top of page

              АДАМ

 

     Адам заўсёды нярвуецца, калі яму прыходзіцца матляцца з аднаго канца горада ў другі. Пах густога перагару, няпраных мужчынскіх шкарпэтак перамешваецца ў салонах аўтобусаў з прытарна салажавым амбрэ жаночых духоў і губной памады.

     «Гнюсы!.. ‒ першае слова, якое прыходіць на розум хлопцу ў такія моманты. ‒ І як могуць людзі вось так жыць? Бы чарвякі, набіваюцца ў аўтобусы, упіраюцца локцямі адін аднаму ў спіны… Ды ўжо не доўга засталося чакаць... Куплю машыну!..»

    Ён даўно і канчаткова для сябе вырашыў, што сэнс жыцця заключаецца ў багацці. Грошы – гэта і павага, і каханне, і сяброўства. Крутое цеста добрабыту замешваецца на іншаземных «зялёненькіх» паперках. Так, кіруюць светам «баксы».

     Знаёмая гандлярка Міла весела ўсміхнулася і кіўнула галавой, маўляў, я зараз пачакай. Каля малочнага аддзела, які яна абслугоўвала, стаяла чарга. Сказаць проста чарга –  гэта нічога не сказаць: чарга паўзла і выкручвалася, нібыта вужака, паміж стоек і прылаўкаў – і заканчвалася яна амаль што ля ўваходу ў магазін. А людзі стаялі, і , здаецца, у іх паблёклых вачах можна было ўбачыць і ўпартасць абаронцаў Брэсцкай крэпасці, і святло надзеі будаўнікоў камуністычнай будучыні. Людзі стаялі моўчкі. Чарга посоўвалася паволі: пакуль гандлярка знойдзе патрэбнае прозвішча ў спісах, пакуль наважыць вызначаныя грамы, дасць паперку ў касу – заплаці, адрэж купоны, а потым – зноў падыходзь… Цэлая працэдура.

     Праз хвілін дзесяць Міла адсунула сшытак з прозвішчамі ўбок і пабегла ў падсобнае памяшканне, дзе чакаў яе Адам.

‒ Чаго так доўга? ‒ Не стрымаўся хлопец.

‒ Не магла вылучыць момант – сёння яны такія злосныя, бы ваяры… Гавары хутчэй, што табе трэба, а то магазін разнясуць.

‒ Ды не разнясуць, кантынгент не той… Бачу ты масла атрымала?

‒ Ну атрымала… Па спісах прадаём… Людзей шкада.

‒ Што ты пра людзей думаеш? Пра сябе трэба клапаціцца ў першую чаргу… Пяць скрыняў пакінь, чуеш? Я знайду тачку ‒ і заўтра на Расію рванём.

‒ Не магу, ‒ заўпарцілася Міла, ‒ кажу ж табе ‒ людзей шкада.

‒ Мілэдзі, ну што з табою стала? Я табе яшчэ вось што скажу: калі ўсё атрымаецца так, як я хачу, то будзе мы з табой у наступным месяцы на «Фордзе» катацца. Ты мяне размееш? «Форд» –  гэта табе не «Масквіч».

У Мілы ад задавальнення ажно вочы засвяціліся:

‒ Ты купляеш інамарку?

‒ Няўжо я падобны на тых, хто жартуе? Кажу табе, што ўсё вырашана. Так што выручай, Мілок. – Адам прытуліў да сябе ружовашчокую маладзіцу і чмокнуў у шчаку. ‒ Я ведаў, што ты не адмовіш.

А чарга ўжо выходзіла з берагоў – чуліся адчайныя выкрыкі:

‒ Ну што за парадкі?!.

‒ Пайшлі да загадчыцы!..

Міла ўвайшла як ні ў чым не бывала, разгарнула сшытак і спакойна спытала ў першачаргоўца:

‒ Ваша прозвішча, вуліца, нумар дома?..‒ узважыла пакуначак масла і, як быццам між іншым, зазначыла:

‒ Гандлярка таксама чалавек. Па патрэбе выходзіла,  а вы адразу ў крык!..

     Міла амаль аўтаматычна адрэзвала і ўзважвала кусманы масла, углядалася ў спісы, шукала патрэбныя прозвішчы, а думкі, бы тыя птахі, што выпырхнулі з клеткі, лёталі далёка-далёка. Яна ўяўляла, як сядзе з Адамам у шыкоўны замежны аўтамабіль, як будуць ёй зайздросціць знаёмыя і сяброўкі. Ад такіх уяўленняў на душы рабілася цёпла і радасна. Міла ўсміхалася.

 

     А праз тыдзень Адаму прыйшлося ўломваць знаёмага вадзілу, каб той дапамог выпісаць службовую машыну на выхадныя. За добрую плату яны наплялі начальству, што недзе пад Смаленскам Адамава цётачка аддае богу душу. І вось «любімы пляменнік» імчыць у бок расейскай мяжы, а яго сябрук недзе памінае «нябожчыцу» поўнай шклянкай гарэліцы, купленай на Адамавы грошы.

Хопец хваляваўся: « Добра, калі пашэнціць, і памежнікі не будуць занаддта строгімі. Галоўнае, пакласці на лапу… Ніколі не трэба шкадаваць грошай, калі справа таго патрабуе. Скупы губляе двойчы ‒ народная мудрасць», – разважаў ён.

 

 

    Рынак быў перапоўнены гатункамі з Беларусі: масла, сыры, смятана, каўбасы… Усё ішло ў росхват. Ну, вядома ж, хто пойдзе ў краму, калі на базары і танней, і якасць задавальняе. Хаця, гаворачы пра якасць, тут варта было б і паспрачацца. Часам новаяўленыя гандляры-прадпрыймальнікі ішлі на розныя хітрыкі: смятану, каб яна здавалася больш густой і тлустай, змешвалі з маннай крупой, а каб мела прыемны жаўтаваты колер – з яйкамі…

Адам умеў дагаджаць пакупнікам, і за словам у кішэню не лез:

‒ Бабулечка, вазьмі масліца! Свежанькае, толькі што з-пад кароўкі.

А бабуля ў адказ:

‒ А ці ты, сыночак, бачыў хоць раз у жыцці тую кароўку?..

    Гумар прываблівае пакупнікоў. Але ў душы Адам заўсёды трымаў нейкую пагрэблівасць. Ён неаднойчы думаў пра таго-сяго з пакупнікоў, хто чым-небудзь не дагадзіў яму, так: «Падавіся ты, гад, гэтым маслам!»

 

   …Машына не бегла – ляцела. Адам адчуваў задавальненне. Яму было лёгка і прыгожа на душы. Адным словам, ён быў у захапленні ад купленай машыны, колеру спелай вішні, па капоце якой таропка прабягалі промні ўзыходзячага сонца. Яны зіхацелі і адлюстроўваліся вясёлкай на злёгку прагнутых шыкоўных шыбах. Адам усё жыцё марыў менавіта аб гэтым, і ўрэшце-рэшт яго мары здзейсніліся. І гэта не проста дзівосна-летуценны сон, не ‒ гэта ява! «Я лячу насустрач непамернай касмічнай прасторы, і мой зорны шлях асыпаны рознакаляровымі промнямі!..» –  мроіў ён.

     Адам добра разбіраўся ў тэхніцы, і мог, калі што, хутка знайсці непаладку. Але машына гула, як пчолка, і душа яе гаспадара спявала.

Здалёк Адам заўважыў, што на абочыне стаіць легкавік. Ну так, малады «вадзіла», перапэцканы ў мазут, бездапаможна махае рукамі – просіць прыпыніцца. І Адам, пэўна, упершыню ў жыцці паспачуваў чужому гору: збавіў хуткасць і прытармазіў. Запытаў:

‒ Што, браток, не заводзіцца? ‒ выйшаў з машыны, але не зрабіў і пяці крокаў, як атрымаў моцны ўдар па галаве. Ён не ўпаў, утрымаўся на нагах, яшчэ спрабаваў абараняцца, некаму ламаў косці, малаціў  кулакамі на лева і на права. І ўсё ж пасля моцнага ўдару па галаве яго збілі з ног, і ён страціў прытомнасць…

 

    Калі Адам апрытомеў, то першае аб чым ён ўспомніў была прыгажуня іншамарка: «Машына…Дзе мая машына?»

Маленькі жоўценькі лісток прыліп да ілба і перашкаджаў глядзець.  Ён хацеў павярнуцца на бок, каб  аглядзецца і ўцяміць, дзе ён ўсё ж такі знаходзіцца, як невыносны тупы боль пранізаў усё цела. З грудзей вырваўся стогн. Правальваючыся ў нябыт, ён яшчэ паспеў заўважыць, што нейкая неахайная жанчына ў брудным  адзенні  падышла да яго і, зняўшы шурпатаю рукою прыліпшы да твару ліст, прашаптала:

‒ Хто гэта цябе так, сыночак?

     Больш ён нічога не памятаў. Не ведаў ён і таго, як бяздомная, па-жабрацку апранутая жанчына, збіраючы пакінутыя на абочыне дарогі пустыя бутэлькі, ненарокам натыкнулася на яго безпрытомнае цела, а пасля, выбіваючыся з сіл, цягнула яго да шашы. Як маліла яна Госпада Бога, каб той дапамог гэтаму зусім невядомаму ёй маладому чалавеку.  

      Не бачыў Адам і потных устрывожаных твараў хірургаў, якія змагаліся за яго жыццё. Не адчуваў той вастрыні ляза, па якім хадзў, і па адзін бок якога было жыццё, а па другі – спраўляла баль смерць…

Нічога гэтага Адам не адчуваў і не ведаў.

 

     Міла стаяла зводдаль, непадалёку ад аўтобуснага прыпынку і думала пра сваё жаночае: «Адам не заходзіць, і не тэлефануе. А я, дурніца, спадзявалася… Не, гэта не той выпадак… І зноў я ў пралёце, і так усё жыцце. І трэба ж быць такой дурніцай, паверыла…»

Падышоў аўтобус.

     Міла хацела бегчы да дзвярэй, каб неяк учшаміцца ў перапоўнены салон, але перадумала – засталася стаяць на месцы. Яна глядзела на рэальнае наваколле, як быццам на экран тэлевізара. Мільгалі кадры  – людзі, твары, аўтамабілі, чулася невыразная гаворка, моцныя мацюкі, папрокі…

     «Божухна, няўжо Адам кажа праўду? Гэта ж не людзі, гэта ж статак жывёл…»

 

     Адам апрытомеў і першае, што ён ўбачыў, ‒ быў твар анёла і яго блакітна-задуменныя вочы.

‒ Здаецца, я памёр і мяне нясуць анёлы…Так? – запытаўся ён уражана.

‒ Маўчыце, вам нельга размаўляць,  ‒пачуўся далікатны голас анёла ў адказ.

І раптам Адаму стала добра і ўтульна ад усведамлення таго, што ён яшчэ не нябожчык, і што гэта не анёл, як яму падалося наперш, а дзяўчына-сястрычка ў бялюткім, як першы снег халаце. І ў гэты першы момант знаёмства яна, такая амаль што нерэальная, з пасмачкай светла-русых непаслухмяных кудзеркаў, якія выбіваліся з-пад медыцынскай шапачкі, і лагоднай усмешкай на спагадлівым твары здавалася эталонам чысціні і дзявоцкасці…

            1996г.

bottom of page