БОБІК
Аднойчы зімой, пад самы Новы год, мой старэйшы брат Аляксандр прынёс дахаты маленькага шчанюка. Гэта быў звычайны дварняк: неказісты чорненькі сабачка з жоўтымі плямкамі на грудзях і лапках. Мы яго адразу вельмі моцна палюбілі. Асабліва я, бо было мне тады гадоў шэсць-сем, і я ўвесь час марыла аб тым, каб у нас з’явіўся хатні гадаванец.
Сабачка быў нязграбны. Кароценькія, тоўстыя лапкі не вельмі яго слухаліся, і ён раз-пораз перакульваўся на падлозе, спрабуючы падысці да місы. Вельмі любіў цёплае малако і, наогул, да ежы быў не надта патрабавальны. Еў сабачка ўсё, што яму давалі. Калі ж пасля снедання альбо занадта шчыльнай вячэры ён калабком каціўся на сваё месца, мы ад смеху надрывалі жываты.
Бобік, так мы назвалі сабачку, вельмі хутка падрос і стаў сапраўдным дарослым сабакам. Ён быў удзельнікам усіх нашых дзіцячых забаў і гульняў. Мы ніколі не садзілі Бобіка на ланцуг, бо быў ён занадта малы, ды і характар меў на ўздзіў дружалюбны.
Кожны дзень сабачка праводзіў мяне ў школу а ўвечары сустракаў ля парога радасным брэхам. Зімовымі надвячоркамі, калі я з сябрамі ішла катацца на санках з горкі, заўсёды брала Бобіка з сабой. І ўлетку чатырохногі сябар бег за маім блакітным веласіпедам, куды б я ні падалася.
Аднойчы я са сваімі сябрамі аднагодкамі пайшла ў лес па грыбы. Такім дзіцячым гуртам зайшлі мы ў яловы гушчар. Там на старых струхлелых пнях раслі маладзенькія ружовашчокія апенькі. Мы пачалі збіраць грыбы і так захапіліся справай, што не заўважылі, як да нас падышоў лось. Ад нечаканасці мы не маглі скрануцца з месца, як быццам аслупянелі. Здавалася, вось-вось лясны велікан кінецца на нас, пачне праганяць з лесу нежаданых гасцей. Але тут на выручку прыйшоў Бобік. Ён з брэхам кінуўся на велікана, смела перагарадзіў яму дарогу і, як быццам наўмысна, перацягнуў увагу ляснога гаспадара на сябе. Затым Бобік, падаючы голас, пачаў адыходзіць у гушчар. Лось кінуўся даганяць шчанюка, а мы тым часам адышлі на небяспечнае месца.
З таго часу я яшчэ больш стала паважаць і цаніць свайго чатырохногага сябра за яго смеласць і вынаходлівасць.