top of page

ЗАДАЧА ДЗЯРЖАВЫ ‒ ПАДТРЫМАЦЬ ЧАЛАВЕКА

  Твар горада ‒ гэта не толькі будынкі, помнікі,паркі і скверы, твар горада ‒ гэта таксама і людзі, якія ў ім жывуць. Так, наш гарадскі пасёлак цяжка сабе ўявіць без прыкметнага пажылога чалавека, неардынарнай асобы ‒ Шалвы Эраставіча Сахадзе. Хоць родам ён з далёкага грузінскага сяла Мікарумінда, але большую частку свайго жыцця правёў тут, на Кругляншчыне. І яго жыццёвы шлях без перабольшвання можна лічыць подзвігам, бо ніколі не гнулася ягоная спіна перад высокім начальствам. І заўсёды ён меў і адстойваў свой пункт гледжання, як ні цяжка складваліся рэальныя абставіны. Вось і цяпер, нягледзячы на свой пенсіённы ўзрос, ён займае актыўную жыццёвую пазіцыю. І, як кажуць у народе, да ўсяго яму ёсць справа.

  ‒ Ведаючы Вас, Ваш актыўны ўдзел у шанаванні помнікаў і памяці загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне, я не магу не запытацца ‒ вайна, што яна для Вас? Які след пакінула ў Вашым жыцці?

  ‒ Што для мяне вайна? У мяне няма адназначнага адказу ‒ гэта частка майго жыцця. Я прымаў удзел у абароне горада Мінска і Мінскай вобласці, потым недалёка ад вёскі Заазер’е Бялыніцкага раёна быў паранены. Мясцовыя жыхары мяне вылечылі, выхадзілі. І я ім за гэта вельмі ўдзячны. Потым я ўдзельнічаў у партызанскім руху на тэрыторыі Круглянскага раёна.

  У гэтым годзе мы святкавалі вялікую падзею ‒ 50 год з дня Вялікай Перамогі. Маладое пакаленне не ведае, што такое вайна. І задача ветэранаў, удзельнікаў баёў і сведкаў тых злачынстваў, што чынілі нямецка-фашысцкія захопнікі на нашай роднай зямлі, расказаць моладзі аб усіх жахах гэтага гістарычнага перыяду, каб кожны ведаў, што вайна ‒ гэта гібель мільёнаў людзей, гэта велізарныя разбурэнні, гэта голад, гэта слёзы і адчай…

  І толькі дзякуючы нашаму непарушнаму Саюзу ‒ дружбе паміж народамі, гераізму савецкіх людзей, іх баявому і працоўнаму подзвігу мы змаглі перамагчы Гітлера і фашысцкую армію.

  У адзінстве была наша сіла.

  ‒ Не так даўно райвыканкам прыняў рашэнне аб забароне гандлю на прывакзальнай плошчы і перанёс яго на рынак. Ці маеце Вы нейкае дачыненне да прыняцця гэтага рашэння?

  ‒ Маю, савет ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны выходзіў з хадатайствам да раённага выканаўчага камітэта аб пераносе гандлю на базарную плошчу. І тут існуюць важкія падставы: недалёка ад прывакзальнай плошчы, дзе раней адбываўся гандаль, знаходзіцца брацкая магіла, і я лічу, што гандляваць на могілках ‒ гэта кашчунства. Па-другое, на месцы цяперашняй аўтастанцыі раней знаходзілася царква, і пры пахаванні нябожчыкаў людзі заўсёды прыпыняюцца на гэтым святым месцы, каб ачысціць сваю душу, перахрысціцца. А тут… Самі ведаеце што.

  Я наогул лічу, што ва ўсім павінен быць парадак.

  ‒ А як Вы ставіцеся да мясцовых улад? Якія пытанні лічыце першачарговымі для вырашэння ў нашым раёне?

  ‒ Саўчанка Уладзімір Ягоравіч валодае ведамі ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, прамысловасці. У яго шырокі кругагляд і ён можа прадбачыць заўтрашні дзень ‒ гэта якасці сапраўднага кіраўніка.

   Магдалёў Дзмітрый Пятровіч, нядаўна абраны старшынёй раённага Савета ‒ адукаваны, чэсны чалавек, член Партыіі каммуністаў Беларусі, добра сябе зарэкамендаваў на рабоце ў ПМК-92.

   Калі гаварыць аб праблемах раёна, то гэта ў першую чаргу ‒ сельская гаспадарка. Цяпер паўстае пытанне: ці будзе далей існаваць наша сельскагаспадарчая вытворчасць, ці не. Дзяржаве трэба падтрымаць калгасы і саўгасы, аддаць людзям заработную плату.

  Далей, не трэба забываць і аб дапамозе вясковай моладзі, падтрымліваць яе матэрыяльна, каб маладыя людзі маглі набыць спецыяльнасць і пабудавацца, завесці гаспадарку.

  ‒ Шалва Эраставіч, як Вы лічыце, чаго не хапае ў гэты складаны час? Чаму мы жывём з кожным годам усё горш і горш?

  ‒ Я лічу, што нам не хапае ў першую чаргу былога Савецкага Саюза, парушаны сувязі паміж рэспублікамі, а ад гэтага і вынік ‒ няма рэсурсаў, паліва, спыняюцца прамысловыя прадпрыемствы, ліхарадзіць гандаль, людзі губляюць работу…

  ‒ Як вядома, адным з паказчыкаў узроўню жыцця народа з’яўляецца колькасць спажываемых бытавых паслуг на аднаго чалавека ў год. Вы, як былы кіраўнік раённага Дома быту, як сабе ўяўляеце далейшае развіццё службы абслугоўвання насельніцтва?

  ‒ У сваёй працы я аддаваў усе сілы і намаганні, каб задаволіць патрабаванні насельніцтва, каб людзі жылі лепш, каб у кожнай гаспадарцы раёна быў сельскі Дом быту, каб кожны чалавек карыстаўся нашымі паслугамі. Цяпер усё знішчана, пазакрывана, але я не веру, што нейкія кустарныя прадпрыемствы змогуць замяніць тую сістэму, якая існавала раней.

  ‒ Ёсць такая прымаўка: «Калі б маладосць ведала, калі б старасць магла». Што б Вы са сваім багатым жыццёвым вопытам хацелі б пажадаць маладым юнакам і дзяўчатам, якія толькі ўступаюць у самастойнае жыццё? Ад якіх памылак у першую чаргу Вы хацелі б іх засцерагчы?

  ‒ Я хацеў бы адказаць на гэтае пытанне словамі У.І.Леніна: «Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вычыцца!» Толькі высокаадукаваныя, разумныя людзі змогуць навесці парадак у нашым грамадстве. Хачу таксама пажадаць мэтанакіраванасці і нават упартасці ў дасягненні пастаўленай мэты. Лепш прайсці праз цяжкасці і выпрабаванні, чым быць спешчаным лёсам.

Я лічу, што моладзь у нас у сваёй большасці добрая і за ёй будучыня.

  ‒ Вялікае дзякуй, Шалва Эраставіч, за цікавыя і змястоўныя адказы.

 

Інтэрв’ю ўзяла Наталля Ніканчук наш няштатны карэспандэнт.

Круглянская раённая грамадска-палітычная газета «Сельскае жыццё» ад 9 жніўня 1995года.

bottom of page