МУХІ-ШЧАБЯТУХІ
Дзяўчынка Маня сядзела на табурэце і аблізвала
лыжку з-пад варэння. Лыжка была вялікая,
а варэнне салодкае і пахучае. Маня нязграбна
павярнулася і адна вялікая салодкая кропля
паляцела на падлогу...
― Плямс.
Зляцеліся на дармавое дабро мухі і так забзыкалі, крылцы растапырылі, хабаточкі выцягнулі, пачалі выхваляцца адна перад адной:
― А я ўчора на выставу мастака-імпрэсіяніста хадзіла, ― шчабятнула адна, ― усе карціны абгледзела, абседзела і нават на смак запытала...
― Што выстава, я вось напярэдадні ўвесь дзень на мэрсе каталася, на мяккіх скураных крэслах сядзела, марожанае ела з разынкамі, ― бзыкнула другая мушка-задавушка.
― Не, сяброўкі, што не кажыце, зусім не прадзвінутыя вы, – прапішчала трэцяя, ― колькі вас не вучы, колькі ні гавары, а вы ўсе роўна за сваё. На тусоўкі не ходзіце, у свеце не бываеце. А ўчора, між іншым, адкрылі ў нашым горадзе новы дом мадэляў, вось глядзіце якія я сабе чаравічкі цудоўныя адхапіла... Бляск…
― Ды што вы ўсё мельцяшыце, мяльцяшыце... Я вось на днях да самаго Прэзыдэнта на прыём трапіла. У нас там інтэрв’ю бралі, фатаграфавалі з розных бакоў: і так, і гэдак, а потым у вячэрнім выпуску навін паказвалі. Паглядзіце, як я вам? − не утрымалася палітычна падкаваная мушка-дарадца.
― Што Прэзыдэнт, што вашы чаравічкі − а мяне ўчора тэ-ле-пар-ты-ра-ва-лі, ― таямніча прапішчала мушка з залацістым брушкам.
― Теле-пар… што ? ― замаўчалі, і нават перасталі бзыкаць сяброўкі.
― Телепартацыя ― гэта перамяшчэнне ў прасторы без механічнага ўздзеяння, ― ганарліва прапішчала мушка і задрала ўгару свой чорненькі хабаток. ― У навуковай лабараторыі, што тут непадалеку, праводзілі выпрабаванні новага тэлепартацыйнага апарата... А я туды шмых, непрыкметна прыстасавалася да шыльдачкі, прысела ― нават і не заўважыла, як перамясцілася з аднаго канца горада ў другі.
― Фу, знайшла чым здзівіць, ― апамяталася маленькая ўвішная мушка з доўгімі далікатнымі лапкамі. ― Вось я не так даўно з зялёнымі чалавечкамі пасябравала, на іхняй НЛА лётала! Ніякая твая тэлепартацыя нават у параўнанне з гэтым не ідзе. На такім апараце можна і на Марс, і на Юпітэр злётаць ― было б толькі жаданне.
― А я, а я… ― бзыкнула вялікая чорная муха, ― а я ўсе варэнне з’ела.
Пакуль сяброўкі мушкі шчабяталі, таўстуха-муха ўсё варэнне да апошняй кропелькі сабрала.
Наталля Хмялеўская 2008 г.