top of page

ЦІ ПАЧУЕМ ЦЯБЕ, МОВА БЕЛАРУСКАЯ?

   Па адносінах кожнага чалавека да свае роднае мовы можна з дакладнасцю вызначыць не толькі яго культурны ўзровень, але і яго грамадзянскую каштоўнасць.

                                                                                     К.Г.Паустоўскі

  Якія ж адносіны да роднай мовы склаліся ў нас на Кругляншчыне?

   На вуліцах гарадскога пасёлка рэдка сустрэнеш чалавека, які б размаўляў па-беларуску. А мы? На таго, хто адважыцца ўжываць родную мову ў паўсядзённым жыцці, глядзім як на нейкага дзікуна. Быццам гаворыць ён не на роднай беларускай мове, а на англійскай, ці нямецкай.

   Калі крыху адхіліцца ад тэмы і зазірнуць у гісторыю, то мы можам зразумець, чаму апынулася наша мова ў такім непрыглядным становішчы.

   Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 20-30 гады нашага стагоддзя адзначалася бурнае развіццё беларускамоў’я. Гэта было прадыктавана часам. На пачатку дваццатага стагоддзя нацыянальны рух на Беларусі быў не завершаны. У 1916 годз У.І. Ленін пісаў: «Абуджэнне мас да авалодвання роднай мовай і літаратурай… тут яшчэ адбываецца». Заваяваўшы палітычную свабоду ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі, беларускі народ імкнуўся ў кароткі час вырашыць гэтую задачу.

  Шкада, што ў наступныя гады ленінскі падыход да рашэння нацыянальнамоўнай праблемы ў нашай рэспубліцы не заўсёды захоўваўся. Праблема ўзнікла ў перыяд культа асобы, калі з’явіўся яўны перакос у нацыянальнай палітыцы. Яна працягвала існаваць і ў так называемы, «застойны перыяд», калі неапраўдана ліквідавалася выкладанне на беларускай мове ў школах, педвучылішчах, скарачалася колькасць гадзін на родныя мову і літаратуру, штучна звужалася сфера ўжывання роднай мовы.

  У 1989 годзе, калі я была студэнткай 5-га курса Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, мне прапанавалі падрыхтаваць выступленне на тэму развіцця беларуска-рускага дзвюхмоў’я. Тады ўпершыню мяне зачапіла і ўзрушыла тое становішча, у якім знаходзіцца наша беларускае слова. І хоць гаварылася ў маім выступленні аб адзінай гісторыі беларускага і рускага народаў, аб іх агульных каранях і параўноўваліся нашы мовы з дзвюма роднымі сёстрамі. Аднак насамрэч атрымлівалася так, што на працягу многіх год руская мова была дамінірючай у нашых мясцінах, а наша родная ‒беларуская ‒ так і заставалася на Беларусі нялюбым дзіцем.

   Становішча змянілася ў1991 годзе, калі беларуская мова была прызнана дзяржаўнай і заняла сваё заслужанае высокае месца. У той момант прыняць такое рашэнне было сапраўдным геройствам, бо была наша «родненькая» амаль на тым свеце. Ды ажыла, загучала з новай сілай: і па радыё, і на тэлебачанні. На ёй пачалі размаўляць, спяваць песні, вучыць дзяцей…

Як прыемна зараз пачуць беларускую гаворку ў дзіцячым садку ці школе. А што чакае нас, жыхароў Кругляншчыны, у новым навучальным годзе? Як змяніліся адносіны да ўжывання моў у нашым грамадстве ў сувязі з вынікамі ўсім нам вядомага рэферэндуму?

   Па заданні раённай газеты мной праведзена невялікае сацыялагічнае даследаванне. Выхавальнікам дзіцячых дашкольных устаноў г.п. Круглае было прапанавана адказаць на наступныя пытанні:

  1. На якой мове вы праводзілі заняткі з дзецьмі ў 1994 годзе?

  2. На якой мове вы жадалі б выхоўваць дзяцей у 1995 годзе, калі будзе адменена 10-працэнтная надбаўка беларускамоўным спецыялістам?

  3. Ці падабаецца вам беларуская мова?

  4. Якую мову вы лічыце роднай?

   У апытанні прынялі ўдзел 47 чалавек. З іх у 1994 годзе выкладалі на беларускай мове 40 педагогаў, а ў 1995 годзе (без даплат) выказалі жаданне выхоўваць дзяцей на роднай мове ўсяго 17 чалавек. 26 выкладчыкаў «галасуюць» за рускую мову навучання, чатыры педагогі гатовы праводзіць заняткі як на рускай, так і на беларускай мовах па жаданню бацькоў.

На трэцяе пытанне анкеты атрыманы станоўчы адказ ад 31 выхавальніка, не падабаецца беларуская мова адзінаццаці.

Беларускую мову лічаць роднай 32 удзельніцы апытання, рускую ‒ 9, змешаную руска-беларускую ‒ 5, польскую ‒ 1 чалавек.

    Аб чым гавораць лічбы?

   Па-першае, больш палавіны, прыблізна 68 працэнтаў апытаных лічаць беларускую мову роднай і любяць яе. Па-другое, пад уплывам абыякавых адносін улад, многія выхавальнікі (51%) адмаўляюцца ад выкладання на роднай мове. І ўсё ж, нягледзечы ні на што, не варта забываць, што мы ў першую чаргу ‒ беларусы. Мы маем сваю незалежнасць. А адной з прыкмет незалежнай нацыі з’яўляецца валоданне і карыстанне агульнай мовай. Значыць, каб заставацца незалежнай дзяржавай і мець свой суверынітэт мы павінны вучыць дзяцей размаўляць па-беларуску. Трэба пачынаць з дзяцінства прывіваць любоў да нашай спадчыны, развіваць з маленства пачуццё годнасці і гонару за наш беларускі нород, за сваю гісторыю і мову.

Трэба мець грунтоўную пазіцыю ў гэтым пытанні, каб урэшце і нам было дазволена людзьмі звацца.

   Навучыцца размаўляць на роднай мове, вывучаць і захоўваць культурную спадчыну Беларусі вам дапамогуць у суполцы таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны, якое ўзначальвае ў нашым раёне Святлана Іванаўна Вадап’ян. Тут вы знойдзеце разуменне і падтрымку аматараў і прыхільнікаў беларускай мовы.

   Існуе нават газета гэтага таварыства «Наша слова». За зусім сімвалічную плату (усяго 6 тысяч рублёў у квартал) вы можаце набыць штотыднёвае выданне, цікавае для ўсёй сям’і. У любым выпадку, лічу, беларусы павінны заставацца беларусамі, не праходзіць міма, калі знішчаюць наша кроўнае, адметнае, роднае…

Наталля Ніканчук

 

Круглянская раённая грамадска-палітычная газета «Сельскае жыццё» ад 2 верасня 1995 года.

bottom of page