top of page

         МАСТАЧКА

 

           ‒ Сharmant, j c’tst excellent, je suisbien, je t’aime! *Я кахаю цябе, любы...

‒ У мяне кружыцца галава, дрыжаць рукі, кроў дробнымі малаточкамі грукае ў скронях, робіцца невыносна горача. І гэтае відавочнае ўсім напружанне не знаходзіць выйсця… Я губляю кантроль над рэчаіснасцю. Усё плыве перад вачыма: «Дзе я знаходжуся на самрэч, што са мною? Гэтая жанчына звар’яцела. Яна натуральна мяне заводзіць. Ды й што на самой справе адбываецца, чорт пабяры?!»      

Да гэтага часу мне ўжо неаднойчы даводзiлася iграць любоўныя сцэны, так сказаць iмiтаваць каханне на тэатральных падмурках, але такое ўпершыню. Яна гарыць i трапечацца ад дотыку маiх пальцаў. Я не магу заставацца проста артыстам у такiм становiшчы. Я ж чалавек ‒ мужчына як-ніяк.

‒ Стоп камера, знята. Можаце апранацца, ‒ гучыць голас рэжысёра. ‒ На сёння ўсё, працоўны дзень скончаны.

Я расплюшчваю вочы і разумею, што я ўсё яшчэ на зямлі, на здымачнай пляцоўцы, у адным ложку з прываблівай жанчынай. Патупіўшы пагляд устаю з ложка i адчуваю, як кроў кiдаецца мне ў твар. Мне сорамна, здаецца, што ўся здымачная група глядзiць на мяне са здзекам. Маўляў, што ж ты, Дон Жуан, здрэйфiў? Так, я здрэйфiў.  

Эдзiт Мано, так завуць маю партнёршу, не спяшаецца ўставаць. Яна францужанка, i гэтым усё сказана. Напэўна яна лiчыць, што так i павiнна здымацца кiно. Нарэшце з-пад лёгкай нейлонавай коўдрачкі паказваецца маленькi зграбны ступачок, затым другi, стройныя, пакрытыя бронзавым загарам ножкi агалiлiся да непрыстойнай вышынi i раптам з-пад покрыва выслiзнула ЯНА ‒ зусiм голая, нiбыта багiня Афрадзiта, выйшаўшая на сушу з марскiх хваляў. Я не магу адарваць пагляд ад гэтага спрытнага, па юнацку пругкага, цела: вузкая талiя, акругленыя лiнii бёдзер i рук, а пасярэдзiне два залацiстыя бугаркi грудзей.

‒ Гэта тое, ад чаго ты адмовiўся,‒ помслiва шэпча мне на вуха Цёма Мiцкевiч, калi яна праходзiць у прыбiральню.

‒ Дык я ж не мог… яна ж яшчэ хвiлiну назад была напалову апранутай, ‒ разгублена мармычу я ў адказ.

‒ А ты што ўжо развучыўся здымаць жаночую бялiзну?

‒ Сяржук, ну ты хлопец нас падводзiш. Кажуць, чаго хоча жанчына, таго хоча сам бог, ‒ кпяць з мяне хлопцы на здымачнай пляцоўцы. Я злосна агрызаюся:

‒ Паспрабавалi б самi.

Не, не тое, што Эдзiт мне не падабаецца, наадварот. Але ж…

______________________________________________________________

* Цудоўна, гэта вельмi добра, мне падабаецца, я кахаю цябе! (франц.)

Гэта мой дэбют у кiно. Раней я iграў у тэатры, казалі, што неблага iграў. Мне падабалася мая прафесiя. Было нешта невымоўна-прыцягальнае ў тым, як падымаецца занавес, як разыгрываецца дзея. На сцэне, як у бутэльцы з канцэнтратам, усё было гiпербалiчна перабольшанае, эсэнсіяніраванае: пачуццi, жаданнi, матывы дзеяння. Звычайнае ж жыццё так, сiропчык разведзены вадзiчкай. А мне падавай сурагат, каб ажно кiпела i пiшчала ў грудзях. Гэтак я думаў да сустрэчы з Эдзiт. Яна ж, Эдзiт, не была акторкай. Не ведаю нават, дзе яе адшукаў наш Улад (гэта мы памiж сабою так завём нашага галоўнага рэжысёра ‒ Уладзiслава Iванавiча Бельскага). Яна, здаецца, вучылася ў нейкай мастацкай студыi, ці што. Прыехала ў Расiю пераймаць вопыт нашых майстроў. Круцiлася ў колах багемнай моладзi i нейкiм чынам трапiла ў поле зроку нашага галоўнага рэжысёра.

Невялiчкая, рухавая, з пафарбаванымi ружовымi валасамi i ў лёгкай спартыўнай фуфаечцы з’явiлася яна на здымачнай пляцоўцы, i з таго часу паўсюдна чулася яе, нязвычнае нашаму вуху, гартаннае шчабятанне: банжур, месье, сiльву пле, пардон. Праўда, яна часам ўжывала і рускія словы. І, здаееца, разумела ўсё, аб чым яе прасіў Уладзіслаў Іванавіч.

Першыя кiнапробы паказалi, што Эдзiт, не маючы акторскага вопыту, зусім не псуе карціну, а наадварот надае ёй нейкi жыццёвы каларыт, робiць яе больш рэалістычнай. Ёй хацелася верыць, на яе хацелася глядзець. Улад быў задаволены, ён казаў:«Такая iгра магчыма ў двух выпадках: калi на здымачнай пляцоўцы вопытная, таленавiтая актрыса i калi гэта робiш упершыню, не iграеш, а жывеш у кадры». Эдзiт жыла. Я губляўся побач з гэтай апантанасцю i адкрытасцю пачуццяў. Я, у параўнаннi з ёй, выглядаў нейкай прымітыўнай амёбай, закаванай ў рамкi прыстойнасцi. Часта губляў непасрэднасць, сярдаваў i быў незадаволены сабою. Што й казаць, я разумеў, што згублю працу, калi не перастану азiрацца па баках, шукаючы падтрымкi рэжысёра.

‒ Не iдзi на паваду ў сцэнарыя, ‒ казаў спагадліва Улад, ‒ жывi ў кадры, як гэта робіць яна. Падыгрывай, імправізуй, але i кiдацца ў вiр пачуццяў не спяшайся, нельга перабольшваць. Памятай ‒ гэта кіно, вобраз, тут усё павінна быць прыгожа, прывабліва.

Лёгка сказаць ‒ жывi, імправізуй. Вось я цяперачы, ідучы да хаты ‒ я жыву: вось выходжу са студыi, вось адчыняю дзверцы свайго джыпа (мне падабаюцца машыны з магутным рухавiком, i хоць палiва цяперачы на кошт золата, я не спяшаюся мяняць даўнiшняга сябра на малалiтражку), вось я ўключаю рухавік, націскаю на педаль шчаплення, знаходжу першую перадачу i пацiху цiсну на газ, машына кранаецца з месца ‒ я жыву. А там, перад камерай… Не, я не благi акцёр, i ўсё было добра, пакуль не з’явiлася ЯНА. Я прыпомнiў сёняшняе здарэнне на здымачнай пляцоўцы i моцна вылаяўся. Машына набiрала хуткасць i лёгка ляцела наперад, на душы лягчэла.

‒ Бабы ‒ ёсць бабы, ‒ сказаў я ў голас i ўпершыню, пасля таго як пакінуў здымачны павільён, усмiхнуўся.

 2.

На наступны дзень у студыі ўсё кiпела. Я яшчэ здаля заўважыў Уладзiслава Іванавiча, ён шырокiм размашыстым крокам хадзiў з аднаго кута залы ў другi i патрэсваў рукамi, нiбыта крыламi. Пiнжак на ім быў расшпiлены, а паслаблены гальштук з’ехаў набок. Ён голасна казаў:

‒ Ну што, дабiлiся свайго, чэрці? Закапрызiла, пакрыўдзiлася. Яна ж жанчына! Францужанка! Як вы не разумееце. Што рабiць? Я вас пытаюся, што мы будзем рабiць? ‒ ужо каторы раз паўтараў ён хапаючыся за галаву. ‒ Лiчы, на працэнтаў семдзесят карцiна знята i засталося ўсяго нiчога ‒ адзiн тыдзень працы на здымачнай пляцоўцы i можна пачынаць мантаж.

‒ Не, вы не разумееце, ‒ не сунiмаўся Улад, ‒ грошы патрачаны, а справа не завершана. Гэта там, у Францыi, можна сказаць: «Хачу ‒ не хачу» ‒ а ў нас гэта недапушчальна. 

‒ А, вось i ты!... ‒ зароў голасам Карабаса-Барабаса галоўны рэжысёр, заўважыўшы маю збянтэжаную фiзiяномiю. І тут я зразумеў, што ўсё мною пачутае ‒ гэта толькі рэпетыцыя, а сапраўная размова яшчэ наперадзе.

‒ А ў чым, асабіста справа? ‒  прамямліў я, не пазнаючы свой голас, і ўжо iнтуiтыўна шукаючы паратунку.

‒ І ты яшчэ пытаешся ў чым справа, прыкiдваешся гэтакiм неразумным целем?

Вiдаць у гэты момант у сваiх неўтаймаваных пачуццях рэжысёр дайшоў да кульмiнацыі, бо твар яго моцна зпунсовеў i пакрыўся потам, а рот расчыняўся i хаўкаў, як у жабы. Ён усё яшчэ хацеў сварыцца, крычаць, i не мог, бо задыхаўся ад злосцi. У сваю чаргу, я таксама не хацеў заставацца «неразумным целем», i ў мяне пачалi расцi рогi бунтарства.

‒ Значыцца так, значыцца я ва ўсiм вiнаваты, ды вы, ды вы, ведаеце што? ‒ гарэў я негадаваннем, ‒ тады пашукайце другога, лепшага акцёра на маё месца, а мне досыць, нацярпеўся.

‒ Сяржук, паслухай, не гарачыся, ‒ супакойвалi мяне сябры, ‒ усялякае здараецца. Улад, ён заўсёды так, пакрычыць, пакрычыць, а потым і пахваліць, i прэмiю выпiша. Дарма ты так, уладкуецца ўсё. Гэта ён з-за яе, Эдзiт. Францужанка наша, нораў паказала ‒ адмовiлася здымацца. А фiльм амаль завершаны, разумееш?

Да Уладзiслава Іванавiча тым часам падбегла сакратарка, падсунула яму пад язык нейкую пiлюліну, прыклала да iлба мокры ручнiк i настойлiва прасiла прылегчы:

‒ Уладзіслаў Іванавіч, вам нельга хвалявацца. Вось так, прыляжце. Зараз усе пройдзе.

«Якое тут ужо кiно. Не да жыру, быць бы жыву», ‒ думаў я. Але паступова, як пасля навальніцы, наступiла зацiшша. Недзе каля адзiнаццацi раніцы Уладзiслаў апрытомеў і запрасiў мяне ў асабiсты кабiнет дзеля размовы. Выгляд у яго быў нездаровы. Рэжысёр усё яшчэ цяжка дыхаў i выцiраў пот наскрозь прамоклай, не надта свежай сурвэткай. Вялiкi, як бурбалка, нос усё яшчэ быў чырвоны, вусны пасмяглі, а пад вачамi заляглі шэрыя хмары. Гаварыў ён павольна, як быццам узважваючы кожнае слова:

‒ Добра, хлопец, пагарачылiся i досыць, пара за справу брацца. Паспрабуй наладзiць адносiны з Эдзiт, калi справа выгарыць, заплачу ўдвая. Ты мяне зразумеў? ‒ па-жаноцку малая, мяккая рука Улада легла на маё пакрытае лёгкiм загарам юначае запясце. «Я нiклi не заўважаў, што ў яго такiя кароткiя растапыраныя пальцы», ‒ чамусці падумаў я.

‒ Запрасi яе ў рэстаран, заiнтрыгуй, ды цi мне цябе вучыць, маладога, прываблiвага, ‒ працягваў Улад.

Кроў кiнулася мне ў твар ад гэтай прапановы, а яшчэ болей ад дотыку гэтых пульхлых, сардэлькападобных пальцаў, але пярэчыць я не стаў, апусцiўшы вочы цiха прамовiў:

‒ Паспрабую.

 

3.

Рэстаран Асторыя –лепшае месца ў горадзе. На фоне пунсовых падушачак i дываноў, пры цьмяным штучным асвятленнi, валасы Эдзiт не здавалiся ўжо ружавымі пялесткамі, як на здымачнай пляцоўцы, а набылi адценне каштоунага ружовага перламутру. Вытанчаны французкi макiяж, густыя, падобныя на спужаных, пырхаючых матылькоў павекi, вочы ‒ спелыя вiшнi, па-дзiцячаму прыпухлыя вусны i глыбока дэкальцiраваная чорная сукенка ‒ усё гэта, быццам з густам падабраная аправа, дапаўняла карцiну незвычайнай прыгажосцi. «Куды дзелася тая гарэзніца Эдзіт, тая дзяўчына-дзіця, да якой мы прывыклі на здымачнай пляцоўцы, ‒ уражана думаў я. ‒ Цяперачы яна больш падобна на нейкую казачную царэўну, якая нарэшце вызвалілася з-пад чараў зласлівай вядзьмаркі». Я чамусцi губляўся ў яе прысутнасці i не ведаў як наладзiць размову. Увесь час мяне перапаўняла пачуццё няёмкасцi. Я павiнен быў запытаць па-французку, чаму яна адмовiлася здымацца, нават спрабаваў вымаўляць гэтую фразу дома перад люстэркам, а цяперачы, у яе прысутнасцi, разгублена маўчаў і глытаў сліну. Эдзiт загадкава ўсміхнулася і пачала размову першай, яна ўжо няблага размаўляла па-руску, i я нават ўсцешыўся, калi яна запытала:

‒ Гэта вас Улад паслаў, так?

‒ Так, Эдзiт, ‒ не змог зхлусіць я, ‒ выбачайце, але…І тут я зразумеў што ёй нельга гаварыць пра скарыстаны бюджэт, пра нейкiя нашы чыста расейскiя складанасцi, а трэба… Я заплюшчыў вочы i вырашыў кiнуцца прама ў вiр.

‒ Эдзiт, прабачце. Учора на здымачнай пляцоўцы я паводзiў сябе не самым лепшым чынам. Вы мне падабаецеся… ‒ і тут я міжволі падняў вочы і глянуў на яе аблічча, і ў гэты момант мне падалося, што я чую ўчарашнія, сказаныя ею словы:«Я кахаю цябе, любы...» Гэта было нешта настолькi незвычайнае, ашаламляльнае, быццам з нябёсаў сышла невядомая мне да гэтуль сіла: ударыў гром, і нутро апаліла маланка кахання. ‒ Моцна падабаецеся, ‒ працягваў я, як заварожаны, але ўжо не разумеў сэнсу тых слоў, якія злёталі з маіх вуснаў, не памятаў сцэнарыя. – Проста ў нас не прынята аб гэтым гаварыць пры людзях. Вы разумееце мяне? Мне было вельмі прыемна разам з вамі там у ложку, прабачце…

Яна яшчэ раз ўсмiхнулася, мiла i загадкава:

‒ Гэта я па-вiнна прасiць у вас пра-ба-чэння. Я так дав-но сярод рускiх i не ведаю как себя па-во-дiть. У Парыжы всё по-другому.

Нарэшце я ўздыхнуў з палёгкай, здаецца, яна не крыўдуе за ўчарашняе і не заўважае майго збянтэжанага стану.

‒ Эдзiт, нам трэба часцей сустракацца, блiжэй пазнаёмiцца, вы не супраць?

‒ Сi, так, я не су-праць. Разумееце, Серёжа, я хачу зразумець руская душа.

‒ Вы хочаце паняць рускую душу?

‒ Так, рускія ‒ геніяльны народ. Жівапіс, кіно, літаратура ‒ рускае мастацтва мне вельмі, вельмі па-да-баецца.

Мы пiлi лёгкае французкае вiно i закусвалi мiдыямi, мне было сорамна прызнацца, што я ўпершыню спрабую гэтую экзатычную страву. І, заўважыўшы, як Эдзiт лёгка спраўляецца з запечанымi малюскамi, я пачырванеў:

‒ Вы любiце мора? ‒ запытаўся я, каб хоць неяк згладзiць зноў узнiкшую няёмкасць.

‒ Так, я вырасла на беразе мора. І зараз прыхо-жу да мора ловіть золотая рыбка.

Я быў уражаны:

‒ Вы чыталi Пушкiна?

‒ Как можно по-нять Россію без Пушкіна? ‒ адказала яна ўтрапёна.

‒ Рускія тонка адчуваюць прыроду, я хочу вучыцца ў ніх. ‒ Эдзіт загадкава ўсміхалася, а матылькі яе павек, як быццам выконваючы таямнічы танец, то апускаліся, то лёгка ўспырхвалі ўгару, і тады я сустракаў позірк казачных вішнёвых вачэй мастачкі.

‒ Я люблю вывучаць твары, – прызналася Эдзіт і паказала рукой на сваё аблічча, «твары», я правільно говоріть?. – На вулі-цах вашых гарадоў много заклапочаных і змрочных твараў. Усе некуды спяшаюцца, нечым незадаволены.

‒ Бо ўсе задаволеныя ездзяць на аўтамабiлях, а не ходзяць пешкі, ‒ няўдала пажартаваў я.

Паступова памiж намi наладжвалiся даверлiвыя сяброўскiя адносiны. Эдзiт смяялася распавядала мне аб Францыi, аб тым як яна выбiрае сюжэты сваiх будучых карцiн, як складана перадаць iмпрэсiю на палатне. Яна казала, што карцiна ‒ гэта не проста здымак рэчіснасці, карцiна ‒ гэта цэлы сусвет. Сапраўдны мастацкi твор павiнен перадаваць настрой і iмкненнi аўтара, не пакідаць абыякавым, застаўляць думаць i разважаць. Сёнячы моладзь занадта захапiлася абстракцыянiзмам, дзе нярэдка за знешнiмi формамi губляецца сэнс. «А мне так падабаецца руская класiка», ‒ казала Эдзiт з хваляваннем у голасе, і было вiдаць, што яна сапраўды фанатычна любiць жывапiс.

Цудоўны вечар падыходзiў да завяршэння. Я трымаў маленькiя пальчыкi з намаляванымi перламутравымi пазногцямi ў сваiх, па мужчынску нязграбных, далонях i мне не хацелася яе адпускаць.

‒ Ведаеце, Эдзiт, аб чым я толькi што падумаў, ‒ яна ігрыва матнула галавой i ўсмiхнулася, ‒ я падумаў, што трымаю ў руках залатую рыбку i яна зможа выканаць тры мае жаданнi.  

‒ Тры жаданні, як у Пушкіна?

‒ Так, абяцайце мне, што выканаеце. Па-першае, я хачу пабачыць вашы карцiны, ‒ казаў я, утрапёна гледзячы ёй ў твар.

‒ Хорошо, вы пабачыце, я абяцаю.

‒ Па-другое, я хачу, каб вы не адмаўлялiся здымацца ў нашым фiльме.

Яна спахмурнела, але не адмовiла.

‒ Трэцяе ваша жаданне? ‒ Эдзіт глядзела на мяне з цікаўнасцю, прыкрыўшы павекі і як быццам выпрабоўваючы глыбіню маёй дзёрскасці.

‒ Я хачу паказаць вам сапраўдную раскую прыроду, ‒ сказаў я не адводзячы пагляду.

‒ Путешествіе по Расіі?! ‒ яе вочы бліснулі маланкавым агнём.

‒ Так.

‒ Ну што ж, вы меня заінтрыговать. Як сапраўдная чараўніца, я выканаю вашы жаданні, а зараз я павінна ісчезнуть.

 

4.

Час бег хутка. Праз тыдзень наша праца на здымачнай пляцоўцы была завершана. Улад задаволена пацiснуў мне руку, як старэйшы пiянерскi важаты:

‒ Малайчына, так трымаць, ‒ сказаў ён на развітанне. ‒ Ты гэта, хлопец, глядзі таго, не закахайся. Яны, францужанкі, ведаеш якія, узбаламуцяць воду, а тады шась да Парыжу ‒ і няма.

Атрымаўшы павялiчаны ганарар я з задавальненнем пачаў збiрацца ў адпачынак з Эдзiт. У тым, што гэта будзе дзiвосная рамантычная вандроўка, я не сумняваўся.

Мне снiліся ружовы сны. Аграменная водная прастора, быццам вялiзная ружовая мядуза, ахутвала мяне, песцiла i падкiдвала на лагодных хвалях. Мне было прыемна i лёгка плыць над безданню, адчуваць на сваёй скуры лёгкі незнаёмы дотык яе нярвовых канчаткаў... Ды не, гэта зусiм не вада, і не безформенная мядуза – гэта жанчына з ружовымi валасамi… Я прачынаўся з думкай: «Яна будзе маёй», з гэтай жа думкай я клаўся спаць, і ўсю ноч гэтая надакучлівая думка не пакідала мяне.

‒ Эдзiт сустрэла мяне шчырай дзiцячай усмешкай i напоўнiла салон аўтамабiля, нi з чым не параўнальным, жаночым пахам.

‒ Прывітанне, сябра! ‒ кінула яна на французкі манер. 

‒ Бонжур, мадам! ‒ жартам падхапіў я.

Сучасная сiўка-бурка iрванула з месца i панеслася галопам. Эдзіт шчабятала без перастанку, смяялася закідваюы галаву, а яе ружовыя валасы пранізваў вецер. Мне было добра і радасна на душы. Раз-пораз я паглядваў на яе кiрпаценькi носiк, усміхаўся i яшчэ мацней цiснуў на газ.

У сярэдняй паласе Расii сустракаюцца куточкi прыроды дзiўнай прыгажосцi. На беразе невялiчкага возера раслi магутныя, як абняць, сосны. За шматгадовы прамежак часу са дня іх народзінаў і да сённяшняга дня ля iх падножжа ўтварыўся мяккi насцiл з апаўшай хвоi. Там-сям, на больш асветленых мясцінах, расла папараць i чарнiчнiк. Густая бурштынавая смала сцякала па магутных ствалах, быццам бы сосны-асілкі мiжволi  плакалi, залечвалі свае душэўныя раны. У вершалiнах соснаў зрэдку, як быццам у паўголаса верашчалi птушкi, напэўна ж яны былi заняты сваiмi штодзённымi клопатамi, магчыма, выкомлiвалi запозненых птушанят, ці рыхтаваліся да зімы. Менавіта гэты куток, перапоўнены нейкай першароднай чысцінёй і цнатлівасцю, я абраў, каб здзівіць і ўразіць маю замежную прыгажуню.

Святочная цiшыня i хатні спакой ахутвалi нас з усіх бакоў. Эдзiт прысмiрэла, як быцам пагрузiлася ў сябе, моўчкі ўспрымала наваколле, упітваючы ў сябе ўсе пахі і гукі.

«Як у храме перад вячэрняй, ‒ прыпомніў я дзяцінства. ‒ Такое ўражанне, што зараз пачнуць біць званы». Я заплюшчыў вочы і пачаў чакаць. «Калі зараз я пачую звон, значыць так таму і быць. Эдзіт стане маёй жонкай», ‒ задумаў я патаемнае жаданне. Я лавіў кожны шоргат, кожны гук: шапаценне ветру ў вершалінах дрэў, манатонны перасвіст дразда, шчабятанне сарокі, глухія аддаленыя ўдары дзятла па струхлелым дрэве. Нават, здаецца, я чуў, як тапочуць лапкамі рупліўцы мурашы, прабягаючы ў мяне па далонях і твары... Але бомаў не было. Навокал была ні на што не падобная, цягучая і цёплая лясная ціцыня. Цішыня таксама ўмела гучаць. Канешне ж бомы былі ‒ яны былi ў маёй свядомасці, ў маёй душы ў маім сэрцы. Там ўсё так і звінела ўрачыстым маршам, але з нябёсаў плыла мядовая цішыня.

Эдзiт ляжала на мяккай лясной посцілцы, апусцiўшы павекi і, здаецца, нават не дыхала, настолькі глыбока ўвабрала ў сябе гэтую неруш лесу. Цеплынёй і любоўю была напоўнена ўся яе істота. Гладкая, нібыта адпаліраваная, скура з блакітнымі пульсуюымі пражылачкамі на скронях, тыя ж па дзiцячаму прыпухлыя вусны, якія так моцна мяне ўсхвалявалi тады, ў рэстаране і на здымачнай пляцоўцы. І цяперачы, гледзячы на іх, нейкае мужчынскае, непераможнае пачуццё асляпляла ўсю маю свядомасць. Я не змог стрымацца, каб не пацалаваць яе. І ў гэты момант, калі нашы вусны сустрэліся, мяне апаліла дзікунскае жаданнее авалодаць гэтай жанчынай. Зараз жа, прама тут на лясной дарозе. «Завалодаць сiлай, зламаць супрацiўленне, дабiцца свайго», ‒ як быццам кроў далёкiх продкаў-варвараў, катаваўшых нашу землю, закiпела ў маіх жылах. Эдзiт, здагадалася, быццам дзiкая кошка, ўскочыла на ногі, бліснула вачыма і стала ўцякаць, смеючыся і спрытна хаваючыся за дрэвы. Я разумеў ‒ гэта проста гульня, жаданне перапаўняла нас абодвух. З кожным iмгненнем я хацеў яе ўсё больш i больш. Нарэшце я схапiў яе за руку, моцна прытулiў, усiм целам адчуваючы, як яна трапечацца, як гараць яе вусны, як б’ецца яе сэрца. Яна была прывабнай i жаданай. Я шаптаў самыя ласкавыя, самыя прыемныя словы, але не чуў i не разумеў iхняга сэнсу, я не мог адарваць свой позiрк ад яе стройнай, акругленай, такой не падобнай на маю, жаночай фiгуры. У мяне так моцна кружылася галава ад захаплення, што на нейкi момант я разгубiўся: «Я не змагу», ‒ але тут жа моцная хваля жадання зноў накрыла мяне…

‒ Я кахаю! ‒ усё лiкавала ў ва мне i спявала, i крычала сотнямi рознамоўных галасоў:

           ‒ Я кахаю цябе, Эдзіт! Я кахаю!

5.

На наступны дзень Эдзiт знiкла… Пакiнула толькi невялiчкi шматок паперы: «Прабач». Я адчуў як бяздонная пустэча запоўніла ўсё маё нутро. Мне здавалася, што толькі на момант я зазірнуў у чароўную кнігу жыцця і зразумеў нейкі патаемны сэнс, і тут-жа гэтая кніга зачынілася. Кожная клетачка майго стомленага цела казала мне, любоў ‒ гэта найвялікшая сіла. Быццам вызваленая спружына, якая доўгі час знаходзiлася ў сцiснутым стане, каханне вырвалася вонкі, яно мне муляля і крывавіла душу. Мая свядомасць, маё сэрца, маё цела, патрабавалі гэтага неразумнага пачуцця. Здавалася, што дзеля яе, гэтай нізкарослай кволай жанчыны, я гатоў быў перавярнуць горы, спынiць рэкi i дастаць ўсе зоркi з нябёсаў. Яна мне ўяўлялася найвышэйшым шчасцем, самай прыгожай, прывабнай і жаданай. «Што я буду рабіць без яе?» – ужо каторы раз задаваў я сам сабе адно і тое ж пытанне. І адказам на яго гучала маўчанне дрэў-волатаў.

Праз тыдзень я атрымаў бандэроль. У прыгожай залачонай аправе партрэт: вочы колеру квiтнеючага iльну, цёмныя, амаль чорныя, валасы, чысты адкрыты твар i амаль непрыкметная iранiчная ўсмешка на тонкіх вуснах ‒ гэта я. У сцэнiчным касцюме маладога барчука на фоне сучасных гарацкіх гмахаў. Дзiўнае ўражанне, кожны дзень я глядзеўся на сябе ў люстэрка i не бачыў, а яна разглядзела. Як тонка яна падкрэслiла ўсе рысы майго характару: шырокую раскую натуру, пагардлiвыя адносiны да жыцця, неўтаймаванасць ‒ такiм я быў пакуль не сустрэў яе ‒ Эдзiт. Я, як быццам, зiрнуў на сябе ўчарашняга і схамянуўся.

Пярэднi план карцiны мяне настолькi заваражыў i ўразiў, што я не адразу заўважыў, што на другiм плане, ля высокага мураванага будынку, на цвёрдай неўрадлівай глебе расла невялiчкая ружовая кветачка. Яна хiсталася пад нацiскамi вятроў, яе раз-пораз хацелi стаптаць модныя пантофлі гаражанак, яна гiнула ад безводдзя i пакрывалася халоднаю расою ў прадчуваннi першых сонечных промняў. Але яна жыла. Гэтая кволенькая iстота змагалася. Я ўсё зразумеў. Эдзiт была сапраўднай МАСТАЧКАЙ.

                          Лiя Родная, 2001 год.

bottom of page