі іх у ахапак і чырк-чырк ‒ як бычыш, утвараўся прыгожы ладны сноп і, перавязаны перавяслам, лажыўся на бок. А серп ізноў рабіў сваю працу: чырк-чырк, чырк-чырк... І гэдак ад самага рання і да першай зоркі.

  Як чакалі яе дзяўчыты-аднагодкі, што працавалі наймічкамі на чужым полі! А калі сонца хавалася за далягляд і адтуль выпускала свае апошнія промні, работніцы пакідалі жаць, складвалі снапы ў бабкі і павольнаю хадою ішлі дадаму. І хоць ад цяжкай работы ныла спіна, дрыжалі ногі і галава ішла кругам, а ўсё ж заводзілі песню:

  Эй, жнеечкі-лябёдачкі,

  Пойдзем жа мы дамовачкі

  Ды з гэтае няволечкі.

  Нам няволя надаела,

  Серадзіна забалела.

  Нам няволя надакучыла,

  Рукі, ногі замучыла…

  І слухалі гэтую дзявочую песню і родная вёсачка Гай, і ўсё наваколле, бо вельмі звонкімі і прыгожымі былі маладыя дзявочыя галасы.

  Ішоў час, даўно сталі калгаснымі тыя палі, на якіх гнула спіну Алена Адамаўна і яе аднавяскоўцы. У 1937 годзе вясковай настаўніцай вярнулася на ў родныя мясціны. І хоць была зусім маладая, уле ўмела знайсці свой падыход да кожнага вучня, нешта параіць, дапамагчы. Любілі сваю «вучылку» і дзеці, і дарослыя.  Уважліва слухалі ў час заняткаў, а потым, пасля ўрокаў, дзяліліся сваімі радасцямі і перажываннямі. А іх, гэтых перажыванняў, з кожным днём станавілася ўсё больш і больш. Хутка вёска страціла ўвесь былы спакой.

  …Яны прыязджалі ноччу. Святло фараў уразалася ў цемру пакоя нібы лязо, на міг асвятляла яго небагатую абстаноўку ‒ ложак, пашарпаную шафу, пісьмовы стол, кнігі ‒ і зноў цемра. А назаўтра вучні расказвалі, каго ўзялі на гэты раз. І бралі… Бралі маладых, таленавітых, самых лепшых…

  І зноў надыходзіла ноч і думкі маладой настаўніцы міжволі ляцелі да далёкай яснай зорачкі: «За што? Хто наступны? У чым мая віна?» Страх ахутваў душу.

  Набліжаўся 1941 год. Каханне прыйшло адразу, як кажуць з першага пагляду. Запаланіла сэрца, разгарэлася зыркім полымем. Не было хвіліны, каб яны не думалі адзін аб адным. Здавалася, не хопіць чалавечага веку, каб выказаць любаму ўсе свае пачуцці, перадаць свае мары і жаданні, нацешыцца, намілавацца.

Усё гэта скончылася 21 чэвеня, калі без аб’яўлення вайны фашысцкая Германія напала на нашу савецкую Радзіму. Вайна не ведае жалю, не глядзіць на пачуцці і спадзяванні, вайна бессардэчна калечыць, б’е, разбурае…

  Нікога не абмінула яе чорная сіла. Уся краіна ўздрыганулася пад націскам узброенай да зубоў фашысцкай армады. Колькі іх загінула тады ж ў першыя дні вайны? Колькі воінаў паклалі галовы нават не паспеўшы ўступіць у першы бой? Ніхто не адкажа на гэтыя пытанні акрамя маладых удоў ды дзяцей-сірат, якія не дачакаліся сваіх мужоў і бацькоў з вайны.

  Не вярнуўся з вайны і муж Алены Адамаўны, як потым аказалася ‒ загінуў адным з першых улетку 1941 года. А яна чакала, спадзявалася, не магла сядзець склаўшы рукі. Хацелася хоць нечым дапамагчы Чырвонай арміі, прагнаць ненавісных фашыстаў з роднай зямлі. Пад час акупацыі ўступіла ў падпольную арганізацыю ОБЗОР, была сувязной у партызанскім атрадзе.

  …Немцы бралі ўсіх, хто ішоў з лесу. На гэты раз не пашанцавала і Алене Адамаўне. Яна варочалася дадому, выканаўшы даручанае ёй заданне. Неба на ўсходзе ужо пасвятлела ў прадчуванні наступаючай раніцы. Дзяўчына ўзняла галаву, каб яшчэ раз упэўніцца, што яе шчаслівая зорка гарыць у вышыні. Але яе не было. Ці, можа, яе закрыў чорны дым спаленых беларускіх вёсак. Алена трапіла ў палон.

  Далей былі абразы, турма, здзекі… Але нічога не змаглі выпытаць фашысты ў падпольшчыцы, адправілі ў канцэнтрацыйны лагер. Здавалася, што ўсё скончана ‒ замучаць да смерці, заб’юць, альбо з голаду прыйдзецца памерці. Ды не, зноў бліснуў агеньчык. У час артылерыйскага налёту дзяўчына разам з іншымі вязнямі ўцякла з палону.

  … Закончылася Вялікая Айчынная Вайна, і адразу ж пачалася работа па ўзнаўленню разбуранай гаспадаркі. Алена Адамаўна зноў стала вучыць дзяцей, была загадчыцай у дзіцячым садку, а ў час летняга адпачынку заўсёды прыязджала ў родную вёску Гай і працавала на калгасным палетку.

Неўпрыкметку падкралася старасць. І вось ужо каторы год жыве жанчына ў нашым гарадскім пасёлку Круглае, заўсёды прымае ўдзел у святочных мерапрыемствах з нагоды Дня Перамогі над фашысцкімі захопнікамі, піша вершы. І блішчаць на святочнай сукенцы жанчыны баявыя і працоўныя ўзнагароды: «Партызану Беларусі», «За добрасумленную працу». А яшчэ гарыць не патухае ў вачах Алены Адамаўны зорка шчасця.

  І больш за ўсё турбуе былую партызанку тое, што час стаў зусім іншым. «Заўсёды было цяжка, ‒ кажа яна, ‒ асабліва пасля вайны, калі не было чаго есці, што апрануць, дзе прытуліць галаву, але людзі па-іншаму адносіліся да цяжкасцей і нягод. Верылі, што гэта часовая з’ява і працавалі, як тыя мурашы ад ранку і да цямна». І хутка, вельмі хутка, на зайздрасць усяму свету наша Радзім ізноў заняла пачэснае месца на сусветным узроўні.

  Вельмі перажывае жанчына за цяперашні лёс нашай Беларусі, бо любіць сваю родную зямлю, свой Круглянскі край. І любоў гэтая ўвасабляецца ў паэтычныя радкі:

  О мілы край,

  Ты край Круглянскі,

  Ты мой радзімы край.

  І ты, наш край, быў партызанскім,

  І тут ішлі баі…

  Люблю цябе я ўсёй душою,

  Ты, край мой дарагі.

  Не трэба мне красы чужое,

  Калі так любы сэрцу ты.

  Наш пазаштатны карэспандэнт

  Наталля Ніканчук

  Газета «Сельскае жыццё» ад 16 жніўня 1995 года

bottom of page