Усе мы кавалачкі разбітага шкла...
Думка паехаць на маладзёжную канфэрэнцыю ўзнікла неяк сама сабой. Нельга, праўда, сказаць, што гэта была адразу акрэсленая, вырашаная да канца праграма дзеянняў, але Інга адчувала ў сабе такую патрэбу пабачыць усё на свае вочы: і той прыгожы, белакаменны будынак, што так прывабна выглядаў са старонак газеты, і пастыра, што пранікнёна абвяшчаў: «Мы будуем духоўны храм!», і галоунае ‒ ёй хацелася пабачыць моладзь, многа дяўчат і хлопцаў, якія, як і яна, прыедуць на канферэнцыю. Зазірнуць у іхнія вочы і знайсці там адказ на ўсе шматлікія і хвалючыя пытанні.
Інга ‒ звычайная вясковая дзяўчына з вялікімі шэра-блакітнымі вачыма, поўнымі смутку і жальбы. З таго часу, як сышла ў нябыт яе мама, Інга чула ад людзей толькі шкадаванне:
‒ Сірацінка ты наша, кветачка, расцвіла, бы ў гародзе вішанька, а замуж выдаць няма каму. Цяпер моладзь вунь якая ‒ танцы-шманцы, цыгаркі, ці ж гэта ёй патрэбна?
Інгу сапраўды ніколі не вабілі тыя шумныя і вясёлыя кампаніі. Ёй, як натуры вытанчанай, патрэбна было нешта рамантычна-ўзнёслае. Каб душа ажно спявала ад радасці і сэрца ў грудзях трапятала ад захаплення. Менавіта такое адчула яна, калі ўпершыню пераступіла парог дома малітвы і схіліла галаву перад Богам.
Ці верыла яна тады ў яго існаванне? Ці верыць цяпер?
Цяжка адказаць. Вельмі мала часу прайшло, каб разабрацца ва ўсім дасканала. Але адно яна ведала з упэўненасцю ‒ з таго моманту, як яна сустрэлася з Усявышнім, ў яе жыцці адбыліся вялікія перамены. Цяпер яна глядзела на гэты свет як быццам бы іншымі вачыма: усё набывала нейкі патаемны сэнс, усё было мэтазгодна, прадказальна. Тое святло, што перапаўняла яе душу, калі яна слухала словы з Бібліі, здавалася, лілося праз яе, асвятляла ўсё цёмнае, што было навокал. Гэтыя дзівосныя пераўтварэнні не маглі не хваляваць. Інга адчувала ў сабе столькі новай сілы і энергіі, як быццам яна была маленькай пупышкай, што спала ўсю зіму на галінцы дрэва і толькі з надыходам вясны разбухла і пачала распускацца. Ёй ужо было цесна ў старой бліскучай скарлупцы, ёй ужо патрэбна свежае паветра...
І цяпер, менавіта ў гэты момант, калі яе вера яшчэ не пайшла ў рост, не набыла акрэсленых формаў, Інга хацела паехаць на канферэнцыю.
Па ранейшай дамоўленасці ў Мінску на вакзале Інгу павінна была сустракаць стрыечная сястра Зося, якая некалі, у той час, калі мама яшчэ была жывая, прыязджала да іх у вёску пагасцяваць.
Сышоўшы з прыступак цягніка, Інга азірнулася па баках, адшукваючы ў натоўпе сястру. Зося ў белых, шчыльна прылягаючых портках, у кароткай скураной куртачцы стаяла непадалёку, спрабуючы тонкімі доўгімі пальцамі з пафарбаванымі пазногцямі дастаць цыгарэту.
‒ Добры вечар! ‒ першай прывіталася Інга.
‒ Добры, добры!
Яшчэ некалькі хвілін яны стаялі моўчкі, углядваючыся ў знаёмыя з дзяцінства абрысы.
‒ А ты, бачу, папрыгажэла, расцвіла, ‒ ацэньваючы, сказала Зося. ‒ На доўга да нас, у сталіцу?
‒ Ды не, на пару дзён. Я на канферэнцыю.
‒ Ты ?! На канферэнцыю? Цікава!
Размаўляючы такім чынам, яны накіраваліся да станцыі метро. Пакуль чакалі цягніка Інга аглядзелася: «Як тут утульна і прыгожа, дыхаецца лёгка, такое ўражанне, што гэтае невядомае паветранае цячэнне падхопіць цябе, як бязважкую пышынку і панясе. А людзі, якія прывабныя людзі, якое адзенне, прычоскі, ва ўсім адчуваецца вытанчаны густ... Што гэта? Здаецца недзе гучыць музыка...» У гэты момант Інга зірнула на свае старыя стаптаныя басаножкі і ёй стала сорамна, здаецца, яна нават крыху паружавела. Сярод утульнай прыгажосці падземкі дзяўчына пачувавла сябе брыдкім качанём са сваімі вясковымі звычкамі ў старамоднай вопратцы і не надта новым абутку.
‒ Зося ж, наадварот, была сярод натоўпу, што рыба ў вадзе, ‒ весела смяялася, прыпамінаючы выпадкі з дзяцінства:
‒ Як там вёсачка ? Трымаецца пакрысе? А ці расце яшчэ тое дрэва, што мы называлі штабам? А памятаеш, як мы знайшлі ў лесе параненую касулю, а навальніцу памятаеш?
‒ Інга нічога не выкінула са сваёй памяці, і ўсё тое, аб чым запытвала Зося, яна шанавала і берагла як найдаражэйшы скарб. Тады была жывая мама ‒ выходзіла на ганак, каб паклікаць іх, непаслухмяных дзяўчынак-сябровак на снеданне, альбо вячэру. А яны, бывала, цэлымі днямі збіралі кветкі, варочалі сена на заліўным лузе, купаліся і гаварылі, гаварылі. Гаварылі аб усім, выдавалі свае самыя патаемныя думкі і мары. «Мама, мамачка, матуля! Як мне цябе не хапае сённячы! Як можна забыцца на той час?! І як можна аб гэтым гаварыць цяпер, ідучы па падземным пераходзе, калі навокал столькі людзей?» ‒ і таму Інга разгублена моўчкі ўсміхнулася ў адказ.
Зося здымала пакой у двухпакаёвай кватэры з усімі выгодамі. Гаспадыня сустрэла дзяўчат добразычліва:
‒ Заходзьце, заходзьце! Зося казала стрыечная сястра прыедзе, вы з вескі будзеце? Вельмі прыемна. А вы на свята горада, ці як?
‒ Ды не, я па сваіх справах.
‒ Добра, мяне Сцепанідай Іванаўнай завуць, а вас?
‒ Проста Інга.
‒ Будзем знаёмы!
Сцепаніда Іванаўна была вясёлая, гаваркая жанчына, пра якіх у народзе кажуць: «Хлебам не кармі ‒ дай пагаварыць». Хутка яна ведала ўсё, ці амаль усё з таго, што мела расказаць Інга.
‒Ну што, дзяўчаты, вып’ем за знаёмства? ‒ прапанавала гаспадыня.
І ўжо праз паўхвіліны на стале ўзнікла закусь, бутэлька з прыгожай залацістай этыкеткай.
‒ Што вы, цётачка, я не п’ю! ‒ нерашуча вымавіла госця.
‒ Дзівачка, ты хоць пакаштуй! І што тут дрэннага?! Паглядзі: «Італьянскі аператыў!» ‒ пасбрабавала ўмяшацца Зося.
‒ Не, не... Дзякуй!
‒ А мы вып’ем, не дзеля п’янкі, а дзеля падняцця жыццёвага тонусу! ‒ паднялі келіхі мінчанкі.
‒ Дяўчаткі, вы мае прыгажунькі, ‒ раздабрылася Сцепаніда Іванаўна пасла таго, як апаражніла свой келіх, ‒ не ведаеце вы жыцця, не бачылі таго, што бачыла я і перажыла. А ўжо з нейкімі са сваімі прынцыпамі! Вось узяць хоць бы Зосю, люблю яе як сваю дачку, а не апраўдваю! Хіба я не бачу, як яна сваё жыццё глуміць? Колькі хлопцаў заляцалася, а яна ўсё нос верне. Эмансіпацыя, фемі ... фемінізм. Цьфу ты, чорт... Язык зломіш, навыдумляюць жа гэдакіх слоў! Дык пра што гэта я хачу сказаць. Жыве яна сабе на задавальненне і ў вус не дзьме. А каб пра сям`ю падумаць, дзетак завесці. Што ты ‒ лішнія клопаты. Вось як ты, Інга, лічыш, ці можа жанчына вось так адна свой век каратаць?
‒ Я думаю, што можа, але ці варта гэта рабіць? Я веру ў сапраўднае каханне, у сямейнае шчасце. Я хачу стаць маці, і каб у маёй хаце чуўся здаровы дзіцячы смех, ‒ сціпла прамовіла дзяўчына.
-Вось бачыш, Зосечка, чалавек верыць, а ты?
‒ А я веру толькі ў тое, што ўсе мужчыны ілгуны і нахабнікі. Ніводнага годнага на сваім шляху не сустрэла. Усе думаюць, як бы дзяўчыну ашукаць і не ажаніцца, а калі так не атрымліваецца, дык пасля вяселля толькі і шукаюць нагоду, каб жонцы здрадзіць. У наш час каханне ‒ смех ды і толькі, голы разлік ‒ вось што вядзе да шлюбу! Я, калі і выйду замуж, дык па разліку, а пачуцці... ‒ Зося горка ўсміхнулася, ‒ пачуцці свае схавай, сяброўка, далёка-далёка і нікому ніколі не паказвай!
‒ Не кажы «не», пакуль цябе не абміне! ‒ уставіла свой пятак Сцепаніда Іванаўна. ‒ Ну што ж, загаварыліся мы тут, а заўтра ж, напэўна, уставаць вам раненька... Усё добра, калі ўмеру. Хадземце спаць!
На наступны дзень, як толькі Інга расплюшчыла вочы, адразу пачула дробат кропляў у шыбіну.
‒ Вось табе і на! А я нават парасон не захапіла!
Зося, яшчэ зусім сонная, неўцямна прыўзняла галаву з падушкі.
‒ Што здарылася? ‒ убачыўшы, што Інга ў роспачы пазірае ў акно, яна суцяшальна прамовіла:
‒ Не хвалюйся, гэтую праблему мы ўміг вырашым. Дзе ты казала гэта мае адбыцца?
‒ Вуліца Гурскага, 48.
Зося яшчэ нейкі момант моршчыла лоб, прыпамінаючы, потым махнула рукой:
‒ Паедзем на таксі! ‒ і, як быццам апраўдваючыся, дадала: па-першае, ідзе дождж, а па-другое, я не ведаю, дзе гэта знаходзіцца. Усё геніяльнае проста, Інок.
‒ А можа я адна ? ‒ неяк неўпэўнена прапанавала Інга.
‒ Аб гэтым не можа быць і рэчы! Ты ў мяне ў гасцях упершыню, і я павінна паклапаціцца! Тым больш, што сёння свята горада, і могуць перапыніць рух грамацкага транспарту. Адразу пойдзем на тваю канферэнцыю, а пасля я пакажу табе тое-сёе, перакусім. Дарэчы, на свята піва хочаш пайсці? Ці на конкурс прыгажосці «Міс горада Мінска»? Адным словам сумаваць не давядзецца! Сталічнае жыцце вельмі розніцца ад вашага вясковага. Ды ты і сама ўсё ўбачыш!
Паснедаўшы дзяўчаты выйшлі на вуліцу і Зося спрытна «злавіла» прыватніка .
‒ Куды едзем?
‒ Вуліца Гурскага, 48, калі ласка!
Праз некаторы час Зося здзіўлена азіралася па баках:
‒ Дык гэта ж царква!
‒ Так, тут будзе праходзіць канферэнцыя.
‒ І што мы туды пойдзем? ‒ яшчэ больш уразілася Зося .
‒Ты можаш не ісці, ‒ спакойна прамовіла Інга.
Зося паціснула плячыма і, не доўга думаючы, смела рушыла па брукаваным дворыку да ўваходу.
Інга ж, настолькі ўражаная нязвыклымі абставінамі, напружылася бы тая струна, імкнучыся як мага лепей усё ўспрыняць і запомніць.
На ганку група маладых людзей. «Што ж іх яднае? ‒ падумала дзяўчына. ‒ Чым яны так розняцца ад тых, што ў метро? Неяк твары іх занадта бледныя, ці што. Адзенне простае. Паводзяць сябе сціпла, але досыць упэўнена, ды ўсё не тое ‒ ёсць нешта асаблівае ў іхніх позірках, нешта невымоўна-прыгожае ...»
Ізноўку, як і ўчора, яна адчула сябе няўтульна, знаходзячыся сярод гэтых людзей, з той толькі розніцай, што ўсё было наадварот: яе святочная сукенка ‒ падалася занадта параднай, падфарбаваныя вусны ‒ завельмі пунсовымі, і галоўнае ‒ яе сяброўка, Зоська, са сваімі моднымі поглядамі не ўлазіла ну ні ў якія рамкі царкоўнага этыкету.
«Чаму, ну вось чаму са мною заўсёды так? Як быццам я кавалачак ад разбітай талеркі, і куды б я не прыткнулася ‒ ўсё не тое. Дзе маё сапраўднае месца ў гэтым жыцці?» ‒ Інга заклапочана ўздыхнула, думаючы, як сябе паводзіць у новых абставінах. І тады ні ў што не веруючая Зося ўзяла ініцыятыву на сябе: у лічаныя хвіліны яны прайшлі рэгістрацыю і знайшлі свабодныя месцы ў зале.
‒ Калі сказаць праўду, то я ўпершыню ў царкве, тым больш у такой, ‒ шчыра прызналася Зося. ‒ А што, нават цікава! Глядзі: «Моладзь Беларусі ў агні Святога Духа!» Гэта што ‒ назва канфэрэнцыі?
‒ Так, а вось той высокі мужчына ля мікрафона ‒ пастар, ён будзе весці канферэнцыю.
‒ Ну што ж, паглядзім.
Адразу пачалася святочная частка: выступала вакальная група, царкоўны хор, вакальна-інструментальныя ансамблі, ансамбль духавых інструментаў ‒ госці з Пінска. Вядома, рэпертуар быў своеасаблівы. Усе музычныя творы ўсхвалялі Бога і сына яго Ісуса Хрыста. Была яшчэ адна адметнасць сходу, у царкве маглі спяваць усе прысутныя. З гэтай мэтай на спецыяльных прыстасаваннях высвечваліся тэксты песень. Інга некаторыя песні ўжо чула, наведваючы царкву ў сваёй весцы, некаторыя ж былі невядомыя. Здзіўляла і ўражвала да глыбіні душы яе тое, з якім натхненнем і радасцю пяюць гімны хвалы Госпаду вернікі. У гэты момант ёй таксама хацелася ўліцца ў гэты шматгалосы хор, напоўніцца тым невымоўным пачуццём удзячнасці Усявышняму за дар жыцця, папрасіць прабачэння за ўсе свае грахоўныя думкі і справы, узнесціся над будзёнасцю і мітуснёй, і нарэшце адчуць сябе часцінкай агульнага цэлага. Але крылы яе апускаліся, калі яна адчувала, што побач з ёю на суседнім крэсле сядзіць Зоська ‒ сучасная і незалежная, і спрабуе рабіць выгляд, што ёй тут падабаецца. Вядома ж, была б яе воля, яна б тут не затрымалася ні на адну хвіліну. «Яна гэта робіць менавіта дзеля мяне, каб дагадзіць», падумала Інга. Пачуццё вінаватасці перапаўняла дзяўчыну адначасова з пачуццём узнёсласці. Магчыма, ад гэтых унутраных перажыванняў, ці ад таго, што ў зале, дзе сабралася каля трох тысяч чалавек, было мала свежага паветра, але раптам Інга адчула, што ногі яе падкошваюцца і ў вачах робіцца цёмна. Яшчэ хвіліна-другая, і яна б згубіла прытомнасць, павалілася б паміж радоў вернікаў, ды ў гэты момант невядомая сіла падхапіла яе і пацягнула да выхаду. Толькі на вуліцы, ачомаўшыся, Інга зразумела, што гэтай невядомай сілай была Зося.
‒ Ну ты мяне і напалохала! Збялела, што крэйда. Адсаплася? Адышла? А цяпер пайшлі адгэтуль! Канферэнцыя...
Рэстаран Мак-Дональдс зіхацеў чысцінёй і шыкоўнасцю. Стыльная мэбля, прасторны інтэр’ер, абслугоўванне па вышэйшых еўрапейскіх стандартах ‒ усё гэта Інга бачыла, як праз нейкае затуманенае шкло. Цяпер яна ўжо не ведала, чаго хоча, у яе было такое ўражанне, што губляючы прытомнасць, яна згубіла свой жыцёвы арыенцір і не ведае цяперачы, дзе правы бераг, а дзе левы, дзе верх, а дзе ніз, што дабро і што зло. Яна глядзела на Зосю, і ёй ужо не было прыкра, а наадварот падабалася тое, што яна, Зося, можа сябе так свабодна паводзіць. Па ўсім відаць, яна моцна стаіцць на нагах і ёй не страшныя тыя жыццёвыя буры, што віруюць навокал. Інга запытала:
‒ Зоська, вось скажы, ты ‒ шчаслівая?
‒ Шчасце... Не ведаю, але мне здаецца, што шчасце залежыць ад самаго чалавека, ад таго, як ён успрымае рэчаіснасць. Я, напрыклад, адчуваю сябе шчасливай, калі іду па вуліцы, а на мяне азіраюцца сустрэчныя мужчыны, калі мне робяць кампліменты, дораць падарункі, калі са мною шукаюць сустрэчы. Магчыма, шчасце, калі ты можаш вось так, як цяпер, дазволіць сабе паабедаць у рэстаране, альбо пайсці на рынак купіць модную вопратку ‒ для мяне гэта шчасце.
‒ Але ж гэта нейкае прыстасаванне да шчасця, а не само шчасце! Па-твойму, калі ў цябе няма грошай, калі адзенне тваё не такое прыгожае, як хацелася б, калі на цябе не звяртаюць увагі сустрэчныя, то ты і не можаш быць шчаслівай? Але гэта не так. Тыя людзі, якіх мы сёння бачылі ў царкве, іхнія вочы свяціліся шчасцем!
‒ Не ведаю, Інга. Я пра гэта ніколі не думала. Ты ў мяне запытала ‒ я адказала. Мне добра са сваім «шчасцем», а калі табе не падабаецца, што ж зробіш ‒ кожнаму сваё! Ты жывеш у нейкім выдуманым свеце, а жыццё ‒ вось яно! Паглядзі навокал, ці павінны мы сумаваць? Колькі людзей, усмешак, колькі кветак і музыкі. Хіба яны не шчаслівыя?
І сапраўды па галоўнай вуліцы сталіцы цякла шматкаляровая люцкая рака. Адзенне ўсіх колераў і адценняў, ад бледна-ружовага да атрутна-чырвонага, усіх фасонаў і накірункаў моды. Кароценькія скураныя спаднічкі моладзі перамешваліся са святочнымі ўборамі больш пажылога пакалення. Басаножкі на тоўстых гумавых абцасах крочылі поруч са звычайнымі «лодачкамі». Гэта быў вялізарны каляровы калейдаскоп. І так здарылася, што яны ўдзьвох ‒ Зося і Інга ‒ узяўшы накірунак да плошчы Незалежнасці, як быцццам плылі супраць гэтага цячэння. У гэты момант Інга адчула на сабе ўсю тую моц і сілу жыцця, якое па кропельцы сачылася ў іхняй далёкай вёсачцы, што цякло невялічкім ручайком па падземных пераходах Мінскага метро, і цяпер гэтая неўтаймаваная жыццёвая стыхія вырвалася на вуліцы горада і біла хвалямі проста ў твар. Інга адчувала, што губляе грунт пад нагамі, што яе некуды нясе, і яна ўжо не супраціўляецца. Плыве і плыве па цячэнні жыцця. Напэўна, у гэтым натоўпе вясёлых і задаволеных людзей і яна не супраць бы каўтнуць смачнага напою з прыгожай загранічнай бутэлькі і нават закурыць цыгарэту, як гэта робіць Зося. На нейкі момант гэтае вялікае «як усе» перамагло такое маленькае «так нельга».
На наступны дзень электрычка адносіла Інгу ўсё далей і далей ад сталіцы і ад тых душэўных перажыванняў, што так моцна ўстрывожылі душу напярэдадні. Здавалася, яна шукала вырашэння сваіх унутраных праблем, едучы на канферэнцыю, а гэтыя праблемы ніколькі не зменьшыліся, а наадварот набылі гіперпамеры. Электрычка імчала, а чарвяк зайздрасці і незадаволенасці сваім жыццём грыз нутро.
«Чаму іншыя маюць усё, а я нічога? Чаму яны купляюць шыкоўныя футры, аўтамабілі, каштоўнасці, а ў мяне няма нават некалькі тысяч, каб набыць новыя туфлі? Вунь якая Зоська ўся далікатная, шыкоўная, ажно свеціцца... А я, чым горшая за яе?» ‒ думкі круціліся верацяном, наматваючыся і чапляючыся адна за адну. І не было выйсця з гэтага замкнёнага круга. Горыч і крыўда перапаўнялі сэрца. «Кінуць усё, паехаць у горад , жыць як Зоська...»
Інга не памятала, як выйшла з электрычкі, як брала квіток да роднай Гацькаўшчыны, як займала месца ў салоне аўтобуса. І як быццам бы прачнулася, пачуўшы знаёмую гаворку:
‒ Інга, родненькая, а ты куды ездзіла, ці што ? ‒ цікавілася знаёмая сяльчанка.
‒ Так, ездзіла. У сталіцы была.
‒ Ну і што цікавага бачыла?
‒ Ды нічога там, цётачка, цікавага няма. Не жыццё, а натуральны адбор! ‒ Дзяўчыне стала лёгка і радасна на душы, ад гэтых простых слоў, ад спагады. Як быццам з яе зваліўся вялізны непасільны груз і, ўсміхнуўшыся, дадала:
‒ Як добра быць дома!..
1997г.