Братам славянам
Калісці мы казалі: «Мы браты, славяне!
У міры і ў спагадзе добра жыць».
Цяпер жа лісце нашага даверу вяне,
І сэрца б’ецца і абурана дрыжыць.
Калісці нам усім бывала годна
Сабрацца разам за адным сталом.
Цяперачы нас сустракаюць з феразондам,
Пагрозліва махаючы ствалом.
Калісці мы былі сям’ёй адзінай,
Нас аб’ядноўвалі сцягі дзядоў і продкаў.
А сённячы, кранутыя нажывай,
Нам палкі ў колы ставяць выгада і сродкі.
Калісці мы гасцінна расчынялі дверы
І разам таньчылі ў свята Перамогі.
Цяпер жа жорсткасці ня маем меры,
Будуем новыя і новыя парогі.
Калісці нам Зямля-матуля гаварыла,
Што разам мы павінны быць і не сварыцца.
У адзінстве нашым добрабыт і сіла!
− Браты, нам трэба тэрмінова памірыцца!
Кастрычнік 2015г.
Няма спакою на Зямлі...
Няма спакою на Зямлі −
Вайна прыйшла .
Ляцяць снарады, бы кулі −
Баліць душа.
Ізноў абразы замест слоў −
Закон свінца,
Што гоніць маладую кроў
Пад нож краўца.
Парвалася ўжо струна −
Няма жыцця,
Калі ад рук гвалтаўніка
Крычыць дзіця.
Аберагчы агульны дах
Прыйшла пара,
Каб зноў спяваў свабодна птах,
Расла трава.
− Спыніце гэта калясо! −
Прашу вас я,
Каб веру, шчасце і дабро
Знайшла душа.
1997г.
Беларуская мова – святая...
Беларуская мова – святая,
Хоць пакрыўджаная яна.
Не гучыць яна часта з экранаў,
Успрымаецца - бы не свая.
А паслухаўшы гэтыя словы,
Што вытокі бяруць у вяках,
Добра робіцца сэрцу і вольна,
Бы зярняткам у каласках.
Мова – маці, яна абдымае
І люляе на цеплых руках.
Беларускае роднае слова
Не забудзецца ў гэтых краях!
кастрычнік 2016 года
У родным слове той залог спрадвечны...
У родным слове той залог спрадвечны,
Што мы ёсць нацыя, адзіны мы народ.
Жывем, пакуль жыве адметнасць,
І з песняй роднаю мы водзім карагод.
Няхай звіняць натужна нашы спевы,
Няхай нам радасці часамі не стае,
Ды што з таго, калі стае нам веры,
Што будзе лепей ў нашай грамадзе.
У беларусаў моцнае цярпенне,
І мудрасці жыццёвай ‒ хоць адбаў,
Мы сеем дабрабыт, прарошчваем насенне
Пачцівасці, ашчады, добрых спраў.
І мову родную павінны паважаць мы,
На гэтай мове гутарыць і жыць
З надзеяй, што ўзмужнеюць дзеці:
На гэтай мове будуць думаць і тварыць.
Лія Родная 8.11.2016г.
Максіму Багдановічу
Нам бы навучыцца ў Максіма
Адчуваць святло сваёй Радзімы!
Навучыцца сэрцам успрымаць
Хараство без штучнасці й прынад.
Вельмі тонка, вельмі чуйна, гожа
Словы Багдановіча гучаць,
Цеплынёй і ласкаю варожаць,
Песняй наднябеснаю звіняць.
Вобразы знаёмыя з дзяцінства:
Лесуны, русалкі, валуны,
Дуб кудлаты, хвоі ды ялінкі,
Што стаяць у стоме ля вады.
Вераніка ўстае там зранку,
Нібы прывід, быццам бы русалка.
А ўвечары сярод аблок – Венера.
Зорка цвеліць – шле сваё праменне.
Нават тыя ж слуцкія ткачыхі
Нам мілей і бліжай неяк быццам.
Іх узоры, рухі, іх адзенне
Нам праз верш малюе ўяўленне.
А калі над вішняю пырхае
Сінякрылы кволы матылёк,
Мы цябе, Максіме, сустракаем –
Гэта ты махаеш нам здалёк.
Лёгкіх словаў ловім павуцінкі,
Сабіраем, цешымся, нясём,
Быццам сэрцу любыя хусцінкі,
Да грудзей іх тулім, беражом.
Час мінае, вось ужо стагоддзе
Праляцела, калаўрот рыпіць,
І, як кажуць ведуны ў народзе,
Гэты механізм не прыпыніць…
Ды не мінуць словаў чарадзействы,
Што кранаюць струны нашых душ,
Напаўняюць цеплынёю сэрцы,
Сберагаюць ад нягод і сцюж.
Дзякуем табе за ўсё, Максіме,
Што збярог у чужбіне, як зярно,
Вобраз белакрылае Айчыны,
Мовы продкаў дзіўнае святло.
18.11.11г.
Усміхнуўся малады друкар.
Кніга , нібы бусел , на руках
Разгарнула крылы, каб ляцець.
Віктар Шніп
“Буслы Скарыны”– вобраз адпаведны –
Адразу хочацца ўдумліва чытаць,
Па друкаваных пёрках умацоўваць веды,
Крупіцы з клёкатам бусліным браць.
У гэтым вобразе – крыло Айчыны,
Святло бярозавых гаёў, дзяцінста след.
У мудрым позірку Францішака Скарыны
Нашчадкам літаральны запавет.
“Любіце кнігі – ведаў там крыніцы!”
Ляцяць да родных ніў асветніка буслы,
Нясуць набыткі друкаваныя, у сталіцы
Гняздоўі ўтульныя яны сабе знайшлі.
Аблюбаваныя калісь мясціны
Ўжо не пакінуць – будуць абжываць,
Каб мы маглі, як некалі ліцвіны,
Духоўнай мудрасці набыткі памнажаць.
Чэрвень 2010г.
Зямля бацькоў...
Зямля бацькоў, ты зажурылася,
Няма той радасці ў вачах,
Нібы да плоту прытулілася
З дрыготкай хіласцю ў нагах.
І хата ў садзе завалілася,
Няма каму збіраць апад,
Чарэшня долу пакланілася -
Няма шляхоў у май назад.
Зямля бацькоў, ты развіталася
З апошнім прывідам вятроў,
Што поўняць ветразі ружовыя,
Шукаюць маладых шляхоў.
Чаму ж так прыкра атрымалася,
Апошні выкрык журавоў…
У юнацтва сцежка абарвалася,
Нам не сустрэцца тут ізноў.
2009 Лія Родная
На вастрыні жыцця не паслізніся...
На вастрыні жыцця не паслізніся,
Каб зберагчы натхнення дыямет,
Да веснічак бацькоўскіх прытуліся,
Упусці ў сэрца радасці фермент.
Лязо жыцця ўсё вужай, вужай,
Не скокнуць і не пацянуць за вуж,
Ды дома мы ўсе - асілкаў дужай -
Ад ніў, азер і Белавежскіх пушч.
Удома сонца па-другому свеціць,
І гутарку вядуць па-свойму землякі,
Садоў бялейшая, здаецца, квецень
І нават саладзейшыя гуркі.
І коні ў тумане над ракою
Здаюцца мне знаёмымі, якраз,
Як некалі вясноваю парою,
Калі каханне напаткала нас.
На вастрыні жыцця асцеражыся
Згубіць сябе ў пошуках даброт,
Да веснічак бацькоўскіх павярніся -
Мы беларусы - разам мы народ.
2009г. Лія Родная
Мой Горацкі край...
Мой Горацкі край урачысты,
Добры дзень, я ізноў-ку з табой.
Я вярнулася ў ранак іскрысты
Крыху стомленай знешняй красой.
У вандроўцы была я нядоўга,
Ды я радасць спытала як знак,
Што я дома. Мінула дарога,
І прыветна шчабеча мне птах
Мой край дарагі залацісты,
Ты ўбраўся у сонечны свет,
Зіхацяць і прывабліва клічуць
Строі нашых бярозак-кабет.
Збажыною калосіцца ніва,
І няспынна цячэ тут вада,
Усміхаюцца вербы прыхільна,
І вяргіні цвітуць па дварах.
Я з табою, мой край, неразлучна,
Я спавіта адною прасціной
З гэтым лесам і небам крынічным,
І з бярозавай чысцінёй.
Кастрычнік-лістапад 2009г.
Мой Горацкі край...
Мой Горацкі край гістарычны:
Край дубоў векавых, гарадніц.
Многа волатаў моцных плячыстых
І прыветлівых маладзіц
Нарадзілася тут. Ганарліва
Яны званне ліцвінаў няслі,
І цяпер працавіта, рупліва
Прымнажаюць багацце зямлі.
Гэты край ад дзядоў і прадзедаў
Нам дастаўся, нямала вады
Уцякло, калясо перадзелаў
Не раз клала свае тут сляды.
Нас тапталі і гнулі паганцы,
Не міналі набегі хазар,
Не аднойчы ўздымалі паўстанцы
На зямлі нашай роднай пажар.
І фашысты крывавай слязою
Акрапілі ўзгоркі і роў.
Тут, у Горках, загінула многа
За радзімы свой край змагароў.
Сення ж Горацкі край урачыста
Сустракае здалёку сяброў,
Ушаноўвае іх ганарыста -
Нашых лепшых дачок і сыноў.
Верасень 2012 года
Запаветны мой край Беларускі...
Запаветны мой край Беларускі,
Добры дзень, я ізноу-ку з табой,
Як да цёплай бацькоўскай калыскі
Прытулюся да пожні шчакой.
-Я вярнулася, жытняе поле,
-Я вярнулася,- крыкну вятрам.
Я зноў дома - якое раздолле,
Прывітанне лясам і лугам!
Птушкай вольнай ляцела сюды я,
Каб сустрэца з табою, Зямля,
Што варожыць лагодасцю слова,
Сэрцу шэпча:” Мая, ты, мая”.
Я твая, мая слаўная Маці,
Я твая назаўжды, вершакі
Мае тут і, як прызба пры хаце,
Неразлучна з табой навякі.
Толькі гэтай Зямлёй ганаруся,
Толькі тут я знаходжу спакой,
Нарадзілася я ў Беларусі
І спачну толькі тут я, з табой.
Запаветны мой край Беларускі,
У святочна-ўрачыстай журбе
Ля бацькоўскай утульнай калыскі
Прысягаю на вернасць табе.
Лія Родная кастрычнік 2009 г.
Прагну роднага слова...
Прагну роднага слова
Ачарэпкам душы,
Наталіцца ўволю
Гукам песні. Скажы
Мне ласкава:«Натуля,
Шчабятушка мая −
Майго сэрца прытулак,
Роднай нівы жняя!»
Песня льецца прывольна,
Радасць б’е спакваля,
І прыгожыя гукі
Наталяюць, душа
Патрабуе раздолля
І ляціць спакваля:
«Дякуй, родная мова!
Дзякуй, Маці Зямля!»
Каб слова смак адчуць...
Каб слова смак адчуць
Не трэба досыць многа:
Гаворку землякоў пачуць
Ля роднага парога.
Пачуць шаптанне каласоў
І перазвон крынічны,
Шчымлівы пошчак салаў’ёў
І рокат навальнічны.
Ляцець ў вырай жаўруком
І марыць аб часіне,
Калі вярнешся сюды зноў
Да прызбы пры хаціне.
Каб слова смак адчуць
Не трэба досыць многа:
Сказаць у вочы нараспеў:
-
- Дзень добры, людзі, мова…
Вырасла мая дачушка...
Вырасла мая дачушка,
Выбегла на шыр рачушка:
Вочкі маці, косы таты –
Не імкнецца ўжо да хаты.
Паляцела ў свет, смяецца,
Ёй там добра, не ірвецца
Да падолу, да матулі –
Дні дяцінства ўжо мінулі.
Няхай там усё ўдаецца:
Мур муруецца, клаздецца
Кладка ведаў на гады,
Час удалы - малады!
І прыходзяць на падмогу
Ёй сябры. Дабра ў дарогу:
Шчасця, шчырага кахання
І на тым шляху прызнання,
Што абрала. Дай Бог долі!
Каб і ў радасці, і ў горы
Быў надзейны чалавек,
Кожны дзнь і цэлы век.
Доню ў свет благаслаўляю,
Ад нягодаў замаўляю:
У добры дзнь і ў добры час,
Зберажы ты, Божа, нас!
2010г. май
Ну вось, сынок, і ты цяпер дарослы...
Ну вось, сынок, і ты цяпер дарослы,
Мінула столькі зім і столькі лет,
Зашамацела ніў тваіх калоссе,
Што сеяць будзеш ты, якім убачыш свет?
Хачу я пажадаць табе дарогі светлай,
І добрых спраў тваіх няхай расце вязын,
Няхай плывуць твае жаданні з ветрам,
Каб быў ты нам удзячны, добры сын.
Няхай у справах табе, сыне, шчасціць,
Каханне поруч нага ў ногу йдзе.
Дай Божа роўнай сцежкі, каб яму не ўпасці,
Дай Божа веры моцнай, каб служыць табе!
Снежань 2010 г.
Да мяне завітала надзея...
Да мяне завітала надзея
З летуценняў дзявочых і мар,
Млын пачуццяў усё меле і меле,
І кладзецца ўсмешка на твар.
Да мяне завітала надзея –
Пырханула ў душу матыльком,
Сэрца быццам ляціць на арэлях,
І пранізвае скрозняком.
Да мяне завітала надзея,
Легкім воблачкам з сінявой,
І бязважкасцю поўніцца цела,
Ветрык круціцца над галавой.
Да мяне завітала надзея,
Невялічкім духмяным лістком –
І душа ад натхнення хмялее
Напаўняецца цуда-радком.
Да мяне завітала надзея
З летуценняў дзявочых і мар,
Млын пачуццяў усё меле і меле,
І ўсмешлівым робіцца твар.
21.06.2010г.
Выбачайце вы мне, мае вольныя думкі...
Выбачайце вы мне, мае вольныя думкі,
Летуценняў маіх – птахі белыя прэч.
Не дарыць мне ўжо легкадумных жывых пацалункаў,
І не будзе такою натхнёнаю рэч.
Выбачайце сябры і сяброўкі. калісьці
Мне дурманіла кроў вашых песень віно,
А цяпер галаву да бацькоўскай утульнай калыскі
Я хілю, і на сэрцы журботы жніво.
Разумею, што квецень буяла нядоўга,
І цячэннем імклівым мяне ў зорапад занясло,
Будзе жоўтая восень, і нават зімою
Будзе сэрца пашчыпваць :“Прайшло”, “Ці было?”
Май 2010г.
У бацькі пасівелі валасы...
У бацькі пасівелі валасы.
Здаецца ж, быў ён толькі-што прыгожы, малады,
Чакаў сустрэчы, прагнае вясны,
Дарыў надзеі і садзіў сады.
Унучка запыталася:
-Дзядулечка, скажы,
Штоб ты рабіў, каб адвярнуліся гады,
І ты ізноўку стаўся маладым?
-Каб маладым ізноўку быць,
Гатоў я нават воду малаціць.
Прайшла вясна - сівыя валасы,
Ды дзе спакой у гэтае душы!
Ізноў мой бацька ў садок бяжыць,
І некалі яму гады лічыць.
Бацькоў не выбіраюць, не,
Але калі б далі і выбар мне,
Цябе б абрала татачкам таму,
Што вельмі моцна я цябе люблю.
31.10.2008г. Ната Лія
Кавалевай Н.Дз.
Адкуль вытокі дабрыні
У гэтым целе,
Калі не зварухнуць рукі,
І ног знямеласць?
Любоўю да людзей
Жыве аддана,
Хоць на душы і боль, і сум,
На сэрцы рана.
Хрыстос крануўся даланёй,
Суняў удала:
“Маё тут царства і тваё,
Жыцця ахвяра.
Прыму цябе я ў той жа міг,
Святая справа -
Маліцца за грахоўны свет
Пакуль жывая”.
Лія Родная
28.07.2009г.
Худніцкай Галіне
Агонь гарыць у тваіх вачах,
Ледзь-ледзь, амаль што і не тлее -
І раптам полымя, ачаг
Аж да дрыготкасці ў целе.
Марыі светлае чало,
А цела грэшніцы Мадлены…
Табе вядома ж павязло -
Замруць нашчадкі ў захапленні.
У творах свет і чысціня -
Ад вышыні нябёс – здзіўленне.
Не марнатраўства, не мана -
Трымціць і ззяе прасвятленне.
Але неведама чаго,
У смутку буде час баўлення,
Да Бога звернешся ў мальбе,
Чакаць ты будзеш прабачэння.
31.10.2008г. Ната.
Мой першы надрукаваны верш
Няма спакою на зямлі..
Няма спакою на зямлі,
Ідзе вайна…
Грымяць снарады ў Чачні
Ад ранку да цямна.
Ізноў узняўся чорны дым,
Як смерць сама…
Хлусні і здекам над людзьмі
Канца няма
Матуля, родная зямля
Не ўратуе нас
Ад куль шалёных і пагард
У пакутны час.
Мы ўсе ў заложніках вайны,
Няма жыцця,
Калі ад рук гвалтаўніка
Крычыць дзіця.
Давайце ўсе, я вас прашу
У згодзе жыць,
Паверым ў Бога і душой
Свяціць, любіць!
Газета «Сельскае жыццё» ад 1 ліпеня 1995 года.
МІХАІЛУ УЛАСЕНКА
За словам у кішэню не палезе,
За пазухай не носіць камяні,
Уласенка заўсёды на «Пабедзе»,
Хоць кажа, што ён скача на кані.
У Міхаіла хлёсткія замашкі,
Друкуе вершы, гоніць у галоп.
Змагаецца з аматарамі пляшкі,
Што думаее ‒ і кажа ‒ прама ў лоб.
Арліны позірк нашага дазнаўцы
Убачыць ўсё, што дзе не так.
Павесілі медаль яму мы мовазнаўцы!
Цяпер ‒ герой, зусім ён не прастак.
Вось юбілей яшчэ прыйшлося справіць,
Хоць небагата, ды «прыняў на грудзь».
Сказаў праўдзіва: ні дадаць ні збавіць ‒
Ўпрыгожыў кошык гэдакі вось грузд.
Наш Аляксандравіч ‒ ўсё мае на прымеце…
І з бюракратамі не хоча ён дружыць
Дык хай дасць Бог на гэтым белым свеце
Багата год яму яшчэ пражыць.
Лія Родная 10.02.2017года
С.А.
Не закончана наша размова,
Яшчэ ў свята чакала званка,
Ды пачула другія я словы:
У жывых цябе болей няма.
Абарвалася нітка дачасна,
Як з нябёсаў зляцела зара…
І цяпер ужо нават не важна,
Што я думала, чым я жыла.
Ад твайго адвярнулася слова,
Між радкоў вершаваных прайшла.
Чаму я ў той час прамаўчала?
І спагады ў сабе не знайшла?
Ты хацеў адну кроплю павагі,
Хоць крупіцу кахання майго…
Мне ж сказаць не хапіла адвагі,
Што задосыць у мяне і свайго.
Цеплыні нам усім не хапае,
Пару слоў: «Як прыгожа, хвалю!»
А пачуеш, і лань трапяткая
Вершаванняў бярэ вышыню.
Усе творцы прызнання чакаюць,
Ускрыляць да нябёсаў, і з гэтым вось жыць...
Дык як я магла?.. Душа ўшчувае,
А сэрца пакутна трымціць і дрыжыць!
З дённіка Францыска Скарыны
Многа моў на свеце, вельмі многа,
Ды гучыць лагодней усё ж свая -
Тая, што ад роднага парога
Нас люляла, песціла, вяла.
Сакавітае гучанне гэтай мовы -
Ад ціхуткіх рэчак, залатых палёў,
Што шумяць, як быццам шэпчуць словы,
Перапоўненыя ласкай да краёў.
Любасці ў гаворцы так багата,
Што прыемна чуць і вымаўляць.
Вось паслухайце: зямля, матуля, хата,
Сонейка, крынічка, сенажаць…
Многа гарадоў прайшоў і весяў,
Шматгалоссем поўніцца зямля.
Ды нідзе не чуў такіх я вершаў,
Спеваў, каб б за сэрца ўзялі.
Слова нашае ‒ багацце незямное,
Божай ласкаю сышло яно з нябёс.
Ушаноўвайце, як самае святое,
Тое, што як хлеб, як плён, як лёс!
Лія Родная люты 2017г.
Крынічанька жывая слоў пявучых...
Крынічанька жывая слоў пявучых
Цячэ і нас яднае. Гэты дар
Ад родных ніў, крыніц гаючых,
Ад вольных птушак і бялюткіх хмар.
І я скажу, што ў нашым краі
Есць змагары, і ў майстэрства тавар:
Умеюць песні пець, а вершы зложаць,
Што не падточыць носа і камар.
У кожным родным слове – захапленне.
У кожным гуку ‒ водар і бурштын…
Мне хочацца напомніць пра сумленне,
Бо кажуць: у полі воін ‒ не адзін!
Давайце разам, дружнай грамадою,
Мы мову родную любіць і шанаваць!
Няхай звініць! Хапайце словаў зброю,
За мову родную нам трэба ваяваць!
Сябры, пакуль яна жывая,
Давайце гутарыць, давайце ўжываць!
Каб не прыйшлося некалі нам з жалем
Сваё адметнае ўпотайкі хаваць.
Лія Родная 2017г.
Пра мову родную нямала гаварылі...
Пра мову родную нямала гаварылі,
Ды што з таго ‒ няма яе ў нас.
Узяць бы тое, што яе змясцілі
З усіх пасад, і круцім напаказ
Па радые, і нават на экранах,
Бывае, што праскочыць дзе-нідзе
Гаварка дыктара аб розных станах
Грамадства нашага, і нават западзе
У душу сцвярджэнне, што жывём няблага,
Усе паказчыкі ў нас, як быццам бы, растуць…
А вось да слова беларускага – няўвага ‒
Бясспрэчна гэта, з маслам не глытнуць.
Як нам самім пачаць па-беларуску
Гаворку весці і ўжываць штодня
Слоў мілагучных, матчыных, калыску.
Адчуць усім сэрцам ‒ РОДНАЯ яна!
Вярніце адчуване свята,
Калі гучыць, ільецца між людзей
Гаворка беларуская. Кажу непрадузята:
Яна патрэбна нашай грамадзе!
Лія Родная 18.11.2016г.
Пах першага кахання з пацалункамі...
Пах першага кахання з пацалункамі ‒
Такі няўстойлівы, пыхліва-трапяткі,
Сатканы з кветак бэзу чарадзейкамі,
І ветрам разарваны на шматкі.
Пах першага кахання з пацалункамі ‒
Такі гаючы, цёрпкі, малады,
Што хочацца адчуць сябе пушынкаю
І віраваць у абдымках мілаты.
Пах першага кахання з пацалункамі ‒
Такі пужлівы, радасна-сляпы
Казыча сэрца кволымі сцяблінкамі,
Жаданні абуджае, як тады…
Пах першага кахання з пацалункамі
Мне не забыцца нават праз гады:
Плыве туманам, паўстае малюнкамі
Твой вобраз далікатны, малады…
Пах першага кахання з пацалункамі ‒
Вятры вясновыя ўдалеч паняслі:
Нібыта торбачку з пахкімі пачастункамі
Пранеслі побач ‒ з’есці не далі.
Лія Родная 2016г.
Вавёрачка нашых пачуццяў
Пабегла ў лес, яе болей няма.
Пустэча навокал і смутак.
Жыццё пачынаю з нуля.
Адлік пачынаю з пачатку
Я дзён, што жыву без цябе,
Застаўся ад сэрца акрайчык.
Як шлях мне знайсці да сябе?
А я ўсё дбаю пра асобу...
А я ўсё дбаю пра асобу.
Ты мне пасуеш: - Болей сцёбу!
У эфір ляцяць мае прызнанні
Ў пачуццях светлых і каханні.
Адказ няясны, мармытанне:
-Усё пазнаецца ў параўнанні.
-Калі ж, калі ж
Ужо спатканне?..
-Мне б лепей дранік
На сняданне…
Ды сябра добрага ў прыдачу,
Каб запрасіў мяне на дачу.
Каханне што - пыстыя словы,
А мне пісаць яшчэ “Прадмову”.
-Ну хоць бы кропельку пачуццяў,
Каб як тады, у тваім “Закуцці”.
-Пустое гэта, НатаЛія,
Ты паглядзі, ужо сівыя.
-Я ведаю, ды што з таго,
У душы юнацтва не прайшло.
Ізноў чакаю я радка
Ад дурасліўца -----ка
11.06.2017 Лія Родная
Цябе кахала аж два тыдні...
Цябе кахала аж два тыдні,
Пакуль усе словы не абрыдлі
Пра мілату і пра спатканні,
Было б самрэч - адны жаданні...
Зноў паўстае між тым пытанне,
Што гатаваць мне на сняданне,
Ці хопіць грошай да зарплаты,
Як працягнуць, паменьшыць страты.
Каханне ж – птушка незямная,
Капрызіць вельмі, спапяляе.
А то яшчэ нагоніць смутку,
Скамячыць сэрца нібы грудку.
У птушкі гэтай дрэнны нораў,
Ды што казаць: блазнота, сорам.
Няхай сабе ляціць у аблокі
У добры час ёй, шлях высокі!
13.06.2017 Лія Родная
.
Ты мне патрэбны
Ты мне патрэбны – зразумела,
Хоць я пішу не надта ўмела.
Ты мне патрэбны - гэта цвёрда,
Хоць прадзіравіліся вёдры.
Вада цячэ, бяжыць, сцякае,
А грошай зноўку не хапае.
Няхай ляцяць жыцця імгненні,
Мяне не тузаюць сумненні.
Каб не было жыццё нам прэсным,
Прызнаюся табе я чэсна:
Ты мне татрэбны, як ніколі,
Бо, кажуць, усё ў Божай волі.
Ты мне патрэбны вельмі моцна:
Няхай не месяц, і не сонца,
Ды ўсё ж свяціла немалое –
Сталічнае – амаль святое.
Ты мне патрэбны гэткі штучны,
Усё разумеючы, падручны.
Твае парады ўсе прымаю
Пачціва капялюш здымаю.
Ты мне патрэбны без прыбытку,
І нецвярозы, й нападпітку.
Ты мне патрэбны задуменны,
Вясёлы, сыты, ачмурэнны.
Ты мне патрэбны, мой ты, верны,
Усялякі: дзіўны, нават дрэнны,
Стары, знямоглы і нікчэмны.
Ты ж мой рэдактар, дый дарэмны.
Лія Родная 14.06.2017г.
Любасік
Любасік мой не надта зграбны,
Малюю вам партрэт дакладны:
Ён не высокі і не нізкі,
Сярэдні, крышачку абвіслы.
У плячах яго не метр, не сажань,
Ды на пасаду ён пасаджан.
А з твару? Нават не апішаш.
Звычайны ён, усе так лічаць.
І нос, і бровы, падбародак -
Як у людзей, без агаворак.
Глядзіць на свет праз акуляры,
А ў думках круціць вершы, справы.
Не малыды ўжо, лысаваты,
Ды усё ж такі “штукар заўзяты”.
Да дзевак любіць заляцацца,
Хоць трэба вам у тым прызнацца,
Не мае ён у замежжы хаты,
Аб тым і рэч - ён небагаты.
Ды ўсё ж трымае нос па верту:
Дзе хто напіша пару вершаў,
Ён тут як тут: прывет вам, здрасце.
Давайце мне, ці ў масць? Без масці
Мы не прымаем, робім праўкі,
Патрэбна рыфма, меней калькі,
Яшчэ дабаўце крыху солі,
Каб прэсна не было, даволі.
Вось так Любасік мой працуе,
Нядбаласць усякую карчуе,
Лісты глянцуе, адсылае,
Радкі складае, дбае, дбае…
Затым грам сто на грудзь прымае
І на рабоце засынае…
Лія Родная 15.06.2017г.
Сезон дажджоў
Смага, на вуліцы снежань -
Лета ў самым разгары.
Сонца паўсюдна, ды раптам:
Гром і навіслыя хмары.
Круцяць наўкол навальніцы,
Вараць какаву ўцехі.
Поруч дамоў камяніцы,
У сэрцы - кахання прарэхі.
Ты і я – нас зачапіла.
К чорту дажджы і прагнозы.
Купім два кухалі піва,
“Моцнай”, як у марозы,
Сок хурмы, спелае манга,
Тры пляшкі віна з Апенінаў.
Слоік напою ад смагі -
Фрэш з залатых мандарынаў.
Змрок, нібы гад, асцярожна
Выпаўз з нары і чакае
Церпкай хвіліны яднання.
Сонца садзіцца, змяркае.
Скура блішчыць у Марэнга,
Таньчыць – нібы спакушае,
Дзёрзка ідзе паляванне,
Кола сваё ён змыкае.
Блізкасць! Яна асалода,
Кахаем – на плён, не на згубу.
Падумай, самрэч, навошта
Нам дадзены страўнік і зубы?
Пэўна, каб есці маглі мы
Вустрыц з віном і з салатай.
А часам і мяса казулі,
Запытвалі з дзікаю мятай.
Аднак існуе яшчэ “нешта”
У кожнага між нагамі.
І гэтае “нешта”- бязгрэшна -
Як белае арыгамі.
Вось зараз ўсплёск асалоды
Запоўніць канал змялелы.
Смага адступіць і квецень
Ахопіць здранцвелыя целы.
Так, ашалелай маланкай,
Дзверы ў рай расчыняю
Хаваецца морак у норку,
Цябе ў сабе адчуваю.
Каханне здаецца бясконцым
З расплюшчанымі вачамі:
Як быццам у мора сонца
Спускаецца валасамі.
Густою робіцца вадкасць,
Свядомасць нібы ў тумане,
Губляецца розум, здаецца,
Матыль трапяткі пырхае.
У шыбіну гулка б’ецца,
Шукае святла крыніцу.
І раптам - бязважкасць, шчасце -
Ва ўлонні маім зараніцы.
Ты ў ва мне. Неабсяжна,
У чуйнай, дрыготкай стоме,
Быццам рушыцца неба,
Грукат ляціць па прасторы.
І мы ляцім разам з гэтым
Глухім выбуховым рэхам.
Успыхвае новая зорка,
Зароджаным чалавекам.
Лія Родная пераклад з англійскай
ліпень 2017г.
Кін Молба (намібійская паэтэса)
МАЯ ВІЁЛА
Вечар на горад накідвае морак,
Брыз ледзь чутно павявае.
І, перад тым, як сарвацца да зорак,
Стомлены дзень пазяхае.
Сонца згарае над соннай лагунай,
Чырванню след захінае,
Нават віёлы маёй срэбраструннай
Ніцяў смычок не кранае.
Моўчкі сумуюць струны па пальцах,
Просячы нотных штрыхкодаў.
Хочуць на дотык пяшчотны азвацца
Рэхам чароўных акордаў.
Цені на горад кладуцца паволі,
Сумна віёле ў цямніцы.
Мілы, каханы, дай каніфоллю
Струнам маім наталіцца.
Песню зайграй, каб душа затрымцела,
Суму ў жыцці так даволі.
Бачыш, у спакусе дрыжыць маё цела
У прадчуванні спатолі.
Сумесны пераклад з англійскай
Лія Родная і Ю.Н.
Кін Молба (намібійская паэтэса)
Ніне Дзмітрыеўне Кавалевай
(да прэзентацыі зборніка)
Гучаць прыгожа, годна і ласкава
Са сборніка радкі:
Як быццам побач Колас і Купала,
І праплываюць весяў вершакі.
Жыцце ідзе і вось ужо з Максімам
Мы гутарку пачцівую вядзем…
За страту Лебедзя сваёй айчыны
Як быццам бы адказнасць мы нясём.
Ой Ніна Кавалева, наша Ніна,
Табе б быць мовы РОДНАЙ званаром!
Ты б добрым словам ўсе запаланіла:
Каханнем, росным ранкам, жаўруком.
І нават Крапіва і Броўка
Сябрамі нашымі здаюцца тут:
Ад родных ніў, ад роднага пагорка…
Вядзецца тут размова пра наш кут.
Вялікі дзякуй вам жа, гаспадыня,
За вашу працу, за здабыткаў груд.
За шчырасць слоў, парады ўдалыя,
За гэты зборнік - за сапраўдны цуд.
Ізноў табе пішу санэты...
Ізноў табе пішу санэты,
Хоць адшумеў зялены май,
Мае жаночыя сакрэты
Ты ўсур’ёз не успрымай.
Няхай нам разам будзе ўсцешна
І разам будзем гараваць,
У нас адна па жыце сцежка:
Нам Бог даў мудрасць дараваць.
Даруйце любым выбачэнне,
І ўмейце аддаваць спаўна
Сваю любоў, сваё натхненне,
Свае вытокі з-пад пяра.
2009 жнівень
Усё праходзіць...
Усё праходзіць, як звычайна
Кладуцца на асфальт лісты
Як быццам просячы адчайна
Вярнуць цяпло былой вясны
Лістоў долоні просяць свету,
Жывога соку і дажджу…
І гінуць пад парывам ветру
На сцежку сцелюць паранджу
Лістоў трымценне не кранае
Душы зчарсцелай глыбіню
Кладу свой крок, і дакараю
Сябе за анты дабрыню.
Лістапад 2009г.
Беларусь мая сінявокая...
Беларусь мая сінявокая -
Белакрылая птушка мая,
Песня звонкая і высокая,
Неабсяжная чысціня.
У Беларусі шматлікія рэкі,
У Беларусі так многа азёр,
Тут так добра з сябрамі, паверце,
Пасядзець, разлажыўшы касцер.
Чырванеюць улетку суніцы,
Розных птушак гучаць галасы.
А якія ў нас тут крыніцы!
А якія дубровы, лясы!
Жыватворная шчодрая маці
І карміцелька - НАША ЗЯМЛЯ
Мае кволае сэрца дзіцяці,
Далікатная вельмі яна.
Беражыце ЗЯМЛЮ, бы калыску,
Усхваляйце, шануйце яе.
Мову родную, матчыну ласку
Не заменіш нічым і нідзе.
Лія Родная 18.11.2016г.
Жыццё паставіла адзнаку мне “выдатна"...
Жыццё паставіла адзнаку мне “выдатна”,
Ды вось мяркую: штосьці тут не так.
І калі ўжо прызнацца вам, прыватна,
Цягну я толькі на вялізарны траяк.
Ды што з таго, усе мы нешта цягнем:
Сямью, работу, нейкі важны груз.
Галоўнае, каб мой Пегас адчайны
У балоце спраў будзёных не загруз.
Я думаю, даць волю трэба марам,
Няхай ляцяць: хоць ушыркі, хоць у галоп,
Каб толькі крылы ўсе прыдумкі ўтрымалі,
Ды не разбіць, дай Бог, аб відавочнасць лоб.
Бо часцяком такое ў нас бывае:
Усё творым, пішам, нешта “создаем”,
А пройдзе час, ніхто і не спытае,
Ды й не прыпомніць гэткіх "салаўёў".
Дык вось, сябры, няхай Пегас лятае,
Няхай ён не мінае і мой дом,
Да траяка прыбаўлю хвосцік скраю,
Няхай ужо будзе моцным пятаком.
07.10.2017г. Лія Родная
…стаю прад снегам з непакрытай галавой
да 60-годдзя з дня нараджэння Алеся Пісьмянкова
Апошні дзень зімы сышоў у нябыт,
Вясна на вуліцы, і месца ля варот
Пусцее. Снег садзіцца, растае,
А нам чагосці вельмі моцна не стае…
Гракі, нібы ў танцы, водзяць карагод,
Шукаюць пачастункаў і даброт,
Што снег усю зіму ў сабе трымаў,
А час прыйшоў, растаў і ўсё аддаў…
Мы вершы слухалі… Чыталі зноў і зноў…
Былі тут успаміны і знаёмцаў, і сяброў.
Акорды ўзялі мы тых радкоў,
Што ў спадчыну пакінуў Пісьмянкоў.
Алесю селета мінула б шэсцьдзесят…
Ды ўжо не вернецца ў летні зорапад,
Не апяе тых вольніц, раўчукоў,
Над Бесяддзю не стрэне жаўрукоў.
І вочы поўныя дзівоснай дабрыні,
І вёдры поўныя калодзежнай вады-
Усё, што так любіў і часта сніў,
Пайшло, нібы шаптанне ніў.
Усё прайшло. І снег ужо не той,
Што так здзіўляў бялюткасцю сваёй…
Я аддаю табе радок свой і настрой,
Стаю прад снегам з непакрытай галавой.
28.02.2017г.